Калядныя традыцыі ўзгадваем з найстарэйшымі жыхарамі Астравеччыны

Час падрыхтоўкі
Да Калядаў рыхтаваліся ўсёй сям’ёй. Мужчыны наводзілі парадак у двары, калі патрэбна было, рамантавалі гаспадарчыя пабудовы. Жанчыны прыбіралі хату. Да свята абавязкова бялілі печ. Для гэтага гаспадар разводзіў вапну не вадой, а малаком, каб раствор быў больш трывалым.
Варта зазначыць, што ў прытык да свята не сцягвалі ўсе работы – асноўныя выконвалі за некалькі тыдняў да Каляд. Так, зіма ў нашых продкаў лічылася часам «бабскіх работ»: жанчыны апрацоўвалі тое, што вырасла. Для гэтага ў кожнай хаце існавалі кросны, калаўрот і іншыя прыстасаванні. Першую спрадзеную нітку, абавязкова чырвоную, дзяўчына завязвала на запясце, лічылася, што яна захавае ад сурокаў і гарантуе абавязковае замужжа. На Каляды нічога не рабілі – гэтай забароны няўхільна прытрымліваліся ўсе. Мужчыны не секлі, каб потым «мышы нічога не пасеклі», а жанчыны не шылі, каб не нарывалі пальцы.
Лічылася, што гэтае свята абавязкова трэба сустракаць з сям’ёй – духоўна і фізічна чыстым. Напярэдадні Каляд палілі лазню, мыліся, кожны член сям’і падводзіў своеасаблівы рахунак сумлення.

Цацкі сваімі рукамі
Пра елачныя цацкі, якія на любы густ, колер і памер цяпер можна набыць у магазіне, нашы прадзеды нават марыць не маглі. Усе ўпрыгожванні рабілі самі – з паперы, стужак, кавалкаў тканіны, саломы і іншых прыродных матэрыялаў. Такія самаробныя анёлкі, птушкі і шышкі, мне падаецца, былі больш каштоўнымі за сучасныя бліскучыя круглабокія, але штампаваныя на адзін манер, шары. У кожную саламяную ці папяровую цацку продкі ўкладвалі часцінку душы, кожны выраб зведаў цеплыню чыіхсьці рук.
У некаторых вёсках Астравеччыны весілі на яловыя лапкі яблыкі, арэхі. Пазней з’явіліся невялікія свечкі на адмысловых прышчэпках.
У населенных пунктах варнянскага краю спецыяльна да свята рабілі «балванчыкаў». Праз невялікую адтуліну ў яйку выдзімалі бялок з жаўтком. Вугельчыкам малявалі тварык, прымацоўвалі па баках і ўнізе стужачкі ці саломінкі, якія служылі ножкамі і ручкамі казачнаму персанажу. Размаляваны, склеены з паперы капялюшык прымацоўвалі да яйка – і «балванчык» займаў сваё месца на ялінцы!
Звычайна гаспадар з лета прыкмячаў дрэва. Прыгожую, з пушыстымі лапкамі елку прыносілі за некалькі дзён да свята. Яе ставілі ў крыжавіну і ўпрыгожвалі. Традыцыя нешта дарыць на Каляды была не распаўсюджанай: людзі жылі небагата. Але бацькі стараліся парадаваць дзяцей прыпасенымі з лета ляснымі арэхамі ці баранкамі.
Узгадвае Юзэфа Дакутовіч (77 гадоў), жыхарка аг. Варона:
– Куплёных цацак у нас не было, усё рабілі самі. З паперы выстрыгалі птушачак, потым складвалі чвэрць лістка «гармонікам», у тулаве рабілі нажніцамі адтуліну і прасоўвалі складзены аркуш – атрымліваліся крыльцы. З саломкі рабіла «павука», які прымацоўваўся да столі.
Зорка засвяціла – нараджэнне Дзіцяткі абвясціла
Вячэра на Каляды абавязкова была поснай: пры прыгатаванні страў – іх колькасць не перавышала 12-ці – жанчыны не выкарыстоўвалі нават яйкі, малако ці смятану.
Традыцыйна на стале былі хлеб, селядзец, грыбы, квашаная капуста, вушкі з макам ці грыбамі (часцей за ўсё сушанымі баравікамі), смажаная рыба, кісель некалькіх відаў – белы, звараны на аўсяных шматках, і чырвоны – з журавінаў ці іншых ягадаў. Адметна, што традыцыйнай для кожнай сям’і бульбы падчас каляднай вячэры не было. Затое салодкі напой з цёртага маку падабаўся і дзецям, і дарослым. Да слова, ён, як і грыбы, выкарыстоўваўся ў многіх стравах. У асобнай пасудзіне, макацёры ці цёрніцы, часцей за ўсё мак пераціралі мужчыны. Справа была нялёгкай, «малако» выкарыстоўвалі для прыгатавання вышэй згаданага напоя, а гушчай начынялі «вушкі» ці піражкі.
У некаторых сем’ях пяклі аладкі з рэдкага дражджавога цеста, замешанага на вадзе. Вялікай лыжкай вылівалі цеста на патэльню, у цэнтр клалі кавалак селядца, потым «закрывалі» рошчынай і пераварочвалі аладку.
– Хлеб маці пякла за некалькі тыдняў да свята. Нават спецыяльная дзежка для такога цеста была – на іншыя патрэбы яе не выкарыстоўвалі. Печ выпальвалі бярозай, вугельчыкі выбіралі, венікам начыста ўсё вымяталі. Падрыхтаванае цеста лапатай сунулі ў печ на пасадку, папярэдне падклаўшы пад яго кляновае лісце ці ягер. Дзе бралі іх зімой? З лета мы, дзеці, шмат лісточкаў нарыхтоўвалі і складвалі іх роўнымі стосікамі, якія падвешваліся на гарышчы. Зімой маці здымала лісты і апускала іх у цёплую ваду – так яны не крышыліся. Бохан выходзіў не тое, што зараз, – кілаграмаў пад 5, а то і больш. Калі скласці каля чатырох-шасці цяперашніх астравецкіх боханаў – атрымаецца хлеб з майго дзяцінства.
Узгадвае Лявон Раўдановіч (82 гады)*, жыхар аг. Міхалішкі:
– Хоць бедна жылі – бацькі рана не стала, – але дружна: хтосьці за ялінкай у лес ішоў, іншы – у пуню за сенам, трэці – да студні за вадой. Усё разам рабілі. На стале было, як кажуць, што Бог паслаў: маці клёцкі пякла, качалкай мак цёрла, грыбы прыпраўляла алеем і крышанай цыбуляй. А такіх смачных тлустых селядцоў, якія былі ў маім дзяцінстве, я больш ніколі не каштаваў.
Узгадвае Станіслава Віюк (95 гадоў), жыхарка в. Быстрыцы:
– Бацькі былі дружнымі. Тата – гаспадар якіх яшчэ пашукаць. Не галадалі ні ў будні, ні ў святы. Маці на Куццю накрывала посны стол, на другі дзень Каляд было шмат мяса.
Запомніўся выпадак з дзяцінства, які здарыўся напярэдадні свята. Непадалёк ад нашай хаты была яўрэйская крама. Аднойчы за селядцамі туды пайшоў Болюка Ясюк, а хлопец быў не зломак. Што там здарылася, не прыпомню, – але на ўсю вёску пагалоска пайшла, што Ясюк увесь хрыбет у селядца выгрыз. (Усміхаецца.)
За стол сядалі з першай зоркай. Дадаткова ставілі талерку – ёсць 2 тлумачэнні гэтай традыцыі. Першае – для прашчураў; другое, больш позняе, – для нечаканага госця ці заблукалага падарожніка, у выглядзе якіх у гэтыя святыя дні мог завітаць у хату сам Божы Сын. Сімвалічна гэты момант у сваім вершы апісвае народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:
«У ноч калядную збяры
Усіх здарожаных, халодных,
Усіх забытых і галодных –
І раздары свае дары…»
Самы старэйшы з сям’і запальваў свечку – і ўсе разам маліліся. Дзелячыся аплаткай, прасілі адзін у аднаго прабачэння ці складалі пажаданні. У некаторых сем’ях быў звычай, калі пры гэтым дзеці цалавалі руку старэйшым родзічам. Пасля гэтага пачыналі вячэраць.
Цот ці лішка, Янка ці Грышка
У святкаванні Калядаў цягам многіх дзесяцігоддзяў цесна перапляліся рэлігійныя звычаі і народныя традыцыі. Нічога дрэннага ў гэтым няма: з даўніх часоў чалавек імкнуўся даведацца пра лёс, каханне, ураджай, надвор’е – зазірнуць у сваю будучыню.
Варажылі ў асноўным на дабрабыт у гаспадарцы і сям’і. З-пад абруса выцягвалі саломінкі: доўгая прадвяшчала добры ўраджай ільну, з коласам – урадлівае збожжа, а тоўстая і кароткая – удалае сена. Па даўжыні расліны меркавалі і аб працягласці жыцця і пра хуткае вяселле ў доме.
Звычайна дзяўчаты збіраліся гуртом, каб даведацца, ці пойдуць на наступны год замуж і за якога кавалера. У ход ішло ўсё, што заўгодна, пачынаючы ад свечкі і заканчваючы абдыманнем плоту: цотная колькасць штыкецін «прадказвала», што будзеш у пары. У першага мінака пыталіся імя: лічылася, так будзе звацца будучы муж.
Варта зазначыць, што калядная варажба была гульнёвай, месцамі тэатралізаванай – таму і збіраліся дзеўкі разам, а не заставаліся сам-насам у гэты вечар. На пасядзелках удзельнікі адначасова станавіліся і гледачамі: выльецца з воску вяночак – пойдзе дзяўчына замуж, атрымаецца прамы доўгі кавалак – доўга не ўбачыць на парозе сватоў; ухопіць сабака і з’есць прынесены блін – быць ёй з мужам, закапае – значыць, і дзяўчыну чакае хуткая смерць.
У кнізе «Зямная дарога ў вырай», дзе друкуюцца занатаваныя фалькларыстамі паданні, вераванні, звычаі нашых продкаў, прыведзены цікавы прыклад каляднай варажбы. Лічылася, што калі дзеўка дастане з падпечча пеўня – жаніх не затрымаецца, курыцу – застанецца самотнаю; калі ўхопіць у цёмным хляве барана, кабана ці быка – быць ёй хутка жонкаю, падвернецца пад рукі «саміца» – давядзецца яшчэ пасядзець у дзеўках; выцягне ў дрывотні голае без кары палена – не варта наракаць у будучым на галечу, а калі яно акажацца з сучкамі – мужык трапіцца, што трэба!
Узгадвае Юзэфа Дакутовіч (77 гадоў), жыхарка аг. Варона:
– Старэйшыя дзяўчаты апоўначы варажылі і нас, падрасцякоў, не адганялі. Бралі чыйсьці заручальны пярсцёнак, на некалькі хвілін клалі ў міску са свежай калодзежнай вадой. Потым запальвалі свечку і капалі воск: колца выльецца – хутка замуж пойдзеш, лялька таксама прадказвала шлюб.
– Дзяўчыне на выданні клалі пад падушку канапляныя ніткі, але яна не павінна была пра гэта ведаць. Лічылася, што абавязкова сасніць суджанага.
Узгадвае Марыя Раўдановіч (83 гады), жыхарка аг. Міхалішкі:
– Пасля вячэры бацька цягнуў з-пад абруса сухую травінку: так у нас меркавалі пра будучы лён – шмат мы яго вырошчвалі… Доўгая саломінка прадказвала добры ўраджай. Дзяўчаты ішлі ў дрывотню і, не лічачы, бралі абярэмак дроў: цотная колькасць – да пары. Некаторыя праз страху перакідвалі валёнкі ці іншы абутак: лічылася, у які бок паляціць, адтуль трэба чакаць сватоў.
Па вялікім рахунку, гэта ўсё было бязвіннай забаўкай. Але пра адзін выпадак, калі калядная варажба спраўдзілася, ведаю ад сваёй бабулі. У калядную ноч побач з ложкам дзеўцы на выданне трэба паставіць кубак з вадой, зверху пакласці пруцік, палачку ці штосьці іншае, але абавязкова драўлянае.
Ведаць пра гэта яна не павінна. Лічылася, калі ўсе ўмовы выкананы, – у сне дзяўчыну праз кладку перавядзе яе суджаны. У выпадку маёй бабулі так і сталася. Убачаны ў калядную ноч сон яна забыла, узгадала толькі летам, на танцах у суседніх Дзірмунах. Калі ў хату ўвайшоў апрануты ў фланэлевую кашулю і модныя тады штаны галіфэ паджары, кучаравы юнак – яе будучы муж, мой дзядуля…
Пакуль дзяўчаты варажылі на суджанага, хлопцы сваволілі: мянялі месцамі вароты, падпіралі дзверы, а часам нават анучамі комін закладвалі: раніцай, калі палілася печ, увесь дым ішоў на хату…
Потым моладзь ішла каледаваць. Па ўспамінах некаторых жыхароў Астравеччыны, самы жвавы і востры на язык хлопец «убіраўся» за казу ці мядзведзя – і гурт шыбаваў па вёсцы, не мінаючы ніводнага двара. У Бабраўніках, напрыклад, калядоўшчыкаў называлі лалоўнікамі. За песні і настрой гаспадары аддзячвалі валачобнікам, хто чым мог.
* Пакуль рыхтавалі да выхаду ў свет газету прыйшла сумная навіна: не стала Лявона Раўдановіча. Светая яму памяць.
Фота Андрэя Памецькі і Алёны Гануліч
