Как Островетчина отмечала День мамы

Шумна, весела і прыгожа было напярэдадні і ў Дзень маці ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і ў гарадскім парку.
Выхаванцы і педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў свята маці не пакінулі жанчын без увагі. У гэты дзень усіх, хто праходзіў праз гарадскі парк, віншавалі мімы – яны дарылі жанчынам-маці кветкі-брошкі, зробленыя на занятках гурткоў сваімі рукамі, і прапаноўвалі ўзяць з чароўнага кошыка скрутак з пажаданнем.
І трэба было бачыць, як свяціліся радасцю твары жанчын, а на вачах час ад часу блішчалі слёзы радасці...
___________________
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.
* * * * *
Напярэдадні Дня маці супрацоўнікі Астравецкай дзіцячай і раённай бібліятэк прыйшлі ў госці да выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з праграмай “Зазірніце ў маміны вочы”.
Ва ўтульнай зале сабраліся навучэнцы цэнтра і іх мамы, для якіх бібліятэкары падрыхтавалі забаўляльныя конкурсы: сабраць цукеркі і пачаставаць матуль, дапамагчы мамам развесіць бялізну, адгадаць загадкі.
Дзеці назвалі і пералічылі ласкавыя і прыемныя словы ў адрас сваіх любімых мам, паслухалі вершы пра матулю. Мамы і супрацоўнікі бібліятэкі атрымалі ў падарунак ад выхаванцаў самаробныя сувеніры.
Мерапрыемства было напоўнена шчырымі ўсмешкамі мам, апладысментамі дзяцей, словамі падзякі, пажаданнямі.
Такія сустрэчы неабходны не толькі дзецям, але і іх мамам, каб яшчэ раз нагадаць сабе і іншым аб тым, як важна і адказна быць мамай, як гэта радасна, а часам – і балюча. І як цудоўна, калі маміны вочы свецяцца дабрынёй і спагадай.
____________________________
Ганна КЕРЭЛЬ, бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі.
* * * * *
Усіх, хто ў мінулую пятніцу прыйшоў у кінаканцэртную залу “Астравец”, чакаў сюрпрыз: акрамя ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню маці, тут праходзіў конкурс маладых спецыялістаў “Творчасць без межаў”.
Урачысты і святочны настрой адчуваўся ўжо ў фае, дзе вока радавала выстава малюнкаў “Мама”, а члены райкама БРСМ і раённага аб'яднання прафсаюзаў раздавалі прысутным прыгожыя сэрцайкі – як сімвал вялікай любові да сваіх матуль.
Падчас урачыстага мерапрыемства ўсіх маці павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Павел Віктаравіч Мілешка.
– Мама – галоўны і самы дарагі чалавек у жыцці кожнага, – адзначыў П.В. Мілешка. – Яна надзейна захоўвае шчасце свайго дзіцяці і дапамагае перажыць усе няшчасці. Галоўная мэта і жаданне кожнай маці – вырасціць дастойнага чалавека і грамадзяніна сваёй краіны.
Да віншаванняў далучыўся і благачынны Астравецкага благачыння, айцец Георгій Савіцкі:
– Адметна, што Дзень маці прыпадае на вялікае царкоўнае свята Дня Пакрова Божай Маці. Няхай яна, як і кожная маці, абараняе ўсіх вас ад зла і бед. Любіце і шануйце сваіх матуль.
Міра і дабра ў кожную сям’ю, любові і шчасця ўсім жанчынам, якія носяць ганаровае званне маці, пажадала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць. І яна ж аб’явіла аб пачатку конкурсу сярод маладых спецыялістаў “Творчасць без межаў”.
