На сувязі – начальнік Астравецкага РАУС
Пра дарогі, алкаголь, планы на будучыню… і не толькі ішла размова падчас “Прамой лініі” з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў Аляксандрам Іванавічам Шастайла, якая адбылася на мінулым тыдні. На працягу амаль дзвюх гадзін жыхары Астраўца і раёна маглі звярнуцца з цікавячымі іх пытаннямі ці праблемамі і атрымаць адказ.
А пакуль тэлефон маўчаў, свае пытанні задала і карэспандэнт раённай газеты.
–Наколькі я ведаю, да вас тэлефануюць з самымі рознымі пытаннямі не толькі ў час “Прамой лініі”?
–Сапраўды, людзі звяртаюцца пастаянна, у асноўным гэта скаргі на тое, што родныя і блізкія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Ад гэтага ўзнікаюць сямейныя канфлікты, пакутуюць дзеці. І грамадзяне просяць дапамогі ў міліцыі.
А вось сёння мне ўжо патэлефанавала жанчына, якая пражывае ў вёсцы Слабада і з’яўляецца маці шасцярых дзяцей. Яна скардзілася, што ў мясцовым сельскім Савеце ёй не даюць даведку аб тым, што ёй належыць пенсія. Жанчына звярталася ў розныя інстанцыі, але пытанне засталося нявырашаным. Я ёй растлумачыў, што супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх наведаецца да яе, унікне ў сутнасць праблемы і, калі яна ў нашай кампетэнцыі, абавязкова пастараемся яе вырашыць. У іншым выпадку пераадрасуем пытанне ў райвыканкам.
* * *
–Добры дзень! Тэлефаную вам вось з якой праблемай. Сусед выкапаў сажалку і зараз вада рэгулярна залівае падвал. Куды мы толькі ні звярталіся, нават судзіцца з ім спрабавалі, а праблема так і засталася нявырашанай. Дапамажыце чым-небудзь. (Жыхар вёскі Кямелішкі)
–Справа ў тым, што вырашэнне вашай праблемы не зусім у кампетэнцыі супрацоўнікаў міліцыі. Але гэтае пытанне будзе абавязкова перададзена ў райвыканкам.
–У Астраўцы вы працуеце нядаўна. Якія ўражанні ад новай пасады, калектыву, райцэнтра?
–Адразу адзначу, што Астравец не быў для мяне таямніцай, нейкім невядомым месцам. Яшчэ калі працаваў у крымінальным вышуку абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, мая самая першая камандзіроўка была менавіта ў Астравец. Помню нават стары райаддзел. Пасля яшчэ некалькі раз прыязджаў сюды аказваць практычную дапамогу. Канешне, у параўнанні з мінулым зараз Астравец і раён моцна змяніліся ў лепшы бок. Падчас сваёй працы я аб’ездзіў амаль усю вобласць. Таму смела магу сказаць, што Астравецкі раён адрозніваецца ад астатніх сваім менталітэтам, гаспадарлівасцю, акуратнасцю, парадкам. І гэты вельмі прыемна.
Што тычыцца пасады, гэта вельмі адказна – узначальваць цэлы раённы аддзел унутраных спраў. Будзем старацца працаваць добра і падтрымліваць аўтарытэт астравецкай міліцыі.
* * *
–Скажыце, калі ласка, хто адказвае за стан дарог – за розныя ямы і выбоіны, з-за якіх вельмі часта можна папсаваць аўтамабіль, а часам нават і стаць удзельнікам дарожна-транспартнага здарэння?
–Непасрэдна за стан дарогі нясуць адказнасць супрацоўнікі ДРБУ. А ўжо мы адказваем за забеспячэнне бяспекі дарожнага руху. У сваю чаргу мы стараемся кантраляваць, каб усе аварыйныя месцы на дарогах своечасова рамантаваліся.
–Ці плануюцца ў бліжэйшы час якія-небудзь змяненні ў рабоце райаддзела ці пашырэнне штату?
–Усё будзе залежаць ад таго, як будуць развівацца падзеі далей – наколькі павялічыцца насельніцтва, як стане расці і развівацца горад. У любым выпадку мы будзем старацца забяспечваць спакой і парадак на яго вуліцах. Зараз ужо дзейнічае патрульна-паставая служба, якой не было раней. Плануецца яе пашырэнне, таму, калі хтосьці з маладых людзей зацікавіцца, могуць смела звяртацца ў аддзел кадраў. Таксама сумесна з райвыканкамам абмяркоўваем пытанне аб адкрыцці грамадскага пункта аховы правапарадку ў мікрараёне Валадарскага, які будзе працаваць вечарам і там стануць дзяжурыць і ажыццяўляць прыём грамадзян супрацоўнікі праваахоўных органаў. Гэта робіцца з мэтай памяншэння часу рэагавання на паступленне трывожнага паведамлення. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца.
Марына МАЦКЕВІЧ.