Навучыць, дапамагчы, падтрымаць – асноўныя крытэрыі дзейнасці карэкцыйнага цэнтра
Карэкцыйны цэнтр… Гэтыя словы большасці насельніцтва нашага раёна не гавораць амаль нічога. Але ёсць сем’і, якія разумеюць, што толькі дзякуючы цэнтру іх дзеці могуць сустракацца з іншымі равеснікамі, знаёміцца, сябраваць, вучыцца і адчуваць сябе звычайнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.
Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Астраўцы быў створаны ў 2003 годзе. Тады яго ўзначаліла Ганна Іосіфаўна Ціток, якая кіруе работай цэнтра і цяпер.
Сёння мы завіталі ў госці ў гэтую адукацыйную ўстанову і папрасілі Ганну Іосіфаўну расказаць пра яго работу.
– Спачатку давайце пазнаёмімся. Раскажыце пра ваш калектыў.
– Ён невялікі. Разам са мной у цэнтры працуюць шэсць педагогаў: псіхолаг Наталля Валер’еўна Блахіна, настаўніца Аляксандра Мечыславаўна Мілаш, дэфектолаг Аксана Іванаўна Шафранская, сацыяльны педагог Аксана Вікенцьеўна Кузьміцкая і выхавальніца Ніна Іванаўна Козіч. Педагогі вопытныя, адданыя сваёй справе, большасць у цэнтры – з моманту яго адкрыцця.
– Чым займаецца ваш цэнтр?
– Асноўная задача нашай адукацыйнай установы – навучанне дзяцей з цяжкімі шматлікімі парушэннямі развіцця. Менавіта для іх у цэнтры арганізаваны адукацыйны працэс. Але наша задача – не толькі даць дзецям веды, хаця і гэта вельмі важна, але прывіць ім навыкі жыццядзейнасці, навучыць жыць у грамадстве і камфортна сябе адчуваць сярод здаровых людзей.
– Хто вашы падапечныя?
– Мы працуем з некалькімі катэгорыямі. Усяго ў карэкцыйным цэнтры атрымліваюць дапамогу 19 дзяцей, з іх дзевяць – інваліды. Чацвёрты год у раёне працуе вучэбны клас нашай установы. Раней ён размяшчаўся на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 г.п. Астравец, сёлета пераехаў у Мальскі дзіцячы сад-базавую школу. Цяпер у ім навучаецца 5 дзетак.
Да абеду ўрокі з дзецьмі праводзіць педагог Аляксандра Мечыславаўна Мілаш, пасля абеду з імі займаецца выхавальніца Ніна Іванаўна Козіч.
Два гады назад на базе цэнтра працавала дашкольная група. Сёлета адкрыць яе не атрымалася – дзяцей дашкольнага ўзросту, якім рэкамендавана навучанне ў карэкцыйным цэнтры, толькі двое. А для адкрыцця групы трэба не менш, чым шэсць дашкольнікаў.
Яшчэ адна катэгорыя, з якой мы працуем, – гэта дзеці, прыкаваныя хваробай да ложка. Ім дапамога аказваецца на даму. Такіх дзяцей у нас трое. Кожны тыдзень да іх прыязджаюць нашы супрацоўнікі – псіхолаг, дэфектолаг, сацыяльны педагог.
Яшчэ адным з накірункаў з”яўляецца аказанне ранняй дапамогі дзецям да трох гадоў. Тут мы цесна супрацоўнічаем з дзіцячай кансультацыяй цэнтральнай раённай бальніцы. І калі ў развіцці дзіцяці ёсць праблемы, аказваем кансультацыі бацькам і неабходную дапамогу дзецям. Такіх дзетак у нас пяцёра. Хаця часта бацькі і бабулі-дзядулі самі звяртаюцца ў цэнтр за дапамогай – і атрымліваюць яе.
Работа карэкцыйнага цэнтра не зводзіцца толькі да аказання адукацыйных паслуг. Важны накірунак – дыягнастычная дзейнасць, а гэта вялікі пласт. На базе цэнтра працуе псіхолага-медыка-педагагічная камісія. Асноўная яе функцыя – вызначэнне адукацыйнага маршруту. Па выніках абследавання ў аддзел адукацыі прадастаўляецца інфармацыя аб выяўленых дзецях з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, даюцца прапановы па камплектаванні сеткі спецыяльнай адукацыі на навучальны год.
– Вы працуеце толькі з дзецьмі?
– Канешне, не! Працуем мы і з іх бацькамі. З адкрыццём карэкцыйнага цэнтра пачала дзейнічаць школа для бацькоў дзяцей-інвалідаў. З часам школа “перарасла” ў клуб “Надзея”. Яго ўдзельнікамі сталі бацькі, якія ўваходзяць у праект “Цяпло сэрцаў – дзецям”, што рэалізуецца пры падтрымцы Пасольства Фінляндыі ў Літоўскай Рэспубліцы, і арганізатарам якога з’яўляецца раённая арганізацыя “Чырвонага крыжа” на чале з Вольгай Іосіфаўнай Руднік.
