“Мы помнім, помнім кожнага” гучала з вуснаў удзельнікаў аўтапрабегу
Мітынгі, прымеркаваныя да рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць!”, прайшлі каля помнікаў загінулым землякам у Гервятах, Гірах, Чэхах і Бабраўніках.


Ад імя ўдзельнікаў аўтапрабегу і ўсіх жыхароў раёна словы падзякі за мірнае неба выказала загінулым землякам старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. Пранікнёна і эмацыянальна да школьнікаў з запаветам памятаць, якой цаной дзяды і прадзеды заваявалі для нас магчымасць вучыцца, гадаваць дзяцей, спакойна працаваць, звярнулася старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Беларускай АЭС Марына Пылінская. Пажадала міру і светлай будучыні, значэнне якіх асабліва ўспрымаецца ў свеце сусветных падзей, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі дзяржаўных і іншых устаноў Яніна Кірэева.

– Ускласці кветкі і пакланіцца продкам, якія заваявалі Перамогу і падарылі свабоду і незалежнасць, – сэнс акцыі, што ў гэтыя дні праходзіць па ўсёй краіне, – адзначыла Ірына Тальчук. – Колькі б гадоў ні прайшло з таго пабеднага 1945-га, 9 Мая застанецца для нас святым. Колькі мы будзем памятаць пра падзеі Вялікай Айчыннай, столькі будзем незалежнымі.
Дзеці дрыготкім голасам чыталі вершы пра страшныя гады ваеннага ліхалецця. Хвіліна маўчання , здавалася, звінела ў паветры, нібы напамінаючы, наколькі далікатна трэба адносіцца да агульнай гісторыі. Простыя, зразумелыя і блізкія кожнаму словы рэхам разносіліся далёка па наваколлі. Усё ў гэтыя духоўна насычаныя хвіліны пацвярджала: мы – памятаем!
Асабліва важнымі мне падаліся два моманты. Група заехала на рымдзюнскія могілкі, каб пакланіцца магіле невядомага салдата.
А ў Бабраўніках да ўдзельнікаў аўтапрабегу далучыліся жыхары вёскі. Ціхенька, з жывымі кветкамі ў руках, стаялі яны каля помніка і ўслухоўваліся ў словы старшыні мясцовага сельсавета Аляксандра Вярбовіча: у баях за свабоду гінулі і нашы землякі. Светлая ім памяць…





Гавораць удзельнікі
Рыгор Долгі, дэпутат абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, дырэктар Астравецкага лясгаса:
– Прайшло шмат часу пасля Вялікай Перамогі. Гады ідуць, пакідаюць нас ветэраны, але памяць пра тыя падзеі застаецца ў сэрцах людзей. Акцыя “Беларусь помніць!” аб’ядноўвае ўсіх, хто памятае пра подзвігі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Дзякуючы ёй моладзь больш глыбока знаёміцца з гісторыяй. Упэўнены, што памятаць будуць і тыя, яшчэ зусім маленькія дзеці, якія сёння ўдзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах.
Добра, што акцыя праходзіць нават у самых аддаленых населеных пунктах, дзе ёсць помнікі загінулымі.
Святлана Шушкевіч, кіраўнік групы ідэалагічнай работы БелАЭС:
– Прадстаўнікі БелАЭС заўсёды ўдзельнічаюць у падобных мерапрыемствах. Мы лічым неабходным далучыцца да вывучэння і зберажэння нашай гісторыі, разам з маладым пакаленнем схіліць галовы перад перад подзвігам дзядоў і прадзедаў, перад мільёнамі беларусаў і савецкіх людзей, якія аддалі жыццё за Вялікую Перамогу.