Фронтовик из Дуды Михаил Войшко дошёл до Берлина

36.jpg

Былы жыхар вёскі Дуда, што ў Рытанскім сельсавеце, Міхаіл Пятровіч Войшка родам з Мужылоў.

– Нарадзіўся тата 14 лютага 1924 года, – пачынае расповед жыхарка Панарцаў Часлава Раўдановіч. – Жылі яго бацькі са сваёй зямлі, праўда, мала яе было. Дзяцей у сям’і – 3 хлопчыкі, татка – сярэдні і адзіны з іх, каму давялося спазнаць жудасці вайны. Старэйшы яго брат хворым быў – яго ў войска не ўзялі, а малодшы – гадамі не дацягваў.

Прызвалі Міхаіла на вайну ў кастрычніку 1944 года. Збіраючы сына ў дарогу, маці зашыла яму ў мяшэчак абярэг – хлеб святой Агаты.

– Бацька казаў, што насіў заўсёды яго пры сабе, прайшоў з ім усю вайну – і вярнуўся дамоў. Лічыў, што выжыў толькі дзякуючы заступніцтву святой, – тлумачыць дачка ветэрана.

Трапіў наш зямляк у 1-шы артылерыйскі полк 1-й пяхотнай дывізіі – не стралком і не гарматным нумарам, а тэлефаністам. Ён павінен быў і прыняць-перадаць неабходную інфармацыю, і пашкоджаную лінію аднавіць, і сувязь, ад якой залежаў зыход баявой аперацыі, наладзіць – і ўсё гэта часцяком пад градам куль і выбухаў снарадаў.

– Татка з таварышамі ўперад войска ішлі, каб сувязь пракласці… – заўважае Часлава Міхайлаўна і працягвае: – Ён жа фарсіраваў Одар, Віслу… Расказваў, як цяжка нашым салдатам даводзілася. Узгадваў, што нават ва ўжо ўзятым савецкімі войскамі нямецкім горадзе, трэба было быць вельмі пільным і асцярожным: ідучы па вуліцы, можна “злавіць” кулю на кожным кроку, бо абстрэльвалі з-за кутоў, з вокнаў – небяспека чакала паўсюль…

І ўсялякі раз ветэран радаваўся, што выйшаў з таго пекла жывым. Успамінаў баявых таварышаў, іх імёны і прозвішчы, асобна – загінулых: адпраўляюць на заданне групу тэлефаністаў, а вяртаюцца не ўсе…

– Мой бацька дайшоў да самага сэрца Германіі – там і сустрэў Перамогу. А вярнуўся дамоў толькі ў кастрычніку 1945-га – даслужваў яшчэ ў арміі, – дзеліцца жанчына. – Узнагароджаны медалём за ўдзел у баях за Берлін і нават Падзяку ад Сталіна меў за ўзяцце гэтага горада. Я, малая, усё дзівілася: няўжо ж сам Сталін кожнаму такія падпісваў! (Усміхаецца.) Увогуле тата з асаблівай пашанай ставіўся менавіта да баявых узнагарод – не дазваляў іх чапаць. А юбілейныя – бяры, калі ласка, разглядай.

Вярнуўшыся ў родную вёску, былы франтавік стаў, як і раней, дапамагаць бацькам апрацоўваць зямлю. А ў 1948 годзе сустрэў сваю Ганну. У Войшкаў нарадзілася трое дзяцей.

– Калі ажаніўся на маме, пераехаў да яе – у Дуду. Жылі маладыя з бацькамі, хата была невялічкая, таму пазней яе дабудавалі. Маці была адзінай дачкой, бабуля з дзядулем мелі ажно валоку зямлі – жылі з гэтага, – расказвае дачка ветэрана. – Пазней вывучыўся на трактарыста і працаваў у Падольскай МТС на гусянічным трактары – з напарнікам на ім завіхаліся. Узгадалася паша: тэхніку з поля не выганялі – ехалі да трактара самі, перадавалі прама на рабочым месцы – каб час не губляць, трактар “хадзіў”, можна сказаць, бесперапынна, пакуль участак да канца не спарадкуюць. Па сутках працавалі! А зімой на ім дарогі чысцілі, летам – на меліярацыі дапамагалі: канавы капалі. Татка як лепшы механізатар нават ездзіў на ВДНГ – уразіла яго вельмі гэта падзея.

Пасля стварэння саўгаса “Падольскі” Войшка перайшоў туды механізатарам, і па сумяшчальніцтву кавалём. А калі “Падольскі” далучылі да “саўгаса “Рытанскі” – працаваў у майстэрнях.

– У вольны ад калгаснай і хатняй работы час бацька садзіўся за кошыкі – добрыя плёў, моцныя. Гэта яго мой дзядуля навучыў, ён вельма прыгожа рабіў! – гаворыць Часлава Раўдановіч. – І асобна ад усяго для таты стаялі ветэранскія сустрэчы – даражыў вельмі і не прапускаў. Як жа ён любіў майскія святы! Рыхтаваўся, убіраўся! За ветэранамі заязджалі дамоў тады, збіралі іх разам і везлі ў Рытань. Спярша мотапрабег на матацыклах ад помніка да помніка быў, а потым свята для іх ладзілі. Перажыў тата ўсіх сваіх таварышаў-вайскоўцаў, якія жылі ў сельсавеце.

Пайшоў з жыцця Міхаіл Войшка 20 мая 2002 года.

Текст: