Гісторыя кахання: Ганна і Іван Штуры вучыліся ў адным класе

Часта ад сямейных пар, якія пражылі ў каханні і згодзе шмат гадоў, можна пачуць: «Мы сустрэліся выпадкова…». І міжволі ўспамінаюцца словы, якія прыпісваюць Эйнштэйну: «Выпад­ковасць – візітная картка Бога». Ці іншае, невядомага аўтара: «А боги смеялись всё утро и вечер. Смешила их фраза «Случайная встреча…». Сапраўды – як, чаму двое незнаёмых, а часам добра знаёмых, але да таго чужых людзей з соцень сцежак аднойчы ступаюць на тую, якая вядзе насустрач лёсу; як яны разумеюць, што вось гэты мужчына ці жанчына з вялікага мноства, што прайшлі міма незаўважнымі, – твая палавінка, той чалавек, з якім хочацца быць у горы і радасці да канца сваіх дзён. Што ні кажыце, а ёсць у гэтым нешта невытлумачальнае, цудоўнае…

Каб упэўніцца, што гэта так, напярэдадні Дня святога Валянціна мы папрасілі некалькі сямейных пар расказаць гісторыю свайго знаёмства.

Расказвае Ганна Штура 

«Мы з мужам аднакласнікі»

– Сёлета 5 лютага споўнілася 45 гадоў, як мы з маім Іванам Ігнатавічам разам. І хто б мог падумаць, што так і будзе, тады, у школьныя гады?!

Мы з Іванам аднакласнікі. Пасля Дайноўскай сямігодкі я прыйшла ў Астравецкую школу. У паралелі было 2 класы, я вучылася ў «А», ён – у «Б». У дзясятым вучняў паменшала, і нас аб'ядналі. Тады мы з Іванам сталі сябраваць. Не сказаць, каб сур'ёзна: праводзіў дахаты колькі разоў са школьных вечароў. Якая там сур'ёзнасць у 17 гадоў, калі вецер у галаве гуляе!

Школу закончылі – і шляхі нашы разышліся: у яго былі свае сяброўкі-сімпатыі, у мяне – свае кавалеры. Я пайшла працаваць лінатыпісткай у друкарню, хутка замуж выскачыла, услед за мужам паехала да яго на радзіму, у Кіеў. Але сямейнае жыццё не заладзілася… Дачушка нарадзілася, толькі шлюб наш не ўратавала. Пагаравала я на чужыне з малым дзіцем ды мужам-гулякам – і вырашыла вярнуцца ў Астравец.

Дома добра: тата, мама, сябры. На работу зноў уладкавалася ў друкарню. Пра асабістае жыццё, забавы не думала. Якія ўжо танцы-абдыманцы мне, развядзёнцы з дачкой на руках?



Ад агульных знаёмых даведалася, што Іван Штура вярнуўся з арміі. Ну і хай сабе – мне што. А потым неяк летам вярталася з Мінска і на вакзале ў Гудагаі сустрэла яго. Пагаварылі пра тое-сёе і разышліся. А праз нейкі час ён прыйшоў да нас дахаты, гасцінцы Аксанцы маёй прынёс. З таго часу пачалі сустракацца. Зімой пажаніліся.

Не скажу, што гэтыя 45 гадоў мы пражылі, як у раі, – рознае здаралася. Але я ўсё жыццё ўдзячна Івану, што ён да Аксаны, маёй дачкі ад першага шлюбу, адносіўся як да роднага дзіцяці. У нас яшчэ і Наташка нарадзілася, але муж ніколі не дзяліў дзяўчынак на «сваю» і «чужую». Ехаў з сесіі з Ленінграда  – заўсёды вёз гасцінцы і Аксане, і Наташы. Можа, таму, што сам у дзяцінстве жыў з айчымам і ведаў, як гэта нясоладка? 

І Аксана яго з першага дня і да сённяшняга часу татам называе. А цяпер у іх адносіны нават больш цёплыя, чым з Наташай, – магчыма, таму, што малодшая ў Мінску жыве, радзей бачацца.

У маладосці ўсялякага было. Цяпер, як пастарэлі, шкадуем адзін аднаго, стараемся ў выпадку чаго дапамагчы, падтрымаць. І я рада, што жыццё пражыла менавіта з гэтым чалавекам, з якім лёс аднойчы звёў у адным класе.

Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber  https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.

Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов. 


Текст: Нина Рыбик