Фотарэпартаж з восеньскага кірмашу

1

Дэфіцыту ў наш час не бывае – усё можна купіць, былі б грошы. І ўсё ж жыхары раёна кожны год з нецярпеннем чакаюць, калі ў лесапаркавую зону пасёлка завітае традыцыйны восеньскі кірмаш.


Самыя вопытныя пакупнікі прыходзяць сюды ў прыцемках – заезд машын з сельскагаспадарчай прадукцыяй пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, і той, хто першы, заўсёды ў выйгрышы. А выбіраць сёлета было з чаго – прадаўцы прапаноўвалі ялавічыну, свініну, цыбулю, рыбу, збожжа (яго “размялі” яшчэ да афіцыйнага адкрыцця кірмашу), крупы, капусту, бульбу, моркву, яблыкі, мёд, саджанцы яблыні і грушы… Прычым апошнімі трыма з пералічаных пазіцый гандлявалі прыватныя прадпрымальнікі, у якіх, акрамя гэтага, можна было набыць яшчэ і самаробныя каваныя рэчы (гачкі, вілы…), падзелкі з дрэва, вырабы з гліны, цукеркі-смактулькі, пернікі-сэрцайкі...
Багаццем асартыменту спакушалі пакупніка шматлікія прыгожа аформленыя “кропкі” райспажыўтаварыства. Не пуставалі і сталы імправізаванай кавярні прадпрыемства грамадскага харчавання – тут можна было паласавацца шашлычком з пылу-жару, выпечкай і іншай смакатой. Здаровую канкурэнцыю аказалі прафесіянальным кармільцам шырокіх слаёў насельніцтва іх калегі з СВК “Варняны”, якія гандлявалі не толькі шашлыком, але… і дранікамі. Прычым не разагрэтымі ў мікрахвалёўцы, а толькі спечанымі, з хрумсткай румянай скарыначкай. Порцыя (два дранікі і лыжка смятаны) каштавала ўсяго тысячу рублёў – чаму б і не паспытаць! Дзяжа загадзя падрыхтаванага бульбянога цеста разышлася за гадзіну, а чарга жадаючых паласавацца дранікамі ніколькі не паменшала. Іншы б разгубіўся – бездапаможна развёў бы рукамі, маўляў, “тут і скончылася!”. А варнянскія паварыхі ўзгадалі, што ў асартыменце тавараў, прывезеных іх гаспадаркай на продаж, ёсць бульба, прынеслі два мяшкі “другога хлеба”… І гандаль дранікамі аднавіўся!





Кірмаш тым і цудоўны, што ніякіх правіл паводзін на ім не існуе – рабі, чаго твая душачка просіць. Таргуйся да сёмага поту з прадаўцом, каб урэшце, вытаргаваўшы “вялізную” суму ў 500 рублёў, набыць патрэбны табе тавар з усведамленнем сапраўднай перамогі... Калупайся ў балеі з карасямі, адбіраючы лепшых, пакуль нецярплівая чарга не адцягне цябе самаго за карак… Нюхай (бясплатна!) дымок, прапітаны водарам шашлычка – або купі і паспрабуй яго на смак… Танцуй ды спявай – або назірай, як гэта робяць іншыя…
А паназіраць было за чым! Тым больш, што на сёлетні кірмаш завітаў “цыганскі табар”. Праўда, у дарозе няўважлівыя цыганы страцілі свайго барона, а без камандзіра, як вядома, гіне не толькі табар… Адпаведную кандыдатуру яны шукалі нядоўга – тытул барона і яго капялюш дастаўся намесніку начальніка райсельгасхарчу Міхаілу Часлававічу Шлыковічу, які “зусім выпадкова” аказаўся яшчэ і старшынёй камісіі, абавязкам якой было вызначыць пераможцу традыцыйных падворкаў, прадстаўленых СВК раёна.
Да конкурсу ўсе гаспадаркі падрыхтаваліся грунтоўна – такога буйства фантазіі і ўмельства і не прыпомніць. І ўсё ж зрублены з сапраўдных бярвёнаў церам СВК “Гервяты” выдзяляўся сваёй дыхтоўнасцю. І грунтоўная агароджа, і цуда-яблынька, і сланечнікі з сапраўднымі семачкамі... Адным словам, заходзь і жыві.
СВК “Варняны” змайстравалі свой дом у стылі ўласнай канторы і наогул вельмі па-сучаснаму прэзэнтавалі дзейнасць сваёй гаспадаркі. Хаця менавіта ля іх сайдынгавага палаца пакінула сваю карэту з упрэжанай у яе тройкай коней-кабачкоў Папялушка.
Умельцы з саўгаса “Падольскі” на сваім падворку паставілі і гаспадара з гаспадыняй у вышываных кашулях, і карову на бярозавых ножках, і “калабкоў” з гарбуза. Ля маляўнічага доміка “Міхалішак”, на панадворку якога нават у мяшкоў са збожжам ёсць вочы, раскінуў свой шацёр цырк-шапіто. Сучаснай мяккай мэбляй спакушаў стомленага ўдзельніка кірмашу СВК імя Гашкевіча. А вось на падворак СВК “Гудагай” праходу не было – яго рубяжы ахоўвалі пагранічнікі.
Застаецца толькі здзіўляцца багаццю фантазіі і працаўнікоў гаспадарак, і культработнікаў, якія ім дапамагаюць – так званая абарона падворкаў перерасла ў вясёлыя міні-спектаклі. Гашкевічаўцы парадыравалі тэле-шоу “Давай пажэнімся”, у СВК “Варняны” камісію і гледачоў сустрэў сам “гісторык моды Васільеў”, а стылісты яго перадачы “Модны прысуд” за лічаныя хвіліны змянілі воблік старшыні камісіі да непазнавальнасці. Скамарохі СВК “Гервяты” былі самымі патрабавальнымі да журы – яго членам давялося і загадкі разгадваць, і ламбаду танцаваць, і нават бульбу абіраць.
Для шматлікай дзятвы самым цікавым аказаўся падворак СВК “Міхалішкі”, на цыркавой арэне якога выступалі клоўн, тыгр, вучоны сабачка… Ну і што з таго, што яны былі плюшавымі – усё роўна цікава! А членам камісіі тут прыйшлося, як аб’явіў клоўн, страляць “з лука” – паспрабаваць закінуць цыбуліну ў шырока раззяўлены рот кардоннага блазана…
На падольскім панадворку гасцей сустракалі тэлебабкі – Цвяточак і Матрона. Сваім задорам яны змаглі настолькі запаліць публіку, што і пасля таго, як конкурс закончыўся, ля саўгаснага доміка працягвалі гучаць прыпеўкі ў выкананні астравецкіх аматараў гэтага жанру.
На падворак СВК “Гудагай” можна было зайсці толькі па спецпрапусках – пагранічнікі надзейна вартавалі рубяжы гаспадаркі і багаты ўраджай, вырашчаны земляробамі сёлета. Затое пярловую кашу, звараную ў салдацкай палявой кухні, паспрабавалі ўсе жадаючыя…
Перад тым, як вынесці канчатковае рашэнне, члены журы спрачаліся амаль да хрыпаты. Вынік: першае месца было прысуджана СВК “Гервяты”, другое – “СВК “Варняны”, трэцяе падзялілі паміж сабой СВК Міхалішкі” і імя Гашкевіча. Адзін з самых пачэсных прызоў – прыз глядацкіх сімпатый – дастаўся саўгасу “Падольскі”, а ў намінацыі “За волю да перамогі” прызёрам стаў СВК “Гудагай”.
Грашовымі прэміямі былі таксама адзначаны райспажыўтаварыства, прадпрыемства грамадскага харчавання, СВК “Варняны” (у намінацыі “Лепшы кулінар”), СВК імя Гашкевіча (у намінацыі “За арыгінальнасць ідэі”), Ашмянскі мясакамбінат, прыватнае прадпрыемства “Мірскія зоры” з Барысава (гандлявалі керамікай). Асобная прэмія была ўручана і вясёлым цыганкам з табара раённага Дома культуры, якія пад кіраўніцтвам Вольгі Турубаравай забяспечвалі культурна-мастацкі бок кірмашу.
Узнагароды ўручаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віктар Аляксандравіч Славінскі. Але самая галоўная ўзнагарода – добры настрой – была адна на ўсіх.


Ганна ЧАКУР.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.