Мінулае і сёння ваенных камісарыятаў

У мінулую пятніцу, 8 красавіка, у краіне адзначаўся дзень утварэння ваенных камісарыятаў. Больш падрабязна пра гэты дзень, асноўныя задачы ваенкаматаў, а таксама пра стварэнне Астравецкага ваенкамата мы папрасілі расказаць ваеннага камісара Ігара Мікалаевіча Чычварына.


–Наогул, гісторыя стварэння ваенных камісарыятаў пачалася вельмі даўно. Толькі ў розныя часы гэтыя структуры называліся па-рознаму: ад перапісчыкаў Старажытнай Русі да ваенных аддзелаў валасных, павятовых, губернскіх і мясцовых Саветаў. А ўжо ў красавіку 1918 года была створана вышэйшая ваенная інспекцыя, якая была абавязана аказваць дапамогу мясцовым органам ваеннага кіравання ў стварэнні арміі, а таксама кантраляваць парадак фарміравання і навучання часцей і аб’яднанняў.
Сёння ваенны камісарыят – гэта зладжаная баявая адзінка Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца адной з найбольш эканамічных і мэтанакіраваных накірункаў падтрымання абароназдольнасці дзяржавы на дастойным узроўні і пастаянна ўдасканальвае сваю баявую і мабілізацыйную падрыхтаванасць.
Астравецкі раённы ваенны камісарыят быў сфарміраваны 2 чэрвеня 1944 года ў г.п. Астравец тады яшчэ Вілейскай вобласці. За гэты час у розныя гады яго ўзначальвалі пятнаццаць ваенкомаў, у ваеннай сістэме праходзілі некаторыя рэарганізацыі, неаднаразова змяняўся і сам знешні выгляд будынка ваенкамата.
Калі коратка адзначыць, то асноўнымі накірункамі працы нашага ваенкамата і ўсіх ваенных камісарыятаў з’яўляюцца выкананне задач мабілізацыйнай падрыхтоўкі і тэрытарыяльнай абароны; патрыятычнае выхаванне прызыўной моладзі, падрыхтоўка яе да службы ў арміі, прыём і размеркаванне грамадзян, якія паступаюць на ваенную службу; сацыяльная абарона і пенсійнае забеспячэнне ваеннаслужачых, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, членаў іх сем’яў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Усе гэтыя задачы мы стараемся выконваць на дастойным узроўні.


Марына МАЦКЕВІЧ.