Фэст у мястэчку Гудагай сабраў сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі
На ўрачыстасці, якія праходзілі ў суботу і нядзелю, прыйшлі не толькі мясцовыя парафіяне, але і жыхары з іншых населеных пунктаў раёна, пілігрымы з Маладзечна, Нясвіжа, Ваўкавыска, Мінска і іншых беларускіх гарадоў, а таксама з блізкага замежжа.
Гудагайскі фэст не абмяжоўваецца адным днём. Святары загадзя рыхтуюць праграму, у якой кожны знаходзіць штосьці для сябе. Ёсць і такія вернікі, якія лічаць, што павінны паўдзельнічаць ва ўсіх момантах свята. Імша і заканчэнне навэнны; цяжкі ў фізічным плане (у малітвах і спевах пераадолець тры з паловай кіламетры), але лёгкі духоўна крыжовы шлях на Кальварыі; працэсія са свечкамі каля касцёла, калі непарыўны ланцужок святла рассейвае цемру і асвятляе душы ўсіх, хто верыць; нядзельныя літургіі – усё выклікае небывалую лёгкасць і дае адчуванне ачышчэння.


Падобныя эмоцыі ў суботні вечар перапаўнялі многіх вернікаў, якія прыехалі ў Гудагай.
– Калі выйшла замуж, змяніла парафію, але сюды прыязджаю часта. Бо тут прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады. Разам з айцамі-кармелітамі і сёстрамі мы шмат дзе пабывалі, хадзілі ў пілігрымкі, ездзілі на сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ, – расказвае Жанна з Астраўца. – І на фэст штогод прыязджаю. Вось і сёння рвецца душа на Кальварыю.
Эпагей свята ў мястэчку – нядзеля. Дзве літургіі, на якія збіраюцца парафіяне і вернікі-пілігрымы, дазваляюць у чарговы раз адчуць святочную радасць і ўзвысіцца душы.


З першых вуснаў
Наталля, г. Мінск:
– Упершыню прыехала ў Гудагай. Пачула пра абраз, які тут знаходзіцца, таму захацелася сюды трапіць. Мне вельмі спадабалася: усё прасякнута Святым Духам. Упэўнена, гэтае свята яшчэ доўга будзе асвятляць маю душу.
Марына Кутовіч, в. Ізабеліна:
– Прыехала сюды з сястрой і ўнукамі. Ні разу не прапусціла гэты фэст, бо, прыняўшы ўдзел у літургіі, атрымліваеш вельмі шмат станоўчых эмоцый ад прамовы ксяндза і ад людзей, якія побач.
Для нашай сям’і – гэта самае вялікае каталіцкае свята. Штогод падыходзім да абраза, каб папрасіць апекі Маці Божай Гудагайскай і падзякаваць ёй. Няхай яна і далей дапамагае нашай сям’і і ўсім, хто да яе звяртаецца!
Іосіф Грамбоўскі, г. Астравец:
– Сюды мяне ў дзяцінстве прывяла маці, тут мяне хрысцілі. З таго часу наведванне санктуарыя – вялікая радасць. На фэст прыехаў з сынам і ўнукам. Радасна, што так шмат людзей прыйшло пакланіцца Маці Божай. Спадзяюся, што пачутыя тут словы многім западуць у душу.
Фота аўтара і Мацвея САКАЛОЎСКАГА.