Хлеб: ад нівы да коласа, ад мукі да бохана
Таму жнівеньскае пасяджэнне клуба «Астраўчанка» прысвяцілі аснове жыцця – Яго Вялікасці Хлебу. І невыпадкова пасярод стала на льняным ручніку ляжаў свежаспечаны Марыяй Шкуратавай бохан (яе, на жаль, не было).
На пасяджэнні прысутнічалі госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Генадзь Бычко і яго памочнік у гэтай грамадскай арганізацыі Надзея Ненартовіч.
– Мой светлай памяці бацька быў аграномам, – сказаў Генадзь Бычко. – Ён часта паўтараў, што важнейшыя здабыткі чалавецтва на працягу яго эвалюцыі – хлеб і масла. Я дык не саджуся за стол без хлеба. І ад напамінку пра безглютэінавыя дыеты, прабачце, шалею. Гэтая новамодная дурасць, іншага слова не падбяру, апраўдана толькі ў тым выпадку, калі ў чалавека алергія на глютэн. Ва ўсіх астатніх – бязмерная шкода. Бо глютэн – гэта клейкавіна, бялок, а значыць – жыццё.
Вады – хоць заліся, камянёў – хоць забіся…
Ірына Шляхтун прыгадала жартаўлівую астравецкую прыказку «Вады – хоць заліся, камянёў – хоць забіся, хлеба прыкупіў – дай жыві». Так было насамрэч, пакуль на нашы землі не прыйшла меліярацыя.
– Я родам з пінскага Палесся. Тым, хто кажа, што на Астравеччыне землі забалочаныя, адказваю: не ведалі вы палескіх балот. Было, што ідзеш на сенажаць, з купіны на купіну пераскокваеш, пад нагамі вада. А калі прыйшла меліярацыя, там з'явіліся ўрадлівыя палеткі: і жыта расце, і травы, і іншыя культуры. Усё пераўтварылася.
У Астравец я прыехала па размеркаванні ў 1976 годзе пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. Усё жыццё адпрацавала на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, хоць называлася яно ў розныя часы па-рознаму.
Пачыналі мы з культуртэхнічных работ: трэба было вызваліць палі ад кустоў, зрабіць колішнія лапікі зямлі ўраджайнымі нівамі. Потым ішлі экскаватаршчыкі, капалі каналы. Глыбокія, да трох метраў, а то і больш. Цяжка ім даводзілася. Некаторыя суткамі працавалі, спалі ў вагончыках.
Пачынала геадэзістам, з нівелірам мерала палі сваімі нагамі, не раўнуючы, што той бусел: накірунак для каналаў пракладвала.
І ўкладчыкам дрэнажу працавала. Таксама нялёгкая справа. Здаралася, што і ў канал увальвалася, і дамоў позна вярталася – усяго хапала.
Сёння на балансе ПМС 754 кіламетры адкрытай меліярацыйнай сеткі, больш за 7 тысяч кіламетраў дрэнажу – гэта ўсё нашы людзі зрабілі: пракапалі, дрэны ўлажылі. Працавалі шмат і цяжка. Жанчын мала было ў арганізацыі, цяжкая гэта справа.
Але як кажуць? Узяўся за гуж – не кажы, што не здзюжыш…
47 гадоў працавала ў меліярацыі. Тры гады таму пайшла на заслужаны адпачынак, узначаліла пярвічную ветэранскую арганізацыю. Але справамі па-ранейшаму цікаўлюся, насычанае жыццё ў калег.
Ад рання да змяркання
– На выгляд гэтай жанчыне не дасі больш за 50 гадоў – а яна, між тым, ужо паўвека працуе на зямлі і вырошчвае хлеб, – сказала, прадстаўляючы Галіну Грамбоўскую, Ірына Шляхтун.
