Людмілу і Аляксея 45 гадоў таму пазнаёміў… тэлефон
Каб упэўніцца, што гэта так, напярэдадні Дня святога Валянціна мы папрасілі некалькі сямейных пар расказаць гісторыю свайго знаёмства.
Расказвае Людміла Маркоўская
«Бласлаўляю тэлефон!»
– З мужам мы пазнаёміліся 45 гадоў таму.
Змрочным лістападаўскім вечарам 1975 года я сядзела дома з кампрэсам на шыі – ангіна, тэмпература, самота… Сяброў у мяне падчас вучобы ва ўніверсітэце было нямерана, – я была таварыскай, завадной, як кажуць, душой кампаніі. Аднак у той вечар мне было сумна і адзінока. З прыкрасцю падумала: «Ну вось, калі здаровая, то ўсім патрэбная, а як захварэла – ніхто нават і не ўспомніць».
І раптам зазвінеў тэлефон! Губляючы пантофлі, паімчала ў прыхожую, кінулася ў старое скураное крэсла і схапіла трубку. Прыемны мужчынскі голас папрасіў да тэлефона Федзю. Немагчыма перадаць маё расчараванне! Цярпліва патлумачыла, што нябачны суразмоўца памыліўся нумарам, і паклала трубку.
Але – о, цуд!– тэлефон зазваніў зноў.
– Мне так спадабаўся ваш пяшчотны голас, што я вырашыў набраць гэты нумар яшчэ раз.
– Мама вучыла, што знаёміцца па тэлефоне і на вуліцы непрыстойна, – рэзка адказала я і кінула трубку.
Але нахабнік пазваніў зноў і абяззброіў мяне словамі:
– Мне здаецца, вам вельмі адзінока. Хочаце, павесялю?
Падумаўшы, што нічога не губляю, пагадзілася.

У той час я вучылася на філфаку, шмат чытала, захаплялася паэзіяй. Якім жа было маё здзіўленне, калі незнаёмец пачаў гаварыць пра Пушкіна, Маякоўскага, затым беспамылкова адгадаў мой узрост, колер вачэй, валасоў і нават дастаткова рэдкі «пушкінскі» камень на маім пярсцёнку – сердалік (пазней ён тлумачыў, што ў той размове проста апісаў дзяўчыну сваёй мары).
Гадзіна праляцела незаўважна. Развітваючыся, Аляксей папрасіў дазволу пацікавіцца маім здароўем заўтра.
Быў такі фільм «Кожны вечар роўна ў адзінаццаць» – пра знаёмства па тэлефоне. Нешта падобнае адбывалася і з намі. На працягу трох месяцаў штовечар чуўся званок – і мы размаўлялі, размаўлялі... Аляксей гаварыў добрыя і пяшчотныя словы, дзяліўся думкамі і перажываннямі. Пагадзіцеся, часам незнаёмаму чалавеку, напрыклад, суседу па вагонным купэ, раскажаш больш, чым роднай сястры.
Сустракацца з тэлефонным паклоннікам я не збіралася: кавалераў у мяне і без яго хапала, і ён аніяк не ўпісваўся ў графік маіх спатканняў. А яшчэ баялася: раптам ён акажацца зусім нецікавым знешне ці я расчаруюся ў ім па якой іншай прычыне? Шкада страціць цікавага суразмоўцу, які паспеў стаць сябрам і дарадчыкам.
Аднак Аляксей настойваў на сустрэчы, я супраціўлялася ўсё менш актыўна:
– Як жа мы пазнаем адзін аднаго?
– Я буду ў цяльняшцы!
Справа была ў студзені, у моцныя маразы. Сказаць шчыра, пасля такога адказу я засумнявалася ў яго разумовых здольнасцях.
Але калі нашы погляды сустрэліся, мяне быццам токам ударыла: перада мной стаяў мужчына маёй мары, усё ў ім было ідэальна! Асабліва ямачка на падбародку. Я адчула, што гэта мая другая палавінка.
1 студзеня 1977 года мы пажаніліся. Сёлета адсвяткавалі сапфіравае вяселле. Мы разам, у нас двое цудоўных сыноў. Каханне наша з гадамі становіцца толькі мацнейшым.
І штодзень я бласлаўляю вынаходніка тэлефона і тое шчаслівае імгненне, калі мой муж, набіраючы нумар, памыліўся на адну лічбу.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.
