За што астраўчане ўдзячныя камунальнікам

08:49 / 17.03.2020

У чацвёртую нядзелю сакавіка прафесійнае свята адзначаюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У астраўчан і гасцей горада карэспандэнт пацікавіўся, ці даводзілася ім звяртацца ў ЖКГ, як ацэньваюць яе работу і за што падзякавалі б камунальнікам.

Леанарда Якель, пенсіянерка:

– Нядаўна пераафармляла на сына кватэру, давялося паваждацца з дакументамі. Дзякуй дзяўчатам з Астравецкага ЖКГ, што хутка аформілі ўсе паперы.

Падабаецца, што на кожны дом у прыватным сектары Астраўца выдалі па два кантэйнеры – цяпер і мы сарціруем смецце. Яшчэ б адрамантавалі дарогу па вуліцы Ленінскай – і цаны камунальнікам не было б.

Эрыка Гудзінская, вучаніца:

Гудзінская.jpg

– Мы жывём у аграгарадку Гервяты. Наколькі ведаю, бацькі ніводнага разу не звярталіся ў ЖКГ. Адзіная паслуга, якой мы карыстаемся, – вываз смецця. Нараканняў няма: раз у тыдзень яго забірае спецыяльная машына.

Павел Шаўчэнка, трэнер:

Шаўчэнка.jpg

– Камунальнікі рабілі лесвіцу ў падвал у другім пад’езде дома №45 па вуліцы Валадарскага. Якасць гэтай работы, канешне, жадае лепшага: прыступкі зрабілі з цэменту, апалубку не прыбралі. Па адзінкавым выпадку, які я вам прывёў, не магу ў цэлым ахарактарызаваць работу камунальнай службы.

Вікторыя Анімуцкая, спецыяліст:

Анімуцкая.jpg

– Паслугамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі не карысталася – жыву ў Малях. А вось сястры даводзілася выклікаць камунальнікаў – праблему вырашылі хутка.

Аляксандр Ермаловіч, пенсіянер:

Ермаковіч.jpg

– Дрэнна і нязручна, што цяпер тэлефанаванні на кароткі нумар 115 паступаюць у абласны кантакт-цэнтр. А калі ў некага прарвала трубу? Пакуль з Гродна у Астравец перанакіруюць заяўку, паспееш затапіць суседзяў.

А падзякаваць камунальнікам хачу за шыкоўнае навагодняе ўпрыгожанне нашага горада. Малайцы, так трымаць! І са святам!

Галіна Садоўская, пенсіянерка:

Садоўская.jpg

– Хачу падзякаваць камунальнікам за чысціню ў горадзе! Кожны куточак вымецены і вычышчаны – прыемна паглядзець. Пакуль большасць гараджан яшчэ спіць, дворнікі шчыруюць на вуліцах горада ў любое надвор’е. Дзякуй вялікі за вашу нялёгкую працу і за тое, што робіце наш Астравец такім прыгожым і ўтульным.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич