"Гарачым" стаў мінулы тыдзень для выратавальнікаў

Мінулы тыдзень выдаўся вельмі гарачым для супрацоўнікаў раённага аддзялення па надзвычайных сітуацыях.


21 красавіка ў 11.45 у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб тым, што ў вёсцы Бялькішкі гарыць хлеў. Да месца выкліку былі накіраваны 4 адзінкі спецыяльнай тэхнікі, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, “Хуткая дапамога” цэнтральнай бальніцы і аўтамабіль “Аварыйная” “Астравецрайгазу”. У выніку пажару хлеў быў поўнасцю знішчаны.
Як стала вядома, гаспадыня дома з 10 сакавіка 2010 года была змешчана ў палату сястрынскага догляду Міхалішкаўскай сельскай участковай бальніцы і зараз там знаходзіцца.
Папярэдняя прычына пажару – выпальванне сухой травы.
А 23 красавіка прыкладна ў абед паступіў сігнал аб пажары ў вёсцы Вялікія Стаўпяняты Спондаўскага сельсавета. Туды накіраваліся пажарныя аўтацыстэрны з Астравецкай часці, а таксама з пастоў Страчы, Варнян, Свір Мядзельскага РАНС і Лынтупы Пастаўскага РАНС. Калі яны прыехалі на месца выкліку, драўляны хлеў ужо быў знішчаны агнём, а нежылы дом, які знаходзіўся побач, таксама поўнасцю ахоплены полымем.
У гэтай частцы вёскі знаходзіліся два нежылыя і адно жылое домаўладанне. У той дзень 43-гадовы мужчына перад святамі наводзіў парадак каля свайго дома, распаліў вогнішча і, стаміўшыся, пайшоў дамоў адпачыць. А агонь у той час не спаў і падышоў да нежылых пабудоў.
У выніку пажару, акрамя хлява, былі знішчаны дах і перакрыццё дома, пашкоджаны сцены. Электрычнасці ў будынках не было. Папярэдняя прычына пажару – выпальванне сухой травы.
Пасля правядзення ўсіх прадугледжаных заканадаўствам адміністрацыйных працэдур гэты грамадзянін будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу на суму да 40 базавых велічынь.
Вечарам гэтага ж дня, толькі ў вёсцы Стрыпуны Кямелішкаўскага сельсавета, у адным з дамоў спрацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Сям’я ў той час якраз вячэрала. Прычынай сігналу стала ўзгаранне электралічыльніка. На месца выкліку былі накіраваны падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях. З дапамогай трохкаленнай лесвіцы і дыэлектрычных сродкаў выратавальнікі адключылі электразабеспячэнне ад бліжняй апоры. Прычынай загарання стала кароткае замыканне ў электралічыльніку. Але, на шчасце, бяда была своечасова спынена і ўсё абышлося толькі спалохам.


Эдуард МАЛЫШКА.