Как решить проблему бездомных собак на улицах Островца?
“Жывуць і кот, і сабака – ды доля не аднака”, – казала калісьці мая мудрая маці. Бо пакуль кот грэецца на печы, сабака мерзне ў будцы – і добра, калі яна яшчэ ёсць… У рэдакцыю патэлефанавала, уся ў слязах, жыхарка Астраўца Ірына Антонаўна Муха. Праблема ў яе застарэлая, і нават газета ўжо не раз пісала пра яе. Жанчына жыве каля прахадной МПМК- 158, і яе дом аблюбавалі два бяздомныя сабакі, дакладней, сучкі. Сардэчная і жаласлівая жанчына час ад часу падкормлівае галодных жывёлін – вось і труцца яны каля яе дзвярэй.
І час ад часу прыносяць у якасці падзякі пад тыя дзверы сваё “багацце” – прыплод, які з зайздросным пастаянствам з’яўляецца ў пладавітых сабачых мацярок.
– Што рабіць? Падкажыце – ці дапамажыце! – жалілася Ірына Антонаўна. – Я ж не магу карміць цэлую сабачую зграю. І не карміць не магу: немагчыма глядзець у гэтыя галодныя вочы… Забраць гэтых беспародных, паршывых, хворых сабак дахаты ніхто не хоча. Знішчыць іх – таксама. Чамусьці ў нас пад выглядам бяздомных часта знішчаюць сабак нават з ашыйнікамі, калі яўна бачна, што яны хатнія, проста вырваліся з падвор’я – а гэтых вось хворых, бадзялых, усімі кінутых – ніхто не хоча. Хоць я неаднойчы звярталася і ў камунгас, і ў міліцыю. Калі мы не можам забяспечыць братам нашым меншым годнае існаванне, то, можа, больш гуманна было б усыпіць іх – каб не мучыліся ні яны, ні людзі? Побач жа аўтобусны прыпынак. Сабакі бягуць туды і, хоць яны ўвогуле добразычлівыя, людзі, асабліва дзеці, палохаюцца. Ды і ўвогуле – ці мала што ў звера ў галаве? А як пачынаюцца іх “сабачыя вяселлі”, то страшна нават тым, хто не баіцца.
Праблема бяздомных жывёлін настолькі ж даўняя, наколькі і неадназначная. Можна доўга гаварыць пра мараль, узгадваць Сент-Экзюперы і што мы ў адказе за тых, каго прыручылі…
Але існуюць правілы ўтрымання хатніх жывёл і абыходжання з бяздомнымі. І іх трэба выконваць…
-------------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