І гэта сапраўды так. Некалі маладзенькай дзяўчынай Галіна прыехала з родных Беняконяў Воранаўскага раёна да старэйшай сястры Чаславы, на той час ужо Адахоўскай. Стала працаваць у падсобным цэху калгаса «Чырвоная зара». Сустрэла тут свой лёс – і засталася на ўсё жыццё…
Калі выходзіла з дэкрэтнага адпачынку, тагачасны старшыня калгаса Мечыслаў Валуевіч прапанаваў ёй пайсці памочнікам брыгадзіра. Так Галіна Генрыхаўна стала земляробам. Шмат гадоў з’яўлялася загадчыкам вытворчага ўчастка, а калі выйшла на пенсію, зноў перайшла ў памочнікі – і працуе да гэтага часу. З ранняй вясны да позняй восені рабочы дзень у яе – ад рання да змяркання.
Гаспадарка ў нас добрая. Дырэктар малайчына: і справу бачыць, і людзей. Аграномы талковыя. Механізатары старанныя. Я ў асноўным з мужчынамі працую, але з імі, не паверыце, лягчэй, чым з нашай сястрой. Так, даводзіцца каторы раз і моцнае слоўца завярнуць – тады думаю: чуў бы мяне мой татка, от плескача ўрвала б. Але ў асноўным слухаюцца. Людзі стараюцца, бо ёсць дзеля чаго. Хто працуе, той і мае, на зарплаты нашым людзям грэх скардзіцца.
Гледзячы на Галіну Генрыхаўну, ніколі не скажаш, што яна шматдзетная бабуля: двое дзяцей падарылі ёй пяцёра ўнукаў, ужо і праўнучка ёсць. І гаспадарку яны з мужам трымалі да апошняга: любіміцу-кароўку збыла толькі ў дваццатым годзе, калі захварэла на ковід.
Мусіць, і праўда маці-зямля сілу дае тым, хто да яе з клопатам і любоўю.
Матулін хлеб
Абмалацілі збажыну, засыпалі зерне ў засекі, змалолі муку – можна і хлеб пячы.
Цяпер многія – прыклад Марыі Шкуратавай не адзінае таму сведчанне – вярнуліся да хатняга хлебапячэння, эксперыментуючы і з сартамі, і са спосабамі выпечкі.
А Марыя Бяляўская расказала, як выпякала хлеб яе матуля.
Для выпечкі хлеба печ рыхтавалася асабліва. Яе выпаляць (не ведаю, як мама вызначала, якой павінна быць тэмпература, але рабіла гэта беспамылкова), затым вымятаюць усё дачыста, да цэглы. На спецыяльную лапату з доўгай ручкай клаліся кляновыя лісты і аер – у нас яго называлі ягер, ён даваў хлебу асаблівы смак і водар, на іх – сфармаваныя круглыя боханы. Калі цеста заставалася, мама рабіла для мяне маленькую булачку, а ў сярэдзіну яе клала яечка – сюрпрызік такі.
Хлеб на лапаце садзілі ў печ. Патрабавалася асаблівае майстэрства, каб рэзка, адным рухам, ссунуць яго. Мама закрывала засланку і казала нам, дзецям: «Засякайце час!» Прыкладна праз гадзіну засланку адымалі і яшчэ колькі часу хлеб даходзіў. Потым яго даставалі, абіралі лісты, клалі на льняны саматканы ручнік – нам адразалі акрайчык.
Ах, які быў смачны матулін хлеб! Яна звычайна дабаўляла ў яго кмен, напэўна, таму я і сёння шукаю ў краме падобны.
Хоць ён, які б смачны ні быў, – не такі, як матулін… Мне, на жаль, яе майстэрства не перадалося. Хоць дзеці часам просяць: спячы такі хлеб, як бабуля…
Боханы – і тоны
Па дадзеных Белстата, сярэднестатыстычны беларус з’ядае ў год 73 кілаграмы хлеба і 23 кілаграмы кандытарскіх вырабаў (вядома, хатнія булкі і шарлоткі статыстыка не ўлічвае). І адна справа – спячы бохан ці два для сваёй сям’і і зусім іншая – накарміць раён ці ўсю краіну. Тут патрабуюцца іншыя тэхналогія, арганізацыя вытворчасці, якой на працягу амаль 40 гадоў, працуючы на розных пасадах спачатку на астравецкім хлебазаводзе, а затым у камбінаце кааператыўнай прамысловасці займалася Марыя Масойць.
