Сцяжынка да школьнага парога Лошскай школы
12:26 / 13.06.2021
Калектыў Лошскай школы з выпускнікамі
Папярэдніцай Лошскай школы была Дайноўская пачатковая школа, адкрытая ў 1940 годзе ў былым маёнтку пана Ундзілы.
Са звестак, змешчаных у кнізе «Памяць. Астравецкі раён», вядома, што ў той час настаўнікам у ёй працавала Марыя Андрэеўна Шабукевіч. З 1944 года загадчыкам была Марыя Арсеньеўна Клімянкова, настаўнікам – Лідзія Міхайлаўна Ларыёнава. У 1947 годзе Дайноўская пачатковая школа стала сямігадовай, дырэктарам яе да 1952-га была Лідзія Міхайлаўна Лянкевіч.
У 1950 годзе пасведчанні аб сямігадовай адукацыі атрымалі першыя выпускнікі І. Лукша, В. Тарашкевіч, С. Тарашкевіч, І. Наймовіч, І. Вянгроўскі, У. Пыж, В. Грамашэўская.
У 1962-м Дайноўская сямігадовая школа стала васьмігадовай. З 1952 па 1964 гады яе ўзначальвалі М.Н. Валуеў, Л.М. Кісялёва, К.І. Пляшкоў, Казакевіч, з 1964-га – І.І. Лазар, з 1979-га – Н.У. Ламека.
У пачатку 80-х у суседняй вёсцы Лошы ўзвялі будынак – туды перасялілася Дайноўская школа і была перайменавана ў Лошскую базавую.
З 1991 года яе дырэктарам працаваў Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі, з 1996-га – Марыя Іванаўна Безляповіч, пазней школу ўзначальвалі Антон Часлававіч Трэйгіс, Валянціна Казіміраўна Анішчук.
У 2004 годзе ў школе займалася 47 вучняў, працавала 12 настаўнікаў.
Падчас працы ў Спондаўскай школе
Расказвае былы дырэктар школы Марыя Іванаўна Безляповіч.
– Родам я са Шчучынскага раёна. Скончыла Вяліка-Мажэйкаўскую васьмігадовую школу, – расказвае былы настаўнік Дайноўскай школы і дырэктар Лошскай Марыя Безляповіч. – Настаўнікам быць не марыла, мяне заўсёды цягнула да лічбаў – збіралася паступаць на бухгалтара ў Навагрудскі каледж.
Толькі педагогі, якія вучылі дзяўчыну, бачылі яе менавіта настаўнікам. І аднойчы класны кіраўнік параіў выпускніцы паступаць у педвучылішча.
– Я з адзнакай скончыла 8 класаў. Тады было такое правіла, што першых 10% абітурыентаў з выдатнымі пасведчаннямі бралі ў педвучылішчы без экзаменаў. Як толькі здала экзамены ў школе, павезла дакументы ў Ваўкавыск, – узгадвае Марыя Іванаўна.
– Гэта былі цудоўныя гады, падчас якіх я зразумела, што сапраўды хачу стаць настаўніцай. Было складана: мноства прадметаў, навучанне ігры на музычных інструментах, спевы ў хоры, але без стараннасці і працы над сабой не станеш сапраўдным настаўнікам, – упэўнена Марыя Безляповіч.
Словы своеасаблівага настаўніцкага гімна «Понимаешь, мама, я – учитель! Видишь: я вхожу, бледнея, в класс. Это мне решили поручить их – сорок душ и восемьдесят глаз…» Марыя Іванаўна помніць і сёння. А самыя дарагія і блізкія святы для яе – першы і апошні званкі.
– Ужо колькі гадоў не працую настаўнікам, але 1 верасня і 30 мая для мяне найвялікшыя святы – сэрца сціскаецца і хочацца плакаць, – гаворыць былы дырэктар. – Муж часам смяецца, а я нічога не магу зрабіць.
На адпрацоўку малады педагог магла паехаць на радзіму, але рашыла паспытаць удачу там, куды накіравалі, – на далёкай Астравеччыне.
– На размеркаванні ў аддзеле адукацыі мне прапанавалі некалькі школ: Дзягенеўскую, Спондаўскую і Даўкшышскую. Я не ведала раёна, таму мне было без розніцы, – усміхаецца Марыя Безляповіч.
І маладую настаўніцу пачатковых класаў накіравалі ў Спонды.
– Калі б я ведала, дзе яны знаходзяцца і што аўтобус туды ходзіць у 5.50 раніцы і 13.20, ні за што не згадзілася б. Палову дня і ноч давялося правесці на аўтавакзале – і толькі раніцай я трапіла ў школу. Сустракаў мяне Тэафілій Баніфацьевіч Міхалькевіч – тагачасны дырэктар школы. Прапанавалі пасаду піянерважатай – згадзілася.
