Сэрцы паяднаў раманс
10:12 / 22.01.2022
Раманс як песенны жанр з’явіўся некалькі стагоддзяў назад і да гэтага часу не страціў папулярнасці. Наадварот, калі ён пачынае гучаць, у глядзельнай зале – няважна, вялікай ці малой – ствараецца асаблівая аўра рамантыкі, узнёсласці, чуллівасці, трапяткога замілавання.
Менавіта такая атмасфера панавала ва ўтульнай зале «Цёплага дома» Смаргонскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вядомая ўжо і на Астравеччыне вакальная група «Крынічанька» арганізавала для людзей залатога ўзросту спатканне з рамансам. І запрасіла ў госці сяброў з нашага ТЦСАН.
Загучалі старадаўнія рускія, цыганскія рамансы, творы вядомых кампазітараў і паэтаў. Вяла канцэрт-сустрэчу вялікая знаўца і цудоўная выканаўца твораў гэтага жанру Раіса Бярняк. Яна расказала гісторыю стварэння некаторых шэдэўраў і прапанавала паслухаць рамансы «Живёт моя отрада» і «Утро туманное», «Крынічанька». Вядомай цыганскай песняй «Милая» і задушэўнай «Клён ты мой опавший» парадаваў Васіль Карпец.
Дзве яркія кветачкі ўпляла ў цудоўны музычны вяночак Людміла Кухарэвіч – гарадскі раманс «Ночь светла» і ўласны – «Салавей».
А што гледачы? Яны былі ў захапленні, кожнага выканаўцу ўзнагароджвалі апладысментамі і воклічамі «Брава!». Заслужана!
Так любімыя рамансы ў чарговы раз паядналі сэрцы сяброў.