Иосиф Баран из Больших Свирянок форсировал Одер

У колішнім мястэчку Свіранкі (пазней – вёска Вялікія Свіранкі Падольскага сельсавета) ў сям’і Франца і Марыяны Бараноў 23 ліпеня 1916 года нарадзіўся сын Іосіф – пра тое сведчыць запіс у касцёльнай метрыцы.
– Сям’я таткава была вялікая – 6 дзяцей. Аднак адукацыю ім дзядуля з бабуляй далі: бацька 4 класы скончыў – па тым часе добрая навука, – расказвае жыхарка Падольцаў Ядвіга Капуста.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іосіф прайшоў тэрміновую службу ў сапёрным батальёне. Там жа, у цэнтры навучання сапёраў, хлопец атрымаў пасведчанне вадзіцеля ваенных аўтамабіляў, а дакладней – грузавікоў.
– Не паспеў татка вярнуцца дамоў, як на нашы землі абрушылася фашысцкая навала. Астравеччына аказалася пад акупацыяй. Нямецкія ўлады пачалі выдаваць мясцовым жыхарам дакументы, якія засведчвалі іх асобу, – аўсвайсы. Быў і ў бацькі такі – я перадала яго ў музей Падольскай школы, – працягвае жанчына.
Апроч стандартных звестак пра нараджэнне, імя, месца жыхарства, у дакуменце пазначаны нацыянальнасць, веравызнанне, апісана знешнасць і пададзены іншыя звесткі, якія характарызавалі асобу, – дастаткова выразны вобраз вымалёўваўся, а ў дадатак там жа змяшчалі фотаздымак і адбітак указальнага пальца.
Астравеччыну вызвалілі ў ліпені 1944-га, а ў лістападзе Іосіфа прызвалі на фронт. Наш зямляк быў залічаны стралком у 9-ты пяхотны полк 3-й пяхотнай дывізіі. А праз 4 месяцы атрымаў асколачнае раненне лакцявога сустава – на гэтым вайна для яго скончылася: перамогу салдат сустрэў у шпіталі.
– Параніла яго падчас фарсіравання Одара, – прыгадвае рэдкія бацькавы згадкі пра той час Ядвіга Іосіфаўна. – Нагадвала татку пра сябе вайна ўсё жыццё: руку яму хоць і выратавалі, але жалеза з локця не ўсё дасталі – балела.
Вярнуўся наш зямляк у Свіранкі ў лістападзе 1945-га.
– А ў 1948-м ажаніўся. Бацькоў сасваталі – мама родам з суседняй вёскі, з Малых Свіранак. Спярша яны жылі са свёкрамі, а тады аддзяліліся – набылі ўласную хату. Двое дзяцей нарадзілі, – дзеліцца дачка ветэрана. – Тата працаваў у саўгасе “Падольскі”. Добры работнік быў і сапраўдны гаспадар: заўсёды ў яго парадак, усё зроблена па-майстэрску. Любіў у шашкі гуляць і музыку. Купіў баян і сам навучыўся на ім іграць, на слых мог любую мелодыю падабраць. Часта гучала музыка ў нашай хаце: выйдзе бацька на ганак, сядзе – і адводзіць душу на баяне.
Асобнай, закрытай, тэмай для Іосіфа Францавіча была вайна. Медалі ветэран трымаў у асобнай скрыначцы ў шафе, а пра тыя дні размоў з блізкімі не заводзіў, ды і яны не лезлі да яго ў душу.
– Адно толькі ўзгадваў: баі на Одары, усё гараваў: «Столькі людцаў палягло!» Святам святаў для таткі быў Дзень Перамогі! – гаворыць Ядвіга Капуста. – А як прыгожа гэту дату ўшаноўвалі! Аб’езд урачысты заўсёды ладзілі: 15 рэспублік Саюза – 15 сясцёр. На матацыклах сядзелі дзяўчаты, кожная – у нацыянальным адзенні і са сцягам вызначанай рэспублікі. А ў пачатку святочнай мотакалоны везлі сцяг краіны – Савецкага Саюза. Ля помніка ўдзельнікаў мітынгу сустракалі вяскоўцы – дарослыя і дзеці. Настаўнікі з вучнямі рабілі доўгія вянкі-стужкі для ўскладання на помніку, ваенкіраўнік зрабіў хлопцам, якіх ставілі ў ганаровую варту, драўляныя аўтаматы. Сельсавет падвозіў на ўрачыстасць ветэранаў, потым настаўнікі ладзілі святочны канцэрт у клубе… Прыгожа было!
Пайшоў з жыцця ветэран у 1995 годзе, у найдаражэйшае для сябе свята – 9 Мая.