1979 год. Моладзі ў Спондах было нямала, таму дні ў клопатах і справах беглі хутка.
– Пасялілі мяне ў цудоўнай жанчыны Крысціны Браніславаўны Мядзельскай – яна стала для нас, на кватэры жылі ўдзвюх, сапраўднай мамай. Пагаворыць, пра справы распытае, вячэру прыгатуе, малако, саленні, варэнні, марынады, бульбу – усё нам давала, – узгадвае жанчына. – А як цікава і весела мы бавілі час: удзельнічалі ў конкурсах, выступалі не толькі за каманду школы, але і мясцовага калгаса. Добрыя былі гады.
А потым Ніна Уладзіміраўна Ламека, якая была дырэктарам Дайноўскай школы, прапанавала маладому спецыялісту месца настаўніка пачатковых класаў – і ў 1981 годзе пачаўся новы этап жыцця Марыі Іванаўны.
– Па праўдзе кажучы, мне не вельмі хацела выязджаць са Спондаў – настолькі прывыкла да гэтай вёсачкі і яе людзей, – расказвае Марыя Іванаўна.
Дайноўская васьмігодка на той час размяшчалася ў панскім маёнтку, які стаяў на тэрыторыі сённяшняга дзіцячага летніка «Ластаўка».
Сярэднія і старэйшыя класы і настаўніцкая месціліся ў сённяшнім адміністрацыйным будынку лагера, пачатковыя – у тым, дзе яшчэ пару гадоў назад былі харчблок і сталовая.
– У школе было 4 пачатковыя класы, у якіх вучылася 30 дзяцей. Мы хутка знайшлі з імі агульную мову – непаразуменняў не ўзнікала, – узгадвае настаўнік.
– Я на той час паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага педінстытута – вечары даводзілася праводзіць не толькі правяраючы сшыткі вучняў і рыхтуючыся да ўрокаў, але і пішучы свае кантрольныя работы. А моладзі і ў школе, і ў вёсцы было шмат – на танцы клічуць, а мне няма калі.
Праз год Марыя Іванаўна вырашыла вярнуцца на радзіму – з’ездзіла ў Шчучын, схадзіла ў аддзел адукацыі, знайшла месца ў адной са школ горада. Але прыехала ў Дайноўку за рэчамі і працоўнай кніжкай – і перадумала.
– Ніколі не пашкадавала, што засталася на Астравеччыне. Тут я сустрэла свайго Эдуарда, тут нарадзіліся дочкі Наташа і Юля, тут змагла рэалізаваць сябе як настаўнік і як чалавек.
Як Дайноўская школа стала Лошскай
Цэнтрам калгаса «Чырвоная Зара» была суседняя вёска Лоша. Менавіта тут яго тагачасны старшыня Вячаслаў Адахоўскі пачаў будаваць новы адміністрацыйны будынак. А літаральна праз некалькі месяцаў 2 суседнія калгасы – «Чырвоную Зару» і «Шлях Леніна» – аб’ядналі. Вячаслава Адахоўскага перавялі ў Гервяты, а ўзведзены будынак застаўся нікому непатрэбны. І яго вырашылі пераабсталяваць пад школу.
– 1984-1985 навучальны год мы сустракалі ў новым памяшканні ў Лошы, – расказвае Марыя Іванаўна. – Дырэктарам засталася Ніна Уладзіміраўна Ламека. Яна, дарэчы, выкладала хімію і біялогію – добры была настаўнік. Пасля яе амаль 6 гадоў школу ўзначальваў Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі – чулы чалавек і цудоўны спецыяліст, настаўнік фізкультуры, ён выхаваў нямала спартсменаў. А потым кіраўніком стала я.
Хаця, як прызнаецца жанчына, кіраваць яна ніколі не любіла.
– Помню, субота, у хаце работы хоць адбаўляй... У двор заходзяць тагачасны загадчык аддзела адукацыі Уладзімір Алегавіч Булавіцкі і галоўны спецыяліст Ядвіга Браніславаўна Петрык і прапаноўваюць мне ўзначаліць школу. Адмаўлялася, як магла, але давялося згадзіцца. Заўсёды старалася, каб у школе быў мір і спакой, каб дзеці раслі выхаванымі, а ў настаўнікаў не было ніякіх складанасцей. І ў нашым калектыве, прынамсі мне так здаецца, камфортна было ўсім, – расказвае Марыя Іванаўна.
– Многія настаўнікі і сёння плённа працуюць у сістэме адукацыі: Тэрэса Рамуальдаўна Рудзінская і Антон Часлававіч Трэйгіс узначальваюць гарадскія школы, – узгадвае былы дырэктар. – Тэрэса Чаславаўна Ізотава, Марыя Баляславаўна Золатава, Ірына Валер’еўна Трэйгіс, Валерый Леанідавіч Ламека, Ганна Люцыянаўна Спірыдовіч, Леакадзія Станіславаўна Бародка, Аляксандр Іванавіч Пілецкі, Вольга Міхайлаўна Мястоўская і многія іншыя давалі дзецям трывалыя веды. Нам ніколі не было сорамна, калі пасля базавай школы вучні пераходзілі ў сярэднія, – іх адзнакі радавалі і настаўнікаў, і бацькоў.