...І пасыпаліся крэатыўнасць, артыстызм і фантазія – маладосць на выдумкі багатая. Пятнаццаць канкурсантаў з розных сфер дзейнасці дэманстравалі самыя разнастайныя таленты. Многія нумары прысвячаліся менавіта Дню маці. Перавага была аддадзена песні: спявалі не толькі работнікі культуры, але настаўнікі і ўрачы, майстар лясной гаспадаркі і прадстаўнікі сельгаскааператыва – і варта адзначыць, што некаторыя аматары-самавучкі нічым не саступалі прафесіяналам. Не абышлося і без танцаў: нікога не пакінуў абыякавым філасофска-пранікнёны нумар маладога харэографа цэнтра культуры і народнай творчасці, а вясёлая і няўрымслівая шасцёрка выратавальнікаў прадэманстравала ўменне не толькі тушыць пажары, але і “запальваць” у дыскатэчным рытме.
Знайшліся сярод моладзі і віртуозы ігры на музычных інструментах. “Венгерка” на цымбалах выклікала дружныя апладысменты, а непаўторнае выкананне задорных матываў на духавых інструментах ад квартэта з дзіцячай школы мастацтваў прымушала яшчэ і прытанцоўваць. Былі сярод маладых канкурсантаў і паэты: супрацоўніца СВК “Гервяты” прачытала свой верш, прысвечаны маме, – атрымалася чулліва і шчыра.
У выніку журы ацаніла творчасць і старанне ўдзельнікаў і вынесла свой прысуд. Трэцяе месца заняла харэограф Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці Маргарыта Яцэвіч, другое – педагог дзіцячай школы мастацтваў Дзіяна Фанван, а пераможцай конкурсу стала супрацоўніца раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вераніка Ганчарова. Усе яны былі ўзнагароджаны дыпломамі і атрымалі падарункі.
_____________
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.
* * * * *
Напярэдадні Дня маці прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын накіраваліся ў госці да гаспадынь: на іх прыгожых і дагледжаных сядзібах з ранняй вясны да позняй восені цвітуць кветкі.
Напрыканцы лета па ініцыятыве жаночай арганізацыі ў раёне стартаваў конкурс “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”.
– Усе работы, якія жанчыны прадставілі на конкурс, былі годнымі, цікавымі і запамінальнымі. На абласны этап конкурсу мы накіравалі тры з іх, – расказала старшыня раённай арганізацыі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч.
А напярэдадні Дня маці фіналісткі раённага этапу – Аксана Уладзіміраўна Юркойць і Інеса Вяславаўна Багдановіч з Варнян і Ірына Станіславаўна Шукель з Гудагая – атрымалі дыпломы і падарункі ад раённай арганізацыі, якія жанчынам уручылі Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч і сакратар жаночай арганізацыі Юлія Альбінаўна Ражко.
___________________
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
* * * * *
“Будзем вечна праслаўляць тую жанчыну, чыё імя – МАЦІ!” – пад такой назвай прайшоў тыдзень, прысвечаны святкаванню Дня маці ў Варонскім дзіцячым садзе-пачатковай школе.
Тыдзень маці ў Варонскім НПК распачаўся выставай-конкурсам “Восеньскія цуды з агарода”. Вырабы з бульбы, яблыкаў, кукурузы, морквы, гарбузоў здзіўлялі непаўторнасцю і крэатыўнасцю. На выставе былі букеты, кошыкі з кветкамі і з восеньскімі дарамі, паруснікі, машынкі, павуцінкі, мядзведзікі, вусені і матылькі – усяго не злічыць.
Свята без кветак – хіба ж гэта свята? Здаецца, усе кветкі сабралі на паперы школьнікі, каб зладзіць з іх букеты для мамаў, – светлымі, цёплымі і па-дзіцячы шчырымі атрымаліся малюнкі для выставы “Букет для мамы”...
Кульмінацыяй тыдня стала святочная праграма, якая прайшла 14 кастрычніка. Шчырыя словы віншаванняў, песні, танцы і тэатралізаваныя мініяцюры для дарагіх матуль падрыхтавалі навучэнцы, а ўсе выступленні суправаджаліся відэасюжэтамі і фотазамалёўкамі са здымкамі мам.
Думаецца, што гэтыя імгненні свята нікога не пакінулі раўнадушным.
______________________________________
Галіна ЧАХРАЧ, намеснік дырэктара Варонскага НПК.
