Лёсы Вялікай Айчыннай: ветэранаў Ганну і Мікалая Махалавых пазнаёміла вайна
Ганну Афоньеўну і Мікалая Сямёнавіча Махалавых расказала іх дачка Галіна Ражко.
Пасля школы Ганна паступіла на настаўніка пачатковых класаў ва Уманскую педагагічную школу, якую скончыла ў 1939 годзе і адправілася на працу ў горад Тульчын. Аднак вучыць дзяцей дзяўчыне доўга не давялося – пачалася вайна.
– Разам з сям’ёй дзядзькі, які ўжо быў на фронце, у эвакуацыю на Кубань адправілася і мама. Яна расказвала, што калі пераплывалі Днепр, адчула ўпершыню ўсе жахі вайны: бамбёжка, людзі падаюць у ваду, стаіць неймаверны крык, а над галавой рвуцца снарады. Тады многія загінулі, а цётка, стрыечная сястра і маці ацалелі. Аднак нядоўгі век ім выпаў: калі немцы пачалі адступаць, сястру з цёткай дзядзька захацеў перавезці бліжэй да сябе, іх эшалон у дарозе разбамбілі – і яны загінулі, – працягвае дачка ветэрана. – Жывучы нядоўгі час на Кубані, мама нават паспела папрацаваць на ўборцы памідораў – казала наелася іх тады ўволю...
Наступнай кропкай прыпынку Ганны Сівун стала Грузія – 10 красавіка 1942 года Тбіліскім ваенкаматам дзяўчына прызвана ў рады Чырвонай арміі.
Падчас ваеннай службы яфрэйтар Сівун сустрэла другую палавінку – Мікалая Махалава.
– Тата быў старэйшы за маму на 2 гады – нарадзіўся ў 1918-м у Расіі, у Арэнбургскай вобласці – раней яна была Чкалаўскай. Лёсы ў іх былі падобныя: у яе была мачаха, у яго – айчым; абое па адукацыі настаўнікі пачатковых класаў, абое былі на вайне і абое пасля змянілі сферу дзейнасці. Бацька падчас Вялікай Айчыннай скончыў афіцэрскія курсы. Ён служыў у 54-м палку войскаў НКУС – ахоўвалі чыгуначныя дарогі, масты, іншыя стратэгічна важныя аб’екты, – узгадвае гісторыю спаткання бацькоў Галіна. – Пазнаёміліся мама з татам у цягніку – мама некуды ехала, а тата суправаджаў салдат. Абмяняліся адрасамі часцей, у якіх служылі, і да канца вайны ліставаліся, пажаніліся пасля Перамогі. А ў 1947 годзе прыехалі на Астравеччыну – тут жыла бацькава сястра, якая адправілася ўслед за мужам-ваенным.
Ганна Афоньеўна працавала ў райваенкамаце, міліцыі, ДЭУ, Астравецкім лясгасе, Мікалай Сямёнавіч – у вузле сувязі.
– Маці любіла чытаць, ведала шмат вершаў, заўсёды цікавілася навінамі краіны. Гаваркая была, а тата маўклівы. У іх абодвух такі нябачны стрыжань быў: да прыкладу, нас з сястрой ніколі не прымушалі штосьці рабіць – але мы ведалі, што ў нас ёсць абавязкі і мы іх павінны выконваць сумленна, – з цеплынёй успамінае бацькоў дачка. – Тата прыгожа маляваў – у мяне захавалася яго карціна, напісаная алеем. Мой сын пайшоў, бачна, у дзеда і ўнучка – добра малююць. Дарэчы, сын выбраў прафесію ваеннага – у гэтым мае бацькі адыгралі сваю ролю. Калі ў школу прыйшлі з ваенкамата агітаваць – ён адразу запісаўся.
– Вайна загартавала характары таты і мамы, аднак пачуццё такту, самаадукацыю, ветлівасць, узаемавыручку, сяброўства яны вельмі цанілі, – працягвае Галіна. – І мір! У маці адзіны страх быў: каб не было б вайны.
Мікалай Сямёнавіч пражыў 81 год, Ганна Афоньеўна – 92.
Узнагароды Мікалая Махалава: ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейныя медалі.
Вось такі адзін лёс на дваіх у рускага хлопца і ўкраінскай дзяўчыны, якім давялося пражыць нялёгкі час і для якіх галоўнай каштоўнасцю заставаліся ўзаемападтрымка, клопат, адказнасць і неабыякавасць да іншых – гэтыя якасці яны выхоўвалі ў сваіх дзецях і ўнуках. Бачна, ведаў лёс, калі «садзіў» гэтых людзей у адзін цягнік, што яны і ёсць сапраўдныя палавінкі аднаго цэлага.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.