Не запутайтесь в "мировой сети"

1

Ён уварваўся ў нашае жыццё хутка і імкліва. Ён змяніў нашае светаадчуванне і светаўспрыманне. З яго дапамогай мы адкрываем новыя магчымасці і непрыкметна, але з задавальненнем марнуем свой вольны час. Ён з кожным днём усё больш і больш адрывае нас ад рэальнасці і зацягвае ў сваё віртуальнае “царства”. Ён своеасаблівы “бог” ХХІ стагоддзя.
Яго Вялікасць інтэрнэт.


Паслужліва адкрываецца галоўная старонка. Навіны, фатаграфіі, прапановы. Ты ўводзіш у пошукавіку патрэбнае слова і націскаеш «Знайсці». У стройныя рады выбудоўваюцца спасылкі. Ты выбіраеш патрэбную і зноў клікаеш мышкай.
Вось яна, віртуальнасць. Ты заходзіш на сайт і глядзіш на людзей, жыццё якіх пачынаецца з кнопкі «Пуск» на сістэмным блоку. Што гэта? Свет, які яны прыдумалі сабе самі? Чым ён лепшы за сучаснасць? Напэўна, тым, што тут можна быць тым, кім хочаш, і рабіць тое, што жадаеш. Тваё мінулае ідэальнае: ты яго прыдумаў сам. Ты лёгка можаш “перапісаць лёс” спачатку. Твой інтэрнэт – гэта дзівосны замак, чароўнае царства, у якім лёгка схавацца ад рэальнасці. Тут утульней.
Людзі адкрываюць рамачкі і пішуць паведамленні. Шмат паведамленняў, у якіх – неверагодныя прыгоды, інтрыгі, подзвігі, любоўныя перажыванні. Вось яно, паўнацэннае жыццё: з сябрамі, размовамі, сакрэтамі! “І ці варта штосьці змяняць?” – так, напэўна, думаюць многія з тых, каму віртуальная павуціна замяніла ўсё і ўсіх.
Безумоўна, значэнне інтэрнэту ў нашым імклівым і часам вар’яцкім рытме жыцця цяжка пераацаніць. Хуткасць перадачы інфармацыі з адной кропкі планеты ў іншую дае магчымасць пазнаваць навіны амаль імгненна. Мы забыліся, калі даставалі з паліцы слоўнік, энцыклапедыю або кнігу мастацкай літаратуры, бо на любое пытанне можна знайсці адказ у інтэрнэце. Міждзяржаўныя межы, непераадольныя без пашпартоў і віз, становяцца ў інтэрнэце абсалютна празрыстымі. Віртуальныя экскурсіі па любой краіне даюць нам магчымасць пабываць у такіх кутках, куды мы ніколі і не патрапім.
У сістэме адукацыі інтэрнэт адкрыў моладзі нябачаныя дагэтуль магчымасці. Можна завочна паступіць у адукацыйную ўстанову, прайсці курс навучання і атрымаць дыплом. Рыхтуючыся да заняткаў, школьнікі часта звяртаюцца да вучэбных матэрыялаў, шчодра выкладзеных у сетцы, што значна спрашчае працэс выканання дамашніх заданняў, напісання сачыненняў і чытання аб’ёмных праграмных твораў.
Знаёмствы ў інтэрнэце – гэта асобная «песня». Наўрад ці знойдзецца чалавек, які рэгулярна наведвае сацыяльныя сеткі і які не завёў якіх-небудзь “сяброў” як у родным горадзе, так і за межамі сваёй краіны. Хутчэй за ўсё мы не ведаем гэтых людзей у твар, хіба што па фота, але затое нам вядома, што ў кагосьці з іх другі месяц хварэе кот, сусед задумаў рамонт і не дае спаць раніцай у нядзелю, а сын адмовіўся наведваць рэпетытара па матэматыцы. Завесці сям'ю пры дапамозе такіх знаёмстваў стала справай звыклай, і нікога ўжо не здзіўляе.
Нельга не сказаць пра тыя магчымасці, якія адкрыў інтэрнэт па пошуку працы. У імгненне вока рэзюмэ распаўсюджваецца па базах кадравых агенцтваў, і літаральна праз некалькі дзён ты ўжо ідзеш на субяседаванне. Некаторыя “актывісты” ўмудраюцца зарабляць немалыя грошы проста ў сеціве.
А як інтэрнэт аблегчыў паходы па магазінах і разам з тым сэканоміў наш час!
На розных сайтах заказваюць прадукты, тэхніку, кнігі, пуцёўкі, квіткі на канцэрт попзоркі. Аплачваюць розныя паслугі, вядуць банкаўскія рахункі (асобныя смельчакі навучыліся з гэтых рахункаў здымаць грошы, а адпаведныя органы там жа, у сетцы, іх адлоўліваць).
Кнігі, навіны, работа, пакупкі, знаёмствы і нават каханне – усё гэта цяпер “жыве” ў інтэрнэце. Ці карысна гэта? Карысна. Зручна. І разам з тым – шкодна. Мы перастаём чытаць, а значыць, і думаць. Мы становімся спажыўцамі. Навошта школьніку рабіць “дамашку”, калі можна “загугліць” заданне і праз імгненне атрымаць рашэнне? Навошта чытаць “Вайну і мір”, калі можна знайсці кароткі змест на сучасны лад? Навошта сустракацца з сябрамі, калі можна спісацца ў сацыяльных сетках? Навошта знаёміцца, хадзіць на рамантычныя спатканні, шукаць каханне ўсяго свайго жыцця, калі ёсць інтэрнэт? А вам, паважаныя “інтэрнэтчыкі”, не здаецца, што з узнікненнем сусветнай павуціны мы толькі і ўмеем ставіць пытанні. А адказы нам знойдзе “Google” ці “Яндекс”. Мы такія добрыя, вясёлыя і камунікабельныя ў “ВКонтакте”, “Одноклассниках”, “Facebook”, а пры рэальнай сустрэчы можам і не павітацца, і двух слоў не звяжам…
З упэўненасцю можна сказаць толькі адно: інтэрнэт змяніў наша жыццё. У які бок? Кожны вызначыць сам для сябе. Але помніце, што прыйдзе час, і вы ўбачыце, што сядзіце ў адзіноце насупраць камп’ютара, прыкаваныя да яго “ланцугамі”. А побач – кубак з халоднай кавай. І больш нічога.


----------------------------
Вольга ГРЫНЦЭВІЧ.


Фота з сайта 3.bp.blogspot.com.