Акрамя базавай школы ў Лошы быў і дзіцячы садок – ён размяшчаўся ў асобным будынку. З дашкалятамі займалася Ірына Іосіфаўна Баршчэўская.
– Мы рабілі агульную справу: вучылі дзяцей і рыхтавалі іх да дарослага жыцця. Калі прыйшла ў Дайноўскую школу, у ёй вучылася 120 чалавек. Калі пераходзілі ў Лошскую, было дзесьці 90 вучняў. Потым з кожным годам дзяцей станавілася менш.
Праз нейкі час Марыя Іванаўна стала старшынёй Гудагайскага сельсавета, школу ўзначаліў Антон Часлававіч Трэйгіс, праз 2 гады – Валянціна Казіміраўна Анішчук. А ў 2008 годзе было прынята рашэнне аб закрыцці ўстановы – дзяцей сталі падвозіць у Гудагайскую.
– Зразумела, што былое назад не вернеш. Добрая была школа і людзі ў ёй працавалі таленавітыя, адданыя сваёй справе – памяць пра іх жыве сярод нашых вучняў, – упэўнена былы дырэктар. – Іх таксама было шмат – і ўсе выраслі годнымі людзьмі. Андрэй Шалесны, Дзмітрый Граблеўскі, Юрый Багдановіч, Юлія Безляповіч, Жанна Безляповіч, Рэната Безляповіч, Казімір Масальскі, Таццяна Граблеўская… – пералічвае імёны і прозвішчы настаўнік.
Такое не забываецца
Былі ў школы і свае традыцыі. Сярод іх – абавязковае правядзенне выпускных вечарын.
– Пасля 9 класа многія нашы вучні ішлі ў Гудагайскую школу, некаторыя паступалі ў каледжы ці ліцэі. Таму штогод у нас быў выпускны вечар – з урачыстым уручэннем пасведчанняў, – узгадвае былы дырэктар.
Развіваўся і цімураўскі рух: школьнікі дапамагалі адзінокім састарэлым і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Вайцяхоўскаму і Пілецкаму – яны на той час жылі ў мікрараёне Лошскай школы. Бралі дзеці пад апеку і састарэлых жыхароў вёскі.
– Яшчэ адным накірункам нашай дзейнасці ў той час быў догляд за месцам, дзе, па словах старажылаў, падчас вайны немцамі быў расстраляны цыганскі табар. Здарылася гэта непадалёк ад сённяшняга летніка «Ластаўка», – расказвае былы дырэктар. – Гэта месца знайшлі, устанавілі крыж – і даглядалі за ім.
– Наша вёска цесна звязана з лёсам вядомага мастака Льва Дабжынскага – спакон вякоў дзеці, потым да іх далучыліся ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Лоша», даглядалі і за яго магілай, – працягвае Марыя Безляповіч.
Час ад часу Марыя Іванаўна праязджае міма будынка Лошскай школы – і тады пачынаюцца самыя добрыя і шчаслівыя ўспаміны пра навучэнцаў і настаўнікаў.
З першых вуснаў
Антон Часлававіч Трэйгіс, дырэктар сярэдняй школы №2 г. Астраўца:
– У Лошскую школу я прыйшоў у 1994 годзе пасля службы ва Узброеных Сілах. Быў, лічы, маладым спецыялістам – да арміі год адпрацаваў у Гірскай школе. Калектыў быў цудоўны: сплаў вопыта і маладосці. Было ў каго павучыцца: Ганна Люцыянаўна Спірыдовіч, Леакадзія Станіславаўна Бародка, Марыя Іванаўна Безляповіч, Вольга Міхайлаўна Мястоўская і шэраг іншых.
Выкладаў я фізіку і працоўнае навучанне ў хлопчыкаў. Дырэктарам на той час быў Васіль Уладзіміравіч Марцішэўскі – ён падтрымліваў усе ідэі і пачынанні настаўнікаў. Адна з маіх – абсталяванне кабінета тэхнічнай працы для хлопчыкаў. Майстэрні ў школе не было – і мы ўзяліся за яе абсталяванне. Атрымалася нядрэнна.
Маё станаўленне як педагога праходзіла менавіта ў Лошскай школе. А ў 2005 годзе тагачасны начальнік аддзела адукацыі Лілія Уладзіміраўна Янкоўская прапанавала ўзначаліць гэтую ўстанову. Я пастараўся пераняць стыль работы былога дырэктара Марыі Іванаўны Безляповіч – дэмакратычны з індывідуальным падыходам да настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.