Пра гісторыю і сучаснасць раскажуць у музеі Варнянскай школы

08:43 / 20.04.2020
Музей Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы размешчаны ў двух памяшканнях. Частка экспазіцыі знаходзіцца ў кабінеце гісторыі, другая – у фае другога паверху.

Пачынаўся збор экспанатаў музея Варнянскай школы ў 1996  годзе. Тады настаўніца-энтузіястка  Людміла Кухарэвіч стварыла аб'яднанне «Варнянская хатка».

– Менавіта Людміла Іванаўна Кухарэвіч і Валянціна Андрэеўна Боўша пачыналі гэтую справу. Паступова да іх далучыліся астатнія настаўнікі і многія школьнікі, – расказвае сённяшні кіраўнік музея, настаўнік гісторыі Людміла Гродзь. –  Людміла Іванаўна разам з дзецьмі  ездзіла па вёсках і хутарах: Чыжоўшчызна, Чэрнішкі, Варняны… Збіралі ўсё, што людзям было непатрэбна, нешта прыносілі са сваіх дамоў. 

Так агульнымі намаганнямі з’явілася экспазіцыя  музея – на яе базе сталі праводзіць цікавыя сустрэчы са знакамітымі людзьмі, этнаграфічныя мерапрыемствы, акцыі і конкурсы. 

Доўжылася гэта да таго часу, пакуль ва ўстанове  не распачаўся капітальны рамонт. Тады школа атрымала другое жыццё. Новая гісторыі пачалася і ў музея.

Амаль восем гадоў таму музей узначаліла  Людміла Гродзь. Разам са сваімі вучнямі, наведвальнікамі гуртка «Музейная педагогіка», яны праводзяць тыдні музея і музейныя ўрокі, збіраюць экспанаты і ладзяць сустрэчы.

Трэба ведаць – сэрца просіць, –
Як бацькам, дзядам жылося…
Як зямлю смыком аралі, 
Як з сявалкі збожжа зерні
Рассявалі чорнай жменяй…


Гэтымі словамі традыцыйна пачынаецца экскурсія па этнаграфічнай экспазіцыі Варнянскага школьнага музея, якая месціцца на другім паверсе.

17.jpg



– Кожны экспанат нашага музея  мне  дарагі і блізкі па-свойму, але этнаграфічныя рэчы захоўваюць чалавечую энергетыку. Любая з іх – загадка і многае можа расказаць пра свайго гаспадара, – расказвае Людміла Аляксандраўна. – Я з  дзяцінства помню незвычайную шчотку, якой маці часала валасы – яны ў  мамы былі доўгія і прыгожыя. Тата казаў, што шчотку зрабіў сваімі рукамі з конскага воласу. Было гэта дзесьці ў 50-х гадах, але яна і сёння як новенькая. Бярэш такую рэч у рукі – і адразу адчуваеш яе цеплыню.

Усе рэчы з гэтай экспазіцыі, нягледзячы на надпіс «забараняецца браць у рукі», настаўніца дазваляе пакратаць – лічыць, што так перадаецца іх энергетыка.

14.jpg



– Сёння ўсё  гэта ўжо  каштоўнасць. Здаецца,  нядаўна гэтымі прадметамі карысталіся ў вёсках, а паспрабуй знайсці нейкі рарытэт, – гаворыць кіраўнік музея. – Мой тата быў добрым  кавалём – ад яго захавалася шмат рэчаў. Штосьці ўжо знайшло сваё месца ў школьным музеі, іншае пакуль захоўваецца дома.

Сярод каштоўных экспанатаў этнаграфічнай часткі музея – прытух – спецыяльнае прыстасаванне для вырабу сыроў.

– З гэтым экспанатам  мы былі ў Гродне і ў Мінску, загадвалі загадкі на рэспубліканскім конкурсе і адціскалі сыры, – расказвае Людміла Аляксандраўна. – Відаць, што рабіў яго добры майстар па дрэве, а дапамагаў яму каваль – прытух  атрымаўся дабротны і якасны.

