Леаніда Захлеўнага гледачы сустрэлі авацыямі
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Бяседа” неаднойчы выступаў на розных пляцоўках у Астравецкім раёне і займеў тут шырокае кола прыхільнікаў. Не дзіўна, што да пачатку іх канцэрта пляцоўка перад сцэнай была перапоўнена.

Невыказна прыгожыя галасы: Таццяну Лазоўскую, Валянціна Кірыленку, Юлію Захараву, Анастасію Грыгор’еву хоць сольна, хоць у складзе ансамбля можна слухаць бясконца. Жывое музычнае суправаджэнне – скрыпкі, цымбалы, баян. Артыстызм салістаў і вядучых, якія дарэчы і пажартуюць, і падтрымаюць адзін аднаго і гледачоў.



А галоўнае – рэпертуар: тыя самыя песні, што пяюць, сабраўшыся на бяседзе, сябры і сваякі. Ад першых акордаў іх на душы робіцца цёпла і светла, ногі самі просяцца ў скокі (трэба сказаць, многія не стрымлівалі гэтыя парывы), а вусны, незалежна ад наяўнасці голасу і слыху, падпяваюць даўно вядомыя словы…



Кожную песню славутага ансамбля гледачы суправаджалі воклічамі “Брава!” і гарачымі апладысментамі. А нязменнага кіраўніка ансамбля Леаніда Захлеўнага сустракалі і праводзілі авацыяй.
…“Бяседа” – гэта заўсёды свята. А свята з “Бяседай” – падарунак для душы.

Лілія Анімуцкая:
–Раней “Бяседу” бачыла толькі па тэлевізары – і заўсёды слухала на адным дыханні. На жывы канцэрт трапіла ўпершыню – слоў няма, каб перадаць захапленне! Ад кожнай песні – мароз па скуры! Дзякуй, дзякуй, дзякуй!
