Машинист лесозаготовительной техники лесопункта Островецкого опытного лесхоза Алексей Жусин – хлебороб в третьем поколении

Сельскую гаспадарку на старонках раённай газеты асвятляю больш за 10 гадоў, у тым ліку і ўборачную кампанію. Для сябе прыкмеціла, што жніво не церпіць выпадковых людзей. Гэты імклівы, напорысты і без перабольшванняў няпросты тэмп могуць вытрымаць толькі тыя, хто аднойчы паспытаў смак хлеба і штолета, нягледзячы на ўсе “больш не буду” і “хопіць”, ізноў садзіцца за штурвал камбайна. Аднолькава старанна і адказна поруч з механізатарамі гаспадарак на ўборцы працуюць і прадстаўнікі іншых прафесій. Гэта стала добрай традыцыяй для нашага раёна, калі на дапамогу вяскоўцам прыходзяць гараджане. Чаго варты прыклады вадзіцеля Белдзяржстраха Івана Барадынкі, які другі год запар з Андрэем Вінцкусем адны з першых у раёне намалацілі спачатку тысячу тон, а потым і дзве; ці выратавальнікі Міхаіл Янкойць і Яраслаў Шанчук, якія першымі з прыцягнутых на ўборку работнікаў з адной структуры ўзялі двухтысячны рубеж… Але ў цені гэтых перамог застаюцца тыя, хто прафесійна таксама не звязаны з аграпрамысловым комплексам, але не першы год шчыруе на раённых нівах.

Забягаючы наперад зазначу, што прозвішчы вышэй узгаданых памагатых на жніве для нашага раёна не новыя: маладыя мужчыны не першы год паспяхова абмалочваюць збожжа і рапс на Астравеччыне.

Сустракалася з хлебаробамі на фінішы ўборкі уў КСУП “Гервяты”, дзе самыя вялікія ў раёне жніўныя плошчы. Напрыканцы мінулага тыдня зжаць апошнія гектары ім перашкаджала надвор’е.

Пад акампанемент дажджу (у полі замінаць не будзе ж!) пагутарыла з імі пра жніво і шлях да яго; падабенства і адрозненне пастаяннай работы і хлебаробчай; адносіны родных да гэтай справы; саперніцтва паміж камбайнерамі і магнетызм уборкі.

Хлебароб у трэцім пакаленні

Аляксей Жусін, машыніст лесатрылёвачнай тэхнікі лесапункта:

– Родам з Жукойняў Жалядскіх. З 6-га класа быў памочнікам у бацькі, светлая яму памяць. Неяк падлічыў, што ў нашай сям’і я камбайнер у трэцім пакаленні. Яшчэ дзядуля Гендрык працаваў на СК-4. 

Перад арміяй у СВК «Страча» даверылі новы камбайн «Ліда-1300». Тады мне было толькі 19 гадоў. І пайшло-паехала… Падлічыў, што сёлетняя ўборка для мяне 17-я. 

Працаваў у Спондаўскім лясніцтве, а летам КСУП «Міха­ліш­кі» дапамагаў убіраць ураджай. У 2020 годзе нам, як шматдзетнай сям’і, далі кватэру ў Аст­раўцы. Перавёўся ў лесапункт, але з камбайнерскай справай не завязаў. (Усміхаецца.) 

З райцэнтра да Міхалішак далёка, дык родны брат (ён токар у КСУП «Гервяты») падказаў, што ёсць камбайн, маўляў, прыходзь да нас.

Майму «Палессю» 17 гадоў – адна з самых узроставых хле­баўборачных машын у гаспадарцы. На ёй працую 5-ты сезон. У памочніках Дзмітрый Юркойць з Варнянскага лясніцтва.

На ўборцы ў КСУП «Гервяты» некалькі звёнаў. Наша вельмі дружнае. Касцяк – мой экіпаж, Дзімы Янковіча, Андрэя Вінцкуся. У бядзе ніколі не кідалі. Калі ў каго здаралася ў полі паломка, дапамагалі адзін аднаму. 

Не сказаў бы, што паміж камбайнерамі ёсць нейкае  саперніцтва, гэта хутчэй спартыўны інтарэс. Сам кожную раніцу стараюся паглядзець зводку прафсаюза: гэты столькі намалаціў, той – столькі. А калі яшчэ і людзей па раёне ведаеш, дык увогуле цікава. З’яўляецца азарт, думаеш: сёння трэба падціснуць і ўзяць больш. Праўда, не заўсёды атрымліваецца. Летась у мяне быў рэкорд: без малога 1 200 тон, а ў гэтым годзе ўжо больш за 1 800. 

Калі параўноўваць работу хлебароба і машыніста, то яны ад­розні­ваюцца. У лесе больш манатонна: згрузіў-выгру­зіў бяр­венні. А на жніве кожны дзень як новы, ды і палі адрозніваюцца, як і збажына. 

На жніве галоўнае – каб тэхніка была добра падрыхтавана і не падводзіла. Сёлета мой камбайн капрызіў, давялося нават мяняць матор. З 7 раніцы да 7 вечара разам з братам і памочнікам правялі ў майстэрні. Але адразу пасля рамонту выехалі ў поле і нават паспелі намалаціць 20 тон! 

У лясгасе працую па зручным графіку: тры праз тры дні. Таму з мая пачаў рыхтаваць «Палессе». Удзячны брату Івану, які дапамагаў у гэтым.

Штогод пад канец уборкі лаўлю сябе на думцы: «Усё, гэта мой апошні год. Колькі можна?» Але праходзіць зіма – і адпус­кае. І летам ізноў чакаю пачатку жніва. Аднаго разу вырашыў прапусціць уборачны сезон. А калі здалёк пачуў ні з чым не параўнальны гул камбайнаў, на душы зашчаміла.

…Хлеб трэба камусьці ўбіраць, і мой 11-гадовы сын гэта выдатна разумее. Каб цяпер, як калісьці, дзецям дазвалялі дапамагаць у полі, ён даўно працаваў бы маім памочнікам. Дзіма вельмі ганарыцца, што я камбайнер. Не заплюшчыць вачэй, пакуль не дачакаецца мяне з поля, нават калі ўжо глыбокая ноч. Сэрца радуецца, бо бачу: падрастае выдатная змена і прадаўжальнік хлебаробскай дынастыі Жусіных…

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, из архива героев