Мікалай Бордак расказаў калегам пра Чарнобыльскую аварыю

17:03 / 30.04.2021
Пра ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС калектыву дзіцячага садка №3 расказаў Мікалай Бордак.

IMG_20210427_170251.jpg

Мікалай Міхайлавіч, які доўгі час быў намеснікам начальніка МПМК-158, цяпер працуе ў дзіцячым садку. Калегі ведаюць яго як адказнага і добрасумленнага работніка. А нядаўна даведаліся, што ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У той час сям’я Бордакаў  жыла ў Хойніках, Мікалай Міхайлавіч працаваў начальнікам участка ў ПМК.
«Быў выхадны дзень. Я паехаў у вёску дапамагчы маці. На поўдні віднелася зарава, вецер гнаў па небе вялікія белыя аблокі. Стаяла спякота, бязлітасна паліла сонца. Усе распрануліся. Цела потым гарэла, быццам яго перцам пасыпалі. Вярнуўся ў горад, пайшоў у лазню – а там толькі і гавораць, што пра выбух…
Паступіла каманда: «Сабрацца каля ПМК!» Выезд. Адтуль людзей эвакуіруюць, а мы туды – на работу…
Жонка працавала ў дзіцячым садку. Эвакуіравалі дзяцей: падагналі аўтобусы і ўсіх  вывезлі, бацькі напачатку нават не ведалі, куды. Крык, гам, плач...
Пасля эвакуацыі горад нібы вымер: не чуваць дзіцячага смеху, не відаць жанчын. Толькі людзі ў форме. І БТРы на вуліцах. Жудасна… Выязджалі на 2 дні – а атрымалася, што на ўсё жыццё».
Гэтыя ўспаміны Мікалая Міхайлавіча прымусілі калег іншымі вачыма паглядзець на тое, што здарылася ў Чарнобылі.
Сваю работу па пераадоленні наступстваў ядзернай катастрофы Мікалай Міхайлавіч не лічыць нечым асаблівым, а тым больш подзвігам, кажа, што працаваў, як усе. Але калектыў ім ганарыцца!
«Трэба адказваць за свае дзеянні і ўчынкі» – гэтыя словы Мікалая Бордака прагучалі як наказ маладому пакаленню. 

Ніна КАЛАЕВА, выхавальнік ДУА «Яслі-сад №3 г. Астраўца».


Текст: Главный администратор