Праца была цяжкая. Практыку мы праходзілі на мінскім хлебазаводзе, дзе ўсё аўтаматызавана, печы на электрычным ацяпленні. А тут ручная работа. Нават цестадзяліцеля не было, боханы ўручную фармавалі. Вадкае паліца ў двары ў спецыяльных ёмістасцях захоўвалася. Але побач будаваўся новы трохпавярховы хлебазавод.
Хлеб у той час быў танным: 16 капеек, 18, пазней – 20. На рубель можна было купіць 5 боханаў, яшчэ і на булку заставалася. І карыстаўся ён вялікім попытам. Да прыкладу, у 1985 годзе мы на старой пякарні выпускалі да 400 тон – і не хапала, чэргі стаялі. Дамаўляліся з Вільнюскім заводам і ездзілі туды за хлебам, каб накарміць раён. Нам давалі салдацкі – з вотруб’я, мукі грубага памолу, які каштаваў 12 ці 14 капеек, але і яго размяталі ўмомант. Для параўнання: цяпер наш хлебазавод на тры раёны – Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі – выпускае 40 тон хлеба.
У 1988 годзе запусцілі новы хлебазавод, паставілі сучаснае абсталяванне, электрычныя печы. На той час гэта было самае лепшае прадпрыемства ў сістэме спажыўкааперацыі. Па сутнасці, яно і сёння застаецца такім. Хоць цяпер з 17 ранейшых у вобласці засталося 6 ці 7 хлебазаводаў.
У нас быў бесперапынны спосаб цеставядзення. Закваска паспявала ў вялізных чанах. Мука, соль, цукар – усё падавалася паточна, прама з бункераў. Працавалі кругласутачна, у 3 змены.
Ішоў час. Хлеб, як і ўсё, даражэў. Яго сталі менш ужываць. Нам зноў давялося перастройвацца на перарыўны спосаб цеставядзення, мяняць тэхналогію.
Не хачу хваліцца, але мы добрыя хлябы выпякалі. З 2011 года прымалі ўдзел у розных выставах, конкурсах і ніколі без узнагарод не вярталіся: атрымлівалі «залатыя», «сярэбраныя» медалі, чатыры разы Гран-пры забіралі. На першай «Бацькавай булцы» ў Свіслачы Астравецкі хлебазавод рабіў уваходную групу ў выглядзе вялізнага калабка, складзенага з боханаў. І Прэзідэнт наш хлеб паспытаў: на рэферэндуме 2022 года на ўчастку, дзе ён галасаваў, прадстаўлялі сваю прадукцыю мы і брэсцкія хлебапёкі. Аляксандр Рыгоравіч, пакаштаваўшы, сказаў: «Брэстчане, раўняйцеся на гродзенцаў!» Гэта значыць – на астраўчан, мы гонар вобласці абаранялі.
На камбінаце кааператыўнай прамысловасці працавала амаль 40 гадоў, 18 з іх – дырэктарам. Мы не толькі хлеб выпякалі, былі ў нас і каўбасны цэх, мукамольная, брадзільная вытворчасць, рабілі сваё пячэнне, дражэ, хлебны квас – усяго не пералічыць.
Але больш за ўсё я любіла хлеб. Кожны працоўны дзень пачынала са склада для захоўвання мукі. Удыхну яе водар – і ўсё, можна ісці працаваць!
Напачатку маёй працоўнай дзейнасці, у 1987 годзе, мяне адправілі на курсы павышэння кваліфікацыі ў Ленінград. Там было шмат цікавага і карыснага, але найбольш запомніўся на адным з хлебазаводаў помнік хлебапёкам, якія ў блакаду паміралі з голаду, выпякаючы хлеб. Якія гэта былі людзі! І якой была сіла хлеба.
Доўга ў той дзень астраўчанкі гаварылі пра хлеб, каштавалі яго і іншую смакату, якую прынеслі на сустрэчу ўдзельніцы клуба, успаміналі былое і прыгадвалі цікавыя гісторыі, зноў і зноў вяртаючыся да слоў, якія сталі слоганам не толькі гэтай сустрэчы, але і ўсяго іх жыцця: хлеб – усяму галава.
