На сувязі – пракурор Астравецкага раёна

На мінулым тыдні адбылася “Прамая лінія” з пракурорам Астравецкага раёна Аляксандрам Іосіфавічам Марцінчыкам, на якой кожны жадаючы мог задаць хвалюючае пытанне і атрымаць кампетэнтны адказ.


–Мяркую, што ў людзей заўсёды знойдзецца якое-небудзь пытанне да пракурора раёна і вам даводзіцца амаль кожны дзень праводзіць своеасаблівыя “Прамыя лініі”. Ці я памыляюся?
–Гэта сапраўды так. Дні, калі да нас ніхто не звяртаецца, бываюць рэдка. Людзі тэлефануюць, а часцей – прыходзяць са сваімі праблемамі. Вось, напрыклад, учора прыходзіў мужчына наконт правільнага выканання правілаў захоўвання паляўнічага ружжа. Пытанне заключалася ў наступным: дзе патрэбна захоўваць зброю – па месцы жыхарства ці па месцы рэгістрацыі? Пытанне, канешне, рытарычнае, бо тут ёсць свае нюансы. Аднак усё ж такі зброю трэба трымаць у спецыяльна абсталяваным сейфе ў доме ці кватэры па месцы жыхарства.
Сёння прыходзіла дзяўчына і цікавілася аб адказнасці паручыцеля за невяртанне крэдыту. З падобнымі пытаннямі звяртаюцца часта. Праўда, больш актуальныя яны для банкаўскіх работнікаў. Матэрыяльная адказнасць ускладвацца як на крэдытаатрымальніка, так і на паручыцеляў. І ў выпадку нявыплаты крэдыту першым яго выплачвае паручыцель. А пасля ў працэсе рэгрэсу спаганяецца гэтая сума з крэдытаатрымальніка. Калі ж яны паміж сабой не змогуць дамовіцца, трэба доўга не чакаць, а звяртацца ў суд – і ўжо праз судовы разбор вяртаць грошы.


–Звяртаюся да вас па параду наконт наступнай праблемы. Першага красавіка мы заключылі дагавор на ўстаноўку шклопакетаў, заплацілі пэўную суму. Прайшоў час, а фірма не выконвае дагаворныя абавязацельствы. Што рабіць у такім выпадку?
–Вам трэба пісьмова звярнуцца да кіраўніка фірмы ці прадпрыемства, з якім заключалі дагавор, і дачакацца адказу. А ўжо зыходзячы з яго, вырашыць, што рабіць – звяртацца ў суд ці іншы кантралюючы орган для прыняцця мер.
З падобнымі пытаннямі – невыкананне дагаворных абавязацельстваў – таксама нярэдка звяртаюцца ў пракуратуру. Як правіла, больш часта – у адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў.



–А з якімі пытаннямі людзі звяртаюцца ў пракуратуру часцей за ўсё?
–Штосьці вылучыць цяжкавата. Шмат людзей прыходзяць з пытаннямі аб спадчыне маёмасці. Праўда, гэта ў большай ступені тычыцца натарыяльнай канторы, аднак мы таксама даём кансультацыі. Трэба адзначыць, што падобныя справы – адны з самых складаных у судзе. Бо тут ёсць нямала абставін і сітуацый, якія не рэгулююцца законам. І перш за ўсё – гэта адносіны паміж роднымі людзьмі. Напрыклад, дастаўся ў спадчыну дом некалькім наследнікам. А як падзяліць дом: вось тут мае квадраты ўласнасці, тут – твае, а той куточак – яшчэ чыйсьці? І пачынаецца высвятленне адносін, выліванне бруду і абвінавачвання родных людзей. Усё гэта складана і непрыемна. Таму ў падобных справах ідэальны варыянт – калі наследнікі паміж сабой дамаўляюцца.
Звяртаюцца таксама грамадзяне з пытаннямі аб выкананні працоўнага заканадаўства – напрыклад, абгрунтаванне звальнення, прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці. Ёсць выпадкі аспрэчвання прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Паўтаруся: вылучыць штосьці асобна немагчыма. Словам, работы ў нас хапае.
–Ці былі ў гэтым годзе якія-небудзь “гучныя” справы?
–На жаль, сёлета зноў пайшлі крадзяжы ў магазінах райспажыўтаварыства. Спачатку абакралі магазін у Смілгах, затым – у Карвэлях. Злодзей ужо затрыманы. Як правіла, усё адбывалася амаль па аднолькавым сцэнарыі: спачатку злачынцы выпівалі, затым спіртное заканчвалася, грошай не было, а “на вэксаль” прадавец не прадала. У выніку яны вырашалі здабываць выпіўку і закуску незаконным шляхам.


–Добры дзень! Я пражываю ў доме, які знаходзіцца на балансе сельгаскааператыва. Ужо 25 гадоў у ім не было капітальнага рамонту. Куды мне звярнуцца, каб яго нарэшце зрабілі?
–Калі дом знаходзіцца на балансе СВК і прайшло шмат гадоў, яны проста абавязаны зрабіць капрамонт. Напішыце заяву на імя старшыні СВК. Дачакайцеся адказу, а калі не атрымаеце ці ён будзе адмоўны, звяртайцеся ў суд ці іншыя кантралюючыя органы.


–Наколькі часта ў нашым раёне ўзбуджаюцца крымінальныя справы ў сувязі з незаконным захоўваннем зброі? І якім чынам яе знаходзяць?
–Падобныя справы ўзбуджаюцца па адной-дзве кожны год. Акрамя гэтага для нашага раёна характэрныя незаконнае паляванне і лоўля рыбы. Выяўляць факты незаконнага захоўвання зброі дапамагаюць людзі. Напрыклад, быў выпадак, калі жанчына зайшла да былога мужа, той п’яны спаў, а пісталет выпаў. Яна паведаміла ў адпаведныя органы – і правільна зрабіла.
Яшчэ быў выпадак, калі будаўнікі разбіралі стары нежылы дом у Малях. Як высветлілася пазней, там раней пражываў ветэран вайны. Дык вось, там быў знойдзены пісталет старой сістэмы. Калегі параілі знайшоўшаму здаць зброю ў міліцыю. Той задумаўся, паказаў яшчэ аднаму сябру, – а ў выніку яго затрымалі супрацоўнікі Гродзенскага ўпраўлення ўнутраных спраў.
Таму хачу ўсім нагадаць, што зброю, боепрыпасы ці выбуховыя рэчывы, якая незаконна захоўваюцца, лепш добраахвотна здаць у праваахоўныя органы. Калі вы зробіце гэта, пазбегнеце адказнасці. Тым самым зробіце лепш толькі сабе.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.