Крыж – знак веры і надзеі

На мінулым тыдні католікі адзначалі Узвышэнне Святога Крыжа. Для астравецкіх вернікаў аднайменнай парафіі 14 верасня было асаблівым, бо такую назву мае іх храм. Нягледзячы на будні дзень у касцёле было шматлюдна – сюды сабраліся не толькі мясцовыя парафіяне і сёстры законныя, завіталі таксама святары і прыхаджане іншых парафій Астравецкага дэканату і вернікі праваслаўнай канфесіі.

Пра адметнасць свята ў казаннях, разважаннях і ўражаннях.

Гістарычная даведка

Свята Узвышэння Святога Крыжа бярэ пачатак 14 верасня 335 года, калі была асвечана святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены крыж Збаўцы. Каб хрысціяне, прысутныя на ўрачыстасці, маглі ўбачыць вялікую святыню, біскуп узнімаў (узвышаў) крыж над іх галовамі.

АБ ПРАКТЫЦЫ ДУХОЎНАЙ

Андрэй Горбач, пробашч парафіі Узнясення Святога Крыжа:




– Практыка духоўная – гэта практыка дысцыпліны, інтэлігентнасць – гэта не адукацыя, а манера паводзін. Мы ставім на першае месца Крыж, а значыць Хрыста – для нас, вернікаў, гэта важна. І сённяшняя ўрачыстасць дае магчымасць нам пра гэта ўзгадаць, а таксама пра тых, хто будаваў нашу святыню – не толькі бачную, прыгожую, але і духоўную; тых, хто дапамог нам знайсці наш шлях.

ЯК УБАЧЫЦЬ ЗНАК

Андрэй Лысы, айцец парафіі Святога Яна Евангеліста і Святога Максімільяна Кольбэ:




– Сённяшняе свята прыгадвае падзею, калі святая Гэлена знайшла крыж, на якім быў замучаны Хрыстос, -- і гэтая святыня ўшаноўваецца вернікамі асаблівым спосабам. Крыж – гэта знак нашага збавення, веры і надзеі. Каб убачыць гэты знак, трэба ўмець глядзець – гэта значыць, чуць, успрымаць, дбаць не толькі пра сябе. А навучыцца гэтаму можна даверыўшыся Богу, Яго слову, жыць з вераю ў сэрцы.

У нашым жыцці шмат розных «крыжоў» – знакаў, якія даюцца чалавеку Богам не проста так. Іх трэба ўмець прымаць і рабіць пэўныя высновы.

З КАЗАННЯ

 «У жыцці кожнага чалавека адбываюцца моманты, калі ён губляе надзею і не бачыць у сваёй будучыні нічога добрага. І тут варта ўспомніць пра Крыж – вось знак надзеі, Хрыстос не губляў яе і змог выратаваць свет».

«Жывём у свеце высокіх тэхналогій, маем шмат віртуальных стасункаў, а, між іншым, колькі вакол самотных, адзінокіх людзей. У тэлефонах шмат кантактаў, а часам няма каму і патэлефанаваць. Абыякавасць – вось тая атрута, якая заражае сэрцы людзей. Шмат часу можам сабе дазволіць змарнаваць, гартаючы старонкі сацсетак ці гледзячы серыялы і пры гэтым не знаходзім яго, каб дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, наведаць бацькоў, прыйсці на малітву ў храм… І прычына гэтаму ні хто іншы, а мы самі. Узгадайце Крыж – знак збавення, упусціце Бога ў сваё жыццё – станьце духоўна багатымі, не забывайце на патрэбы іншых».

ПРА СУПОЛЬНУЮ СПРАВУ

Тэрэса Ігнатовіч, парафіянка:



– За некалькі дзён да свята зрабілі генеральную ўборку храма – загадзя аб’явілі, калі прыгодзіць, у сацсетках у касцёльнай суполцы абвестку напісалі. Людзі сабраліся, размеркавалі абавязкі – усё вымылі, выцерлі, дывановыя дарожкі прапыласосілі, газоны пакасілі, клумбы папарадкавалі – стараліся, каб прыгожа было.

Кветкамі для касцёла таксама парафіяне займаліся, сёстры законныя кампазіцыі афармлялі.

Падрыхтавалі нашу святыню, хочацца спадзявацца, як належыць.

У нас парафія дружная, як сапраўдная сям’я, – заўсёды людзі адгукаюцца на просьбы і прапановы!

ПРА ГАРМОНІЮ ДУШЫ

Міхаіл Медэкша, парафіянін:



– Ходзім з жонкай на імшы ў касцёл штонядзелю, стараемся быць і на ўсе святы. Храм для нас – тое месца, дзе не толькі слухаеш навуку святара, молішся, а, так бы мовіць, перасэнсоўваеш пражыты тыдзень, «капаешся» ў сабе ў моманты казанняў: ці ўсё правільна зрабіў, вучышся, як паводзіць у пэўных абставінах

Запала ў сэрца прамова пра жыццёвыя “крыжы”, пра тое, што трэба не быць сляпым – бачыць знакі, якія падае нам Бог праз выпрабаванне альбо чалавека, які ў пэўны час аказваецца побач ці патрабуе нашай дапамогі. Кожны з нас атрымлівае шмат такіх Божых падказак.

Прыемна, што на парафіяльнае свята сабралася столькі народу – не толькі сталага ўзросту, а і моладзь, малыя дзеткі. Наша жыццё фізічнае непарыўна звязана з духоўным – а вось наколькі гарманічнай будзе асоба, залежыць ад самога чалавека. Радуе, што столькі людзей вучыцца гэтай гармоніі і ў храме.

Пасля ўрачыстай імшы ўсіх запрасілі на агульную вячэру: пачаставацца кашай і чаем, прыгатаванымі супрацоўнікамі РАНС на палявой кухні, а таксама цукеркамі і печывам.

Завяршылася свята канцэртнай праграмай, якую зладзіў для вернікаў музычны калектыў храма і ўдзельнікі маладзёжнага хору касцёла Святых Космы і Даміяна.


Текст:
Фото: Рита Дремо