Бацькі збіраюцца разам, каб вырашыць нейкія надзённыя праблемы. Напрыклад, апошняе з пасяджэнняў бацькоўскага клуба прайшло па вельмі важнай тэме: “Сацыяльна-прававыя гарантыі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў”. Перад бацькамі выступілі начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.Э. Сянюць, дзяржаўны натарыус Т.І. Багушэвіч, вядучы спецыяліст па прызначэнні дзяржаўнай адраснай дапамогі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай дапамозе А.У. Пятровіч. У бацькоў узнікла шмат пытанняў па тэмах выступленняў – і большасць з іх адразу ж атрымалася вырашыць. Многія пасля сустрэчы са спецыялістамі звярнуліся за атрыманнем сацыяльнай адраснай дапамогі – і яна была ім прызначана.
Карэкцыйны цэнтр цесна супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вельмі добра, што там адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Цяпер ім ёсць дзе праводзіць час, сустракацца са сваімі аднагодкамі. Вось і сёлета два нашыя “выпускнікі” прадаўжаюць адаптацыю на базе тэрытарыяльнага цэнтра пад кіраўніцтвам Ірыны Ігараўны Стэх. Але большасць з іх маюць медыцынскія супрацьпаказанні да знаходжання ў аддзяленні. Тады спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра ажыццяўляюць сацыяльны патранат такіх сем’яў.
Нашы спецыялісты аказваюць неабходную дапамогу педагогам-дэфектолагам, якія працуюць у школах і дзіцячых садках. Сёлета ва ўстановах адукацыі дзейнічае 38 класаў інтэграванага навучання і выхавання, адкрыта 13 пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, адна спецыяльная і тры інтэграваныя групы. Для педагогаў праводзяцца семінары і метадычныя аб’яднанні. У мінулым годзе мы арганізавалі раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод настаўнікаў-дэфектолагаў. Дапамога аказваецца і педагогам-псіхолагам, і настаўнікам-прадметнікам, якія працуюць у класах інтэграванага навучання.
На базе карэкцыйнага цэнтра працуе бібліятэка, якая забяспечвае педагогаў раёна неабходнымі падручнікамі і метадычнай літаратурай па спецыяльнай адукацыі.
– Якія праблемы вас найбольш турбуюць?
Наша дапамога была б больш эфектыўнай, каб і клас, і спецыялісты размяшчаліся ў адным будынку, дзе былі б створаны ўмовы і для нашай работы, і для навучання дзяцей.
Вельмі актуальным з’яўляецца стварэнне безбар’ернага асяроддзя: каля кожнага будынка павінны быць устаноўлены пандусы, а пакоі абсталяваны поручнямі, каб інваліды – і дзеці, і дарослыя – маглі трапіць у любую ўстанову, не заставаліся замураванымі ў чатырох сценах свайго дома ці кватэры. У гэтым накірунку ўжо шмат зроблена, але, на жаль, не ўсё.
Важна таксама стварэнне кабінета ранняй дапамогі для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, а таксама набыццё спецыяльнай мэблі. Шмат матэрыяльных сродкаў патрабуецца для абсталявання сэнсарнага пакоя для рэлаксацыі дзяцей-інвалідаў, набыцця рэабілітацыйнага абсталявання.
– Хто вам дапамагае спраўляцца з праблемамі?
– Усе, да каго мы звяртаемся, стараюцца хоць нечым нам дапамагчы. У рамках сумеснага праекта з “Чырвоным крыжам” пры падтрымцы яе старшыні Вольгі Іосіфаўны Руднік бацькам аказваецца гуманітарная дапамога ў выглядзе гігіенічных набораў.
Не адварочваюцца ад нас арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Нядаўна Прадпрыемства меліяратыўных сетак падарыла нашаму цэнтру мікрахвалёвую печ, МПМК-158 дапамагло з рамонтам сцяны ў адным з кабінетаў, а Астравецкі лясгас падарыў паліцу-стэлаж для цацак.
Падтрымліваюць і прыватныя прадпрымальнікі. Прынамсі, яны з’яўляюцца пастаяннымі спонсарамі падарункаў дзецям да Дня інвалідаў.
Дапамогу і падтрымку нам заўсёды аказвае айцец Георгій Савіцкі. Ён сустракаецца і з дзецьмі, і з бацькамі. Сёлета ў рамках акцыі “Анёл у тваім сэрцы” праваслаўная епархія выдзеліла два мільёны рублёў, на якія 11 дзецям-інвалідам і маладым інвалідам мы купілі памперсы і гігіенічныя сродкі. Айцец Георгій разам з намі наведаў гэтыя сем’і, пагутарыў з дзецьмі і іх бацькамі… А гэта надае бацькам сілы, дорыць ім надзею.
– Дарэчы, пра дабрачынную акцыю “Анёл у тваім сэрцы”. Хацелася б даведацца, якую суму ўдалося сабраць і на што яна затрачана?
– Па-першае, хацелася б выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто адгукнуўся і прыняў удзел у дабрачыннай справе. Дзякуючы добрым сэрцам кіраўнікоў прадпрыемстваў і іх супрацоўнікам было сабрана 5 мільёнаў 290 тысяч беларускіх рублёў. Адгукнуліся на нашу просьбу сельгаскааператывы “Гервяты”, “Варняны”, “Міхалішкі”, “Гудагай”, імя Гашкевіча, РУП “Саўгас “Падольскі”, РГА “Белая Русь”, “АнастасіяБуд”, “Петрык і кампанія”. За гэтыя сродкі мы змаглі набыць мяккія модулі, дзіцячыя трэнажоры, спартыўны інвентар і развіваючыя гульні для дзяцей.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам у такой нялёгкай, але карыснай і патрэбнай справе.
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.