Хочаш, каб жыла родная мова? То гавары па-беларуску!
Для некага гэтае свята – нагода ў чарговы раз паўздыхаць-панаракаць, што вось, маўляў, не шануем мы родную мову, не беражом…
А можа, нагода зрабіць хоць адзін, хоць маленькі крок да адраджэння роднай мовы? Свой асабісты пасільны ўнёсак?
Гэтак, як робяць яго гаспадары і прадаўцы крамы «Піўны Гетман» – не самай, на першы погляд, беларускамоўнай установы. І тым не менш: пакупнікоў самых розных нацыянальнасцей тут абслугоўваюць выключна па-беларуску. І, як сцвярджаюць прадаўцы, на гандлёвым абароце вядзенне бізнесу па-беларуску ніяк не адбіваецца. Наадварот, па словах супрацоўніка крамы Пятра Ляховіча, ёсць людзі – як правіла, грамадзяне суседніх Расіі і Украіны, якія спецыяльна прыходзяць сюды, каб паслухаць прыгожую сакавітую беларускую мову.
На жаль, беларусаў сярод такіх, уздыхае Пятро, няшмат. Наадварот: калі нехта высакамерна, «праз губу», патрабуе «Разговаривайте на нормальном языке!» – як кажуць, «да бабкі не хадзі»: гэта наш, местачковы, «рюский», які, вядома ж, «большы каталік, чым Папа рымскі»…
…Падчас лютаўскага дня інфармавання, які праходзіў у Астраўцы, да нас прыехаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі. Здавалася б, чыноўнік значнага рангу і тэма выступлення вельмі сур’ёзная – вынікі мінулага года ў
Гродзенскай вобласці. І як пры гэтым прыгожа, расказваючы пра гэтыя самыя вынікі, ён гаварыў пабеларуску! Міжволі заслухаешся. І становіцца не на словах, а на справе зразумела, што «мова наша такая ж людская»...
А я падумала: ну што нам перашкаджае запусціць яе кожнаму ў сваім асяродку? Сярод сяброў, калег, родных? Ну чаму мы заўсёды дзейнічаем па прынцыпу «як людзі з намі размаўляюць, так і мы з імі»? А можа, яны таксама чакаюць, калі з імі нехта загаворыць па-беларуску, каб адказаць гэтак жа…
…Неяк да мяне ў госці завіталі расіяне. Падчас чаяпіцця мне патэлефанаваў нехта са знаёмых, з кім я звычайна размаўляю пабеларуску. Пагаварылі…
Калі закончылі размову, расіяне захоплена сказалі:
– Якая прыгожая беларуская мова! І чаму вы, беларусы, яе саромеецеся? Мы тут не так даўно, і першае, што зрабілі, калі прыехалі ў Астравец, – купілі беларускую кніжку, каб разумець мову народа, з якім нам давядзецца побач жыць і працаваць. А пазней сталі вучыць мову разам з дачкой, якая займаецца ў гімназіі. Дарэчы, веданне, хоць і павярхоўнае, беларускай мовы вельмі дапамагае нам у вандроўках па Еўропе: у Польшчы, Славакіі, Сербіі, ведаючы беларускую мову, можна абысціся без перакладчыка.
Ну што тут скажаш? Толькі сакраментальнае: што маем – не беражом, страціўшы – плачам.
То, можа, не варта бяздумна нішчыць тое, што пакуль яшчэ маем?
… У рэдакцыі гэты тыдзень вырашана аб’явіць тыднем беларускай мовы.
Гавары са мной па-беларуску!
