Герои Великой Отечественной: Иван Кулис вернулся с войны с осколком в голове
– Мой прадзед Іван быў адзіным дзіцём у бацькоў – можна толькі ўяўляць, як рвалася іх сэрца, што за думкі раіліся ў іх галаве, калі праводзілі яго на вайну, – разважае дзесяцікласніца Гервяцкай школы Аліцыя Куліс.
– Родам прадзед з Гальчун. У пасведчанні аб нараджэнні запісана, што нарадзіўся ён 7 чэрвеня 1920 года, на самой справе быў маладзейшы на 3 гады, – дзеліцца дзяўчына. – Прадзед быў адукаваным – скончыў 4 класы школы. Да вайны працаваў на будаўніцтве Альхоўскай фабрыкі.
Як сведчаць запісы ва ўліковай картцы, у ліпені 1944-года, пасля вызвалення нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Іван Станіслававіч адправіўся на фронт. Служыў наш зямляк аўтаматчыкам 101-га стралковага палка.
– З вёскі на барацьбу з захопнікамі тады пайшло больш за 40 чалавек. Мае родзічы дакладна ведаюць, што абараняць Радзіму разам з прадзядулем адправіліся яго аднафамілец Пётр Куліс, Эдуард і Кароль Лукойці, Уладзімір Алёкса, Уладзіслаў Петрык. Мужчыны па прозвішчах Базюк і Базевіч не вярнуліся…, – прыгадвае імёны Аліцыя.
Івану пашанцавала ацалець, хоць у абцугі смерць брала яго двойчы: раненне нагі пакінула «на памяць» кульгавасць, а пасля другога ранення асколак у галаве ветэран пранасіў усё жыццё.
– Прадзед амаль нічога пра тыя часы не расказваў, ва ўсякім выпадку, сваім родным. Ведаем толькі адну гісторыю, – расказвае праўнучка ветэрана. – Пра аперацыю па знішчэнні варожага блокпаста. Салдаты былі ўпэўнены, што цяжкай тэхнікі там няма, аднак яны памыляліся. Група паспела толькі падпаліць блокпост – і іх накрыла лавінай агню. У жывых застаўся толькі мой прадзядуля. Ён прасядзеў суткі ў рэчцы, раніцай выпаўз з вады і падпаліў стог сена – адцягнуў такім чынам увагу праціўніка і змог вярнуцца да сваіх.
Куліс дайшоў да Берліна, але пасля Перамогі паехаў не дамоў, а ў Вялікія Лукі. Там у ваеннай часці гальчунскі хлопец служыў да 1947 года.
– За ўвесь час толькі раз дамоў у адпачынак прыязджаў, – гаворыць Аліцыя.
ВЕТЭРАН
У тым жа годзе, як вярнуўся з войска, Іван Станіслававіч ажаніўся – глянулася яму мясцовая дзяўчына Леанарда Урбановіч. У іх нарадзілася трое сыноў: Іван, Вацлаў і Раман.
– Прадзядуля ўладкаваўся на машынна-трактарную станцыю ў Астраўцы. А калі калгасы ў Гальчунах і Мацках аб’ядналі ў адзін, пайшоў туды брыгадзірам, пазней тыя землі далучылі да калгаса «Радзіма», – знаёміць з працоўнай біяграфіяй родзіча школьніца. – На пенсію выйшаў у 1983 годзе, але сельскую гаспадарку не пакінуў – яшчэ 8 гадоў там шчыраваў. Працаваў, пакуль мог.
І, колькі дазвалялі сілы, быў пастаянным удзельнікам мітынгаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, ветэранскіх пасядзелак, якія арганізоўваў для франтавікоў калгас, і мотапрабегаў да Дня Перамогі.
– Меў свой матацыкл з каляскай – гэта быў яго гонар, садзіў у яго старэйшую ўнучку – і ў складзе святочнай калоны яны выпраўляліся на прабег, – расказвае Аліцыя.
Адным з найважнейшых святаў Іван Станіслававіч лічыў 9 Мая. Для такіх важных момантаў мужчына трымаў асобны пінжак.
– На пінжаку былі прымацаваны баявыя, юбілейныя і працоўныя ўзнагароды. Пачэснае месца там займалі медалі «За адвагу» і «За ўзяцце Берліна», ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, – пералічвае праўнучка ўзнагароды ветэрана і дадае: – Прадзед любіў ва ўсім парадак, што ў справах, што ў рэчах – лічыў, што ўсё павінна быць на сваім месцы. А яшчэ, па звычцы маладосці, карыстаўся небяспечнай брытвай для галення, якую заточваў аб партупею.
У памяці родных Іван Станіслававіч застаўся дбайным гаспадаром, заўзятым паляўнічым, клапатлівым мужам, любячым бацькам і дзедам.
– Мой дзядзька расказваў, што для дзяцей і ўнукаў гэта быў тата, старэйшы таварыш і сябар у адной асобе: і паўшчуваць мог, і пасварыцца, і падурэць разам, – усміхаецца дзяўчына.
Іван Станіслававіч пайшоў з жыцця 14 чэрвеня 1995 года. Бацькоўскую хату дзеці не прадалі, яна стала своеасаблівым музеем сям’і Куліс.
– Дом цяпер належыць майму дзядзьку, які жыве ў Літве. Ён з сям’ёй часта сюды прыязджае. Мы любім там збірацца, каб разам правесці час. А дзядзькава жонка часам ладзіць для нас конкурсы-квэсты на веданне сямейнага дрэва, прычым абавязкова прыпасе падарункі для тых, хто правільна выканае заданне, – расказвае пра сямейныя традыцыі школьніца. – У хаце ўсё засталося так, як пры жыцці прадзядулі з прабабуляй: на сцяне фотаздымкі родзічаў у рамках, мэбля – гэта стварае асаблівую атмасферу, быццам завітваеш у госці да продкаў…
Аліцыі не давялося ўбачыць свайго прадзеда, паразмаўляць з ім, пагушкацца на яго руках, бо яна нарадзілася тады, калі ветэрана ўжо не было на гэтым свеце. Дзяўчына ведае свайго героя Перамогі па фотаздымках і расповедах родзічаў – і, як яе бацька і стрыечны дзед, некалі «пазнаёміць» з Іванам Кулісом сваіх дзяцей.
Фота аўтара і з архіва сям’і КУЛІС.