Феерверк майскіх святаў

Пачатак мая традыцыйна багаты на святы – дзяржаўныя і прафесійныя. Галоўным з якіх, безумоўна, з’яўляецца Дзень Перамогі.


Генеральнай рэпетыцыяй яго стаў традыцыйны аўтапрабег “Ад помніка да помніка”, які прайшоў 5 мая. Падчас яго ветэраны вайны і працы, моладзь, ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый пабывалі ў кожнай вёсцы раёна, ля кожнага помніка загінуўшым землякам, дзе адбыліся ўрачыстыя мітынгі. І хоць з жалем даводзіцца канстатаваць, што з кожным годам усё менш ветэранаў могуць прыйсці ў гэты дзень да помніка і ўшанаваць хвілінай маўчання памяць загінуўшых сяброў, ускласці кветкі да абеліска – але памяць аб тых велічных і гераічных часах свята захоўваюць наступныя пакаленні, моладзь, для якой подзвіг бацькоў і дзедаў – маральны арыенцір і невычарпальная крыніца патрыятызму.
У пятніцу на цэнтральнай плошчы Астраўца адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, ветэраны. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч у сваім выступленні расказаў пра значэнне дзяржаўнай сімволікі ў жыцці кожнага народа і краіны, аб геральдычных сімвалах беларускага герба і значэнні колераў дзяржаўнага сцяга. А затым старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, начальнік ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Доўгі і настаўнік хіміі гімназіі №1 Віталій Тадэвушавіч Стаціна пад гукі дзяржаўнага гімна ўзнялі дзяржаўны сцяг – гэтая падзея была адзначана трохразовым ружэйным салютам.
Галоўныя ж падзеі разгарнуліся, як звычайна, 9 мая, у святы для кожнага беларуса Дзень Перамогі. Пачаліся яны па традыцыі са святочнай радыёперадачы, якая разам з разнаквеццем каляровых шароў і сцягоў, якімі быў упрыгожаны райцэнтр, кветкамі ў руках прахожых, бляскам медалёў ветэранаў надавалі асаблівы настрой і ўрачыстасць святочнай раніцы.
Пад гукі духавога аркестра гараджане – ветэраны, кіраўнікі раёна, працоўныя калектывы, школьнікі, члены грамадскіх арганізацый БРСМ і “Белая Русь” – урачыстым маршам прайшлі па цэнтральных вуліцах гарадскога пасёлка да помніка воінам-вызваліцелям у лесапарку, дзе адбыўся ўрачысты мітынг. Адкрыў яго старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька – у сваім выступленні кіраўнік раёна выказаў словы ўдзячнасці жывым і загінуўшым ветэранам за іх бессмяротны подзвіг. Памяць тых, хто не дажыў да гэтага светлага дня, была ўшанавана хвілінай маўчання.
Кароткі экскурс у гісторыю вайны і перамогі зрабіў у сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Аб адданасці моладзі лепшым традыцыям старэйшага пакалення гаварыла вучаніца Гервяцкай СШ, член БРСМ Алена Рэміс. Ад імя сённяшніх абаронцаў Айчыны ветэранаў і ўсіх прысутных павіншавалі са святам намеснік камандзіра аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Субаткевіч і воіны-пагранічнікі, якія ўрачыстым маршам прайшлі па пляцы. Фінальным акордам мітынгу стаў ружэйны салют і ўскладанне кветак і вянкоў да помніка воінам-вызваліцелям.
А затым свята прадоўжылася ў лесапаркавай зоне, дзе кожны знайшоў сабе занятак па душы: нехта глядзеў канцэрт, які стаў сапраўдным парадам лепшых творчых сіл раёна. Спартсмены і балельшчыкі паціху перацякалі на стадыён, дзе можна было “пахварэць” за футбалістаў ці самому прыняць удзел у розных спартыўных спаборніцтвах. Дзятва бавілася на надзіманай горцы і ля палатак з цацкамі.
А адметнасцю свята стала рыцарскае падвор’е, якое прывезлі ў Астравец рыцарскія клубы Мінска: тут можна было паназіраць за баямі сярэдневяковых воінаў, патрымацца за цяжкі меч – і нават сфатаграфавацца з ім, навучыцца старадаўнім танцам – словам, акунуцца ў атмасферу далёкіх стагоддзяў, хай сабе і стылізаваную.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.