Граматы, прэміі, падарункі, песні – так віншавалі лепшых працаўнікоў у саўгасе “Падольскі”

19:58 / 20.11.2021
“Сёння ў нашай хаце свята” – словы гэтай песні сёння гучаць, бадай, у кожнай гаспадарцы, у кожнай вёсцы раёна. Бо прафесійнае свята адзначаюць тыя, дзякуючы каму мы маем хлеб і да хлеба, – работнікі сельскай гаспадаркі. Сёлета яно, праўда, мае гаркаваты “ковідны” прысмак, які не дазволіў сабраць разам лепшых людзей Астравеччыны – таму у госці да іх з узнагародамі і падарункамі завіталі прадстаўнікі раённай улады.

Працаўнікоў РУП “Саўгас “Падольскі” прыехаў павіншаваць намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко.

– Свята гэтае для мяне асаблівае, –сказаў Генадзь Паўлавіч. –Найперш таму, што я нарадзіўся ў Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі – у той час, праўда, ён святкаваўся ў другую нядзелю кастрычніка. І для майго бацькі, калгаснага агранома, гэта быў найлепшы падарунак. З маленства я, у адрозненне ад многіх гараджан, ведаў, адкуль на стале бохан свежага хлеба ды шклянка малака.

Генадзь Паўлавіч расказаў пра сёлетнія вынікі працы работнікаў сельскай гаспадаркі. На жаль, паказчыкі не такія высокія, як хацелася і планавалася, карэктывы ў працу аграрыяў унесла надвор’е – але добрасумленныя працаўнікі палёў і ферм зрабілі ўсё, што ад іх залежыць, каб вырашчаны ўраджай трапіў у засекі, а жывёла зімавала з трывалым запасам кармоў і давала прадукцыю.

– Прыемна, што саўгас “Падольскі” паціху выбіраецца з крызіснага стану, у якім быў яшчэ нядаўна, і яго назва усё часцей мільгае ўпоравень з лепшымі гаспадаркамі раёна – КСУП “Гудагай” і “Гервяты”, – сказаў Генадзь Паўлавіч.

Свае словы ён падмацаваў граматамі і прэміямі.

Так, сярод камбайнераў на нарыхтоўцы кармоў 3 месца ў раёне заняў механізатар Мікалай Іванавіч Капуста. Трэцім па выніках спаборніцтва стала звяно аператараў машыннага даення кароў у даільных залах малочна-таварных комплексаў у складзе Рамуальды Печатоўскай, Аксаны Трыбоцкай і Юліі Гайдукевіч.

Лепшымі па прафесіі названы трактарысты-машыністы Леанід Баран і Віталь Трыбоцкі, вадзіцель Гендрык Аўгуль, токар Аляксандр Мілашанкаў, брыгадзір Яўген Янушкевіч, эканаміст Асана Шостак, галоўны энергетык Юрый Дэнюш, галоўны заатэхнік Галіна Шчамялёва.

Старшыня Рытанскага сельвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Рыгор Цэйка, павіншаваўшы прысутных ад імя раённай прадстаўнічай улады, уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Міраславе Букель.

Бухгалтар Хрысціна Захарэўская атрымала каштоўны падарунак ад РГА “Беларускі саюз жанчын”, трактарыст-машыніст Іосіф Жэгарыс адзначаны дыпломам Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

З прыемнымі сюрпрызамі прыехаў у Падольцы прадстаўнік Ашмянскага сыраробчага завода. Прэміямі перапрацоўчага прадпрыемства адзначаны дырэктар саўгаса Дзяніс Кірпа, малочна-таварны комплекс “Рытань”, яго загадчык Алена Юхна і даярка Святлана Баран.

А добры настрой і пазітыўныя эмоцыі землякам дарылі дарослыя і юныя зорачкі рытанскай эстрады.

З першых вуснаў:

Рыгор Цэйка, старшыня Рытанскага сельвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў.

– Хочацца спадзявацца, што горшыя часы для саўгаса “Падольскі” мінулі. З прыходам на пасаду дырэктара Дзяніса Валер'евіча Кірпы палепшыліся паказчыкі сельгасвытворчасці, а галоўнае – у людзей з’явілася надзея, настрой на працу. І сённяшняе свята – таму пацвярджэнне.

npDQ5W9QrAo.jpg
Vh5-Xu62mh4.jpg
Лепшы эканаміст Аксана Шостак
wr4HxNZFBi8.jpg
Узнагароды атрымліваюць аператары машыннага даення МТК "Падольцы" Рамуальда Печатоўская, Аксана Трыбоцкая, Юлія Гайдукевич
_ugypANe1iU.jpg
DiZZajqhyuQ.jpg
Лепшыя мезанізатары Леанід Баран І Віталь Трыбоцкі
cLd-u6o04NI.jpg
Галоўны энергетык саўгаса Юрый Дэнюш
5ma4XldUDaQ.jpg
Загадчык МТК "Рытань"
vRSlG87C4H8.jpg
Ашмянскі сыраробы завод адзначыў прэміяй дырэктара саўгаса Дзяніса Кірпу
kzRIeWLVemI.jpg
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик