Марыя Дрэма стала лепшай па прафесіі

15:58 / 09.11.2010

З 6 па 8 кастрычніка ў Лунінцы праходзіў 25 рэспубліканскі конкурс “Лепшы па прафесіі сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў”. Гонар нашага раёна абараняла прадавец магазіна “Вернісаж” Марыя Дрэма. Сярод 24 удзельнікаў з усёй рэспублікі Марыя заняла 2 месца.


Марыя першы раз удзельнічала ў падобным конкурсе і вельмі хвалявалася. Па словах маладога прадаўца, перамагчы ёй дапамаглі не столькі артыстызм і добрая падрыхтоўка да конкурсу, колькі веданне ўсіх тонкасцяў прафесіі.
У першы дзень удзельнікаў конкурсу чакала некалькі выпрабаванняў. Спачатку кожны канкурсант павінен быў арыгінальна прадставіцца, другім этапам была ролевая гульня з журы, якое задавала каверзныя пытанні па тэрміналогіі. Апошнім білетам першага дня для прадаўцоў стала рэклама тавару, напрыклад, добра сябе зарэкамендавала парфюмерия. Марыя атрымала заданне прарэкламаваць слонімскі тэкстыль.
Другі дзень быў не менш напружаным для канкурсантаў: падрыхтоўка працоўнага месца, выкладка тавару, абслугоўванне пакупнікоў, работа на касе. Журы звяртала ўвагу на граматнасць мовы прадаўца, веданне тавару, хуткасць і правільнасць абслугоўвання.
Марыя Дрэма прадэманстравала сапраўдны прафесіяналізм і ў выніку ўзнялася на другую прыступку п’едэстала гонару. Дамоў яна прывезла не толькі дыплом і добры настрой, а яшчэ і каштоўны падарунак – кухонны камбайн.


Вольга ШОЎКУН.