У школьны музей прытух перадаў жыхар Фальваркоў Анатоль Сянюць – знайшоў яго на гарышчы дома.

– Аляксандр – аматар старых рэчаў, але ведаў, што я цікаўлюся гісторыяй, таму вырашыў перадаць такі  незвычайны экспанат нам. Сталі разбірацца, што гэта за рэч, і  высветлілі, што яна – адзінкавы экзэмпляр, – узгадвае кіраўнік музея. – З дапамогай гэтага прыстасавання  рабілі сыры, добра адціскалі  іх, каб зрабіць раўнюткім і прыгожым.

Нядаўна настаўніца з вучнямі пабывалі ў краязнаўчым музеі ў Ашмянах, убачылі падобнае прыстасаванне і там, але зрабілі вывад, што варнянскі прытух – лепшы, больш прыгожы, зручны і ладны.

Вучаць у школе… 

Другая экспазіцыя, размешчаная ў фае, прысвечана гісторыі Варнянскай школы.

– Першыя звесткі пра існаванне ў Варнянах школы адносяцца да канца 16 стагоддзя – тады Ян Абрамовіч у сваім маёнку фундаваў кальвініскі збор, а пры ім – шпіталь і школу, у якой атрымлівала веды моладзь шляхецкага паходжання, – расказваюць экскурсаводы. 

Але ёсць і другая версія. Яна, дарэчы, пацверджана дакументальна – і сведчыць   аб існаванні школы пры каталіцкім парафіяльным касцёле, фундатарам якога з’яўляўся Ян Абрамовіч. Дарэчы, у Варнянах у 1836  годзе  (па іншых звестках – у 1846-м) працавала  прыходскае вучылішча, дзе выкладалі закон Божы, рускую і царкоўнаславянскую мовы, чытанне, арыфметыку і царкоўныя спевы. 

– Гісторыя варнянскай школы багатая. Можам мы  пахваліцца сваімі выпускнікамі, якія сталі паважанымі людзьмі, – гаворыць Людміла Аляксандраўна. – Думаю, многім знаёмы імёны Леанарда Тапуця – заслужанага выпрабавальніка ракетна-касмічнай тэхнікі  Расійскай Федэрацыі, Алега Кезлі – док­тара медыцынскіх навук,  Ліліі Навіцкай – першай залатой медалісткі, а сёння галоўнага рэдактара «Гродзенскай праўды» і многіх іншых.

Школьная форма з белым фартушком, партфель першакласніка 60-х гадоў, чарнільніца-«невылівайка», ручкі са стальным пяром, прамакатка… Усе гэтыя рэчы ўжо сталі гісторыяй школы і цяпер расказваюць пра сваіх гаспадароў.

Няма не свеце краю, што  лепшы  за Варняны

– Упершыню Варняны згадваюцца ў 1391 годзе, калі кароль Ягайла ахвяраваў землі новапабудаванаму касцёлу ў Медніках і падпарадкаваў яго касцёлу ў Быстрыцы. У пісьмовых крыніцах за 1397 год Варняны  называліся вёскай караля Ягайлы, – расказвае пра гісторыю варнянскай зямлі Людміла Аляксандраўна. – Некаторыя дакументы сведчаць, што Варняны і навакольныя вёскі ў канцы 14 – першай палове 15 стагоддзяў належалі вялікім князям літоўскім. Кароль Стэфан Баторый частку маёнткаў – менавіта Варняны і Свіраны – за ваенныя заслугі перадаў віленскаму войскаму Яну Абрамовічу.

Пра  гісторыю вёскі і архітэктурнага комплексу, лёс Абрамовічаў і звязаныя з імі легенды расказваюць школьнікі падчас экскурсій. У гэтай частцы экспазіцыі размешчаны герб роду Абрамовічаў, які выразаў з дрэва мастак Алесь  Буйвідовіч.

16.jpg



Ніхто не забыты, нішто не забыта

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням канцэнтрацыйных лагераў, якія жылі і яшчэ жывуць на варнянскай зямлі,  адведзена галоўнае месца ў школьнай экспазіцыі.

11.jpg



– У нашым музеі захоўваецца пісьмо з фронту,  датаванае 1944 годам, – паказвае Людміла Аляксандраўна пажаўцелы ад часу трохкутнік. –  Перадала  ваенную рэліквію ў музей сям’я Копць з Вароны. 

12.jpg



Не меншую каштоўнасць уяўляюць і аўсвайсы.

– Нашы вучні працавалі над даследчай работай  «Пропуск на неба», прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, – дарэчы,  занялі прызавое месца, – дэманструе работу вучняў настаўнік гісторыі.

Ёсць у музеі і тры экзэмпляры лістоўкі «Раздавім фашысцкую гадзіну», датаваныя 1942, 1943, 1944 гадамі, – яны размешчаны ў адкрытым доступе, таму кожны можа пагартаць і падзівіцца карыкатурамі і  гумарам, якія выкарыстоўвала тагачасная прэса.

З гісторыі калгаса

Ёсць сведчанні, што першы калгас на варнянскай зямлі  – імя Варашылава – быў створаны яшчэ да вайны, у  1939 годзе,  на базе  маёнтка пана Камінскага. Першым старшынёй выбралі былога панскага батрака Браніслава Валуевіча. Тэрыторыя першага калгаса займала 200 гектараў ворнай зямлі.

– Пасля вызвалення Астравеччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў калгас аднавілі. Яго старшынёй абралі  Уладзіміра Шыманца, – узгадваюць старонкі гісторыі  калгаса экскурсаводы.

Школьнікі пералічваюць справы і імёны старшынь калгаса: Мікалая Паршонка, Уладзіміра Постраша, Мар’яна Шагуна, Уладзіслава Рука  і іншых, якія не толькі займаліся развіццём сельскай гаспадаркі, але і ўносілі ўклад у развіццё Варнян.

Славутыя імёны Бацькаўшчыны

13.jpg



– Збіраць інфармацыю пра выдатных людзей, якія нарадзіліся, жылі ці працавалі на варнянскай зямлі, пачыналі Людміла Кухарэвіч і Валянціна Боўша. І  мы працягваем гэту справу, – гаворыць Людміла Аляксандраўна.

У музеі можна даведацца пра лёс і дзейнасць беларускага паэта Уладзіслава Сівога-Сівіцкага, больш вядомага як Стары Улас, беларускую і ўкраінскую пісьменніцу і журналістку Лілію Бандарэвіч, паэта Рычарда Бялячыца, пісьменніцу і літаратуразнаўцу Валянціну Коўтан і многіх іншых. Пэўнае месца на стэндах музея адведзена ветэрану педагагічнай працы і паэтцы Людміле Кухарэвіч, дырэктару школы Чаславу Навіцкаму, настаўніцы музычнай школы Святлане Еўтушэнцы.

У будучыні

У планах дырэктара школы – «перасяленне» музея ў новае памяшканне. 

– У мінулым годзе аддзелу адукацыі перададзены былы будынак залы пасяджэнняў, – расказвае дырэктар школы Алена Юркойць. – Пасля падрыхтоўкі праекта ў ім пачнецца рамонт. У будынку  будзе створаны рэсурсны цэнтр, які аб’яднае музейную  гісторыка-краязнаўчую экспазіцыю і  экалагічную частку, якая сёння існуе ў нашай школе. У рамках праекта «Вёска будучыні» ёсць планы па стварэнні ў Варнянах  мемарыяльнай алеі, прысвечанай гісторыі нашага  аграгарадка.  Яна  размесціцца ў парку і будзе расказваць пра старажытнае паселішча і людзей, якія яго будавалі і развівалі. 


ЛІЧБА

287 экспанатаў захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Варнянскай школы. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич