Красуй, наш лес!
Калі ў небе ўсё часцей сталі з’яўляцца кліны птушак, калі пяшчотнае сонейка дарыла сваю цёплую ўсмешку ўсё радзей і радзей, калі вецернепаседа перастаў быць ласкавым, наш клас выбраўся ў невялічкае падарожжа ў асенні лес. Чаму менавіта ў лес, ды яшчэ восенню, я думаю, зразумела ўсім: прыгажэйшага месца ў гэты час не знайсці!.. Ды і мэта, з якой мы адправіліся ў падарожжа, патрабавала адпаведнага месца: мы хацелі паглядзець на “лёгкія” нашай планеты…Цішыня… Розныя адценні залатога перамяшаліся з барвовым і зялёным колерамі і сваёй прыгажосцю прымушаюць нашы сэрцы біцца хутчэй. Прыгажосць… Вакол, нібы на варце, стаяць мудрыя, велічныя дрэвы. Шэпт іх крон нам нешта паведамляе – але што?! Рэдкія птушкі пералятаюць з дрэва на дрэва і нібы запрашаюць нас да гутаркі. Яны таксама маюць сакрэт… Усюды стаіць прыемны пах ігліцы і прэлай лістоты. Вось падзьмуў лёгкі ветрык – і з дрэў мітусліва, нібы спяшаючыся, пасыпалася залатое лісце. Яно прыгожым дываном разаслалася пад нашымі нагамі… Мы з захапленнем разглядаем мудрагелістыя ўзоры, якія малюе незвычайным ветраным пэндзлем для нас прырода.
Але што гэта? За некалькі крокаў мы ўбачылі палац – мурашнік. Яшчэ адно захапляльнае відовішча. Каму не цікава паназіраць, як асілкі-мурашы цягнуць на сваіх спінах цэлыя “бярвёны”? Падыходзім бліжэй, каб за гэтым паназіраць і… Густая чырвань апаліла нашы твары: маленькія працаўнікі выносілі на сваіх спінах бруд, які пакінуў у лесе чалавек, – паперкі, пачкі… Мурашы працавалі не спыняючыся, яны нібы спяшаліся сцерці з памяці, сваёй і акружаючага асяроддзя, нешта агіднае.
І ў гэты момант стала зразумела, пра што нам хацелі расказаць дрэвы-вартавыя, птушкі і чаму залатое лісце паспешліва апусцілася перад намі долу. Гэта быў іх нямы крык аб дапамозе! Просьба захаваць лес чыстым! Яны нібы пыталіся ў нас: няўжо нам, людзям, так цяжка падчас адпачынку ў лесе прыбраць за сабой смецце? Няўжо мы не разумеем, што прырода ЖЫВАЯ і ёй балюча ад нашых ганебных адносін да яе?!
Дадому мы вярталіся маўклівыя. Нам было прыкра і сорамна ад усведамлення, што маленькая мурашачка прыносіць карысці больш, чым мы. Сапраўды, мы – спажыўцы, а не гаспадары… Лёгкія нашай планеты забрудзіць няцяжка – а вось вылечыць іх!? Хто гэтым будзе займацца: дзеці нашых дзяцей?
На наступны дзень усе мы і дзясяткі нашых сяброў пайшлі “лячыць” лес і прасіць у яго прабачэння за чалавечую абыякавасць і бяздушша. Мы не толькі прыбралі пакінутае смецце, але і пасадзілі малады сасоннік.
Красуй, наш лес! Беражы наша здароўе, наша жыццё! А мы абяцаем быць САПРАЎДНЫМІ ГАСПАДАРАМІ нашай зямлі!
---------------------------------
Карына Дуброўская, вучаніца 9 класа Міхалішкаўскай СШ.
