Калядныя традыцыі сваёй сям’і успамінае Галіна Андралойць
Другі – народны, сямейны, калі родныя і блізкія збіраюцца за агульным сталом, віншуюць адзін аднаго, абменьваюцца падарункамі, калядуюць…
Калі абодва гэтыя складнікі з’яднаны настолькі цесна, што немагчыма аддзяліць адзін ад другога; калі ў сямейнай малітве адчуваецца радасць свята, а калядоўшчыкі ў вітальных песнях праслаўляюць нараджэнне Божага Дзіцяці – тады свята і становіцца сапраўдным.
Пра сямейныя традыцыі святкавання Ражаства Хрыстова расказвае астраўчанка Галіна Андралойць.
– Хоць усё маё свядомае жыццё прайшло на Астравеччыне, родам я з Брэстчыны. Там усе паселішчы вялікія, і наша вёска Гарадная ў Столінскім раёне не выключэнне. Царква ў ёй старажытная, а нядаўна яшчэ адну ў гонар Міколы Цудатворцы пабудавалі.
Мае продкі заўсёды ішлі па жыцці з Богам. Дзед Фёдар, мамін бацька, быў царкоўным старастам. У вайну перад прыходам немцаў ён сабраў царкоўнае начынне, злажыў у бочкі і закапаў. Дастаў і вярнуў у царкву, калі вёску вызвалілі. Мае дзяды і прадзеды пахаваны каля сцен храма: так ушанавалі іх заслугі перад праваслаўнай абшчынай.
А мяне лёс закінуў у каталіцкі край. І замуж я выйшла за католіка. Але ў пытаннях веры ў нас з мужам поўнае паразуменне: мы сыходзім з таго, што Бог у нас адзін, мы хрысціяне, а што яго і мая сям’я адносяцца да розных канфесій, то гэта не прычына для разладаў. Мы паважаем традыцыі і стараемся іх захоўваць. На каталіцкае Ражаство заўсёды ідзём у госці да мужавых бацькоў, іншых родзічаў: дзелімся аплаткай, адзначаем разам свята. А на праваслаўнае, як правіла, едзем да маіх. Калі не атрымліваецца, то прымаем гасцей у нас.
Але я, вядома, найбольш люблю, калі мы збіраемся на свята ў родным доме – там атмасфера зусім іншая, у паветры, здаецца, звіняць калядныя званочкі. І кожны крок, кожны ўздых, рыпенне маснічыны нагадвае шчаслівую пару дзяцінства…

У нас вялікая сям’я: у мяне дзве сястры і брат. І, на шчасце, вельмі дружная. Калі на Ражаство ці на Вялікдзень збіраемся разам – з мужамі, жонкамі, дзецьмі, унукамі, то за стол садзіцца 25 чалавек – гэта толькі самых родных, без дзядзькаў-цётак, стрыечных і траюрадных.
Але перш за ўсё мы ідзём у царкву: супольная малітва – гэта першая і абавязковая ўмова свята.
Вечарам напярэдадні Ражаства стол звычайна вельмі сціплы. Раней ніхто не ведаў традыцыі наконт абавязковых дванаццаці страў, гэта ўжо мы паціху прыўносім яе ў родны дом. Даўней на стале ў святы вечар звычайна была бульба – печаная ці ў мундзірах, квашаная капуста, агуркі, кісель. Абавязкова – куцця, яна сімвалізуе дабрабыт, багацце ў надыходзячым годзе. Варылі яе з пярловых круп, дадавалі для смаку сухія грыбы, папярэдне адвараныя і падсмажаныя на алеі, цыбульку і моркву, таксама абсмажаныя.
Ражаство пачынаецца з літургіі: ніхто не разгаўляецца, пакуль не закончыцца служба ў храме. Свята ж не для таго, каб наесціся «ад пуза», а каб памаліцца, разам парадавацца, што нарадзіўся Збаўца.
Калі ж вяртаемся з царквы, то садзімся за стол. Цяпер, вядома, ні разнастайнасцю страў, ні кулінарнымі «выкрунтасамі», ні экзатычнымі інгрэдыентамі нікога не здзівіш: тое, што некалі падавалі толькі на святы, штодня прапануюць на абед. Але ў бацькоўскай хаце мы стараемся прыгатаваць традыцыйнае, тое, што заўсёды гатавалі ў гэты дзень, што любяць бацькі, што атаясамліваецца з Ражаством: халадзец, галубцы… З салатаў – селядзец пад шубай, аліўе. Абавязкова – боршч на рабрынках з грыбамі, густы, наварысты. Звычайна запякаем у печы качку – бацькі, калі былі маладзейшыя, трымалі вялікую гаспадарку: свіней, гусей, качак – мяса хапала. Мама некалі проста смажыла, мы з сёстрамі сталі начыняць качку яблыкамі ці яшчэ чым. На дэсерт у нас звычайна наліснікі: выпякаем тонкія бліны, загортваем іх з тварагом, затым рэжам на кавалкі, складваем у каструльку, перамазваем маслам і ставім у цёплую печ. Яны распарацца – і робяцца такімі смачнымі… Расказваю – і слінкі цякуць!
А калі паабедаем, нагаворымся, то выпраўляемся каледаваць. Пераапранаемся: хто кажух выверне, шапку задам наперад надзене, хто хустку квяцістую завяжа, шчокі намалюе ці проста дожджыкам упрыгожыць паліто ці футра. Запрашаем гарманіста – сусед у нас майстар па гэтай справе – і ідзём ад хаты да хаты. Спяваем: «Новая навіна парадзіла Сына, парадзіла ў Віфлееме Марыя адзіна…» і іншыя калядныя песні.
Калядоўшчыкаў у кожнай хаце прымаюць як дарагіх гасцей: садзяць за стол, частуюць. Даюць хто кавалак пірага, хто колца каўбасы, прысмакі ці грошы. Але калядуем не дзеля пачастункаў, сёння ні пірагамі, ні каўбасой нікога не здзівіш. Лічыцца, што калі ў святыя вечары ў хату завіталі калядоўшчыкі і павіншавалі гаспадароў, то год будзе багатым, удалым, шчаслівым. А калі ніхто ў акно ці ў дзверы не пастукаўся, то нешта з табой не так... Да слова: у Пінску, дзе жыве мая сястра, шмат цэркваў і на Ражаство прыхаджане ходзяць па горадзе і калядуюць на царкву – тады даюць найперш грошы. Аднойчы і я трапіла ў такую суполку – вельмі цікава.
У гэтае свята душа, як кветка, распускаецца, напаўняецца дабрынёй, любоўю да ўсіх і кожнага. І не ў мяне адной: здаецца, усе людзі становяцца лепшымі, дабрэйшымі, благадаць нібыта вісіць у паветры і напаўняе сэрца кожнага, хто гатовы яе ўпусціць…
Бацькі нашы ўжо старэнькія: тату 89 гадоў, маме 86. Зімой яны жывуць у Пінску ў братавай кватэры. Але на Ражаство ўсё роўна паедуць у вёску, у сваю хатку. І мы зноў збяромся там усёй вялікай сям’ёй: пойдзем у царкву, разам сядзем за стол, пакалядуем… Радасна, што побач з намі нашы дзеці, унукі; у таты з мамай ужо шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Яны ўсё бачаць, чуюць, упітваюць, пераймаюць традыцыі – хочацца верыць, што некалі, стаўшы дарослымі, будуць сустракаць Ражаство гэтак жа радасна, светла, узнёсла, як іх прадзеды, дзяды, бацькі.
Фота з архіва гераіні