Іўе: маленькі Іерусалім, горад чатырох рэлігій, новы Вавілон, Іўе-дэ Жанэйра…
10:02 / 16.04.2019
Напэўна, не адну мяне цікавіла паходжанне незвычайнай назвы суседняга горада: адкуль яна з’явілася?
У адрозненне ад Астраўца, з назвай якога ўсё проста і двух меркаванняў быць не можа, пра паходжанне тапоніма Іўе шмат версій. Мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы вылучаюць некалькі найбольш, на іх думку, праўдападобных.
Адна з іх сцвярджае, што назва горада пайшла ад зараснікаў івы, якіх шмат на берагах рэчкі Іўянкі, – але ў гэтым можна ўсумніцца: «іва» – слова рускае, і наўрад ці яго ведалі ў тутэйшых мясцінах у 15 стагоддзі, калі быў заснаваны горад.
Другая версія прыпісвае назву горада імю княгіні Евы, жонкі князя Гедыміна: маўляў, ёй так спадабалася гэтае месца, што княгіня загадала пабудаваць тут горад. Трэба сказаць, што гэтую версію, як і саму княгіню Еву, іўеўчане любяць: жанчына ў чырвоных строях стала своеасаблівым брэндам горада: яе выява – на гербе і сцягу, на сувенірных кубках і магнітах, і ўвогуле – пабыць у Іўі і не пазнаёміцца з княгіняй Евай немагчыма. Мяне, праўда, заўсёды цікавіла, адкуль нашчадкі ведаюць, што княгіня насіла такую шыкоўную чырвоную сукенку – але гэта ўжо, як кажуць, тэма зусім іншай размовы…
Хоць жартаўнікі расказваюць, што апошнім часам падарожнікі, якія мала ведаюць беларускую мову, чытаюць указальнік «Іўе» як «Адна у.е.» Ну што, як кажуць, у кожным жарце – ёсць доля жарту…
Адкуль у Беларусі татары?
Гэта бадай што самае папулярнае пытанне, калі людзі даведваюцца, што ў Іўі ўжо шмат стагоддзяў кампактна пражываюць мусульмане.
Калі нехта думае, што татары прыйшлі на беларускія землі заваёўнікамі, ды так і засталіся, то глыбока памыляецца. Яны з’явіліся тут больш як 600 гадоў таму: князь Вітаўт, якога беларускія татары і зараз памінаюць у сваіх малітвах як вялікага заступніка, пасля паходу на Азоў запрасіў умелых воінаў ахоўваць межы Вялікага княства Літоўскага. За падтрымку ў Грундвальскай бітве ён аддаў ім урочышча Мураўшчызна паблізу Іўеўскага замка – там і заснавалася татарская слабада. Яна і сёння вылучаецца ў Іўі зялёнымі дахамі, аканіцамі, веснічкамі – і паўмесяцам, які ўзвышаецца з мінарэта над прыватнай забудовай горада.
Іўеўская мячэць адметная яшчэ і тым, што ніколі, нават у гады ваяўнічага атэізму, не зачынялася.
Так вось усё пераплялося ў Іўі: нацыянальнасці, культуры, гісторыя і сучаснасць. І нездарма яго называюць то малым Іерусалімам, то беларускім Стамбулам, но новым Вавілонам. Ва ўсялякім выпадку, Іўе для беларускіх татар, якія жывуць не толькі ў гэтым горадзе, – своеасаблівая мекка мясцовага значэння…
У Іўі і сёння жывуць амаль паўтысячы татар. І хоць яны даўно тутэйшыя, і многія сем’і даўно перамяшаліся – усё ж татары, трэба аддаць ім належнае, не страцілі на чужыне сваёй нацыянальнай культуры і самабытнасці. Мову забыліся – але выйшлі са становішча: каран перакладалі на беларускую, польскую, рускую мовы – але пісалі арабскімі літарамі. Такія старадаўнія кнігі захоўваюцца ў Іеўскім музеі, які, да слова, – таксама адна з адметнасцей горада. І не толькі дзякуючы сваёй багатай экспазіцыі, а найперш – ззяючым вачам кіраўніка музея. Мне здаецца, гэта галоўнае, чаго не стае пакуль што існуючаму толькі «дэ-юрэ» астравецкаму музею: не памяшкання, не экспанатаў, не канцэпцыі – а кіраўніка, які б душой хварэў за справу. Але зноў жа: гэта тэма зусім іншай размовы…
– Да трох абавязковых рэчаў, якія павінен зрабіць у сваім жыцці мужчына – пасадзіць дрэва, выгадаваць сына, пабудаваць дом, – у Іўі дадаюць і чацвёртую: пабудаваць кватэру ў Мінску на Каменнай горцы, – напаўжартам-напаўсур’ёз расказала нам экскурсавод. – Раней гэта можна было зрабіць за адзін агародны сезон, зараз – ужо за два…
Нават калі гэты жарт мае пад сабою падставу – не варта зайздросціць іўеўскім мужчынам: не такія лёгкія гэта грошы, як нехта лічыць…
Атрымаў яе горад з-за статуі Ісуса Хрыста, што не так даўно, у 2002 годзе, была ўстаноўлена на ўзвышшы каля самай старажытнай іўеўская святыні – касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла, пабудаванага ў 18 стагоддзі. Хрыстос нібы абдымае сваімі распрасцёртымі рукамі горад, бласлаўляе падарожнікаў, што імчаць праз Іўе, – статуя вельмі хутка стала яшчэ адной адметнасцю горада.
Другая, як вы ўжо зразумелі, прысвечана мусульманству.
Трэцяя – праваслаўю: у Іўеўскім раёне дзейнічае сем праваслаўным цэркваў. І хоць галоўная гарадская праваслаўная святыня ўзнікла ў Іўі не так даўно – у 1995 годзе, тут таксама ёсць свае адметнасці, якімі можа ганарыцца не толькі храм, але і ўвесь горад: напрыклад, ікона, што пабывала ў космасе.
А чацвёртая стэла прысвечана іудаізму, хоць сёння ў Іўі яўрэяў практычна не засталося. Але да вайны яны складалі каля трох чвэрцяў жыхароў горада – іх дамы своеасаблівай архітэктуры і сёння стаяць па абодва бакі цэнтральнай вуліцы. Захаваўся нават будынак былой сінагогі – зараз у ім размяшчаецца спартыўная школа.
Цікавая вандроўка па Іўі ў чарговы раз пераканала: нават калі здаецца, што пра нейкую мясціну ты ведаеш усё ці амаль што ўсё – паслухай расповеды разумных людзей, прайдзі па тых вулачках і сцежках, на якіх яшчэ не быў – і даведаешся шмат новага. Праверана на сабе!