Двадцать пятый раз ворнянцы отдыхали на озере Нарочь

Ужо дваццаць пяты год запар моладзь і дарослыя Варнянскай парафіі пяць дзён адпачывалі на беразе возера Нарач – і гэта дзякуючы ксяндзу дэкану Здзіславу Пікулу.


Раніцай усе ўдзельнікі адпачынку сустрэліся на святой імшы ў касцёле Святога Георгія, пасля якой з Божым блаславеннем накіраваліся ў бок курортнага пасёлка Нарач. Калі ўсе былі на месцы, дзякуючы намаганням хлопцаў і дарослых на турыстычнай стаянцы з’явіўся наш невялічкі вясёлы намётавы “гарадок”. Цёплыя хвалі возера радавалі нас і падбадзёрвалі ўсе пяць дзён адпачынку. Новыя знаёмствы, вясёлыя вечары з песнямі і гітарай, вялікае цёплае вогнішча…

Узгадваеш гэта – і ўзнікае жаданне націснуць кнопку паўтору і вярнуцца ў адпачынак. Усе гэтыя дні мы жылі паводле пэўнага парадку. Пад’ём, святая імша, сняданак, малітва, вольны час, абед, лекцыя, вячэра, забаўляльная праграма каля вогнішча, якая ўключала ў сябе розныя гульні, песні пад гітару, жарты, апавяданні і развагі на розныя тэмы. Штодня кожная група мела свае абавязкі і свайго кіраўніка. Хтосьці дапамагаў гаспадыням, хтосьці сачыў за чысцінёй, рыхтаваўся да святой імшы, а хтосьці прадумваў забаўляльную праграму.

У апошні вечар не абмінула нас хмара з навальніцай, але яна не стала перашкодай для добрага настрою і адпачынку. Кожны дзень моладзь мела мажлівасць паглядзець на горад, атрымаць асалоду ад дотыку блакітных цёплых хваляў возера, пазагараць, пагуляць у мяч, проста паназіраць за прыгожым зорным небам.

У апошні вечар да нас завіталі госці з Вільні – Сяргей і Галіна Юткіны, якім мы, моладзь і дарослыя, вельмі ўдзячны за іх прыезд, за тое, што падзялілі з намі радасць ад адпачынку з Богам.

Апошні вечар – гэта час добрых успамінаў, новых жаданняў і спадзяванняў. Калі надышла ноч, мы ўсе разам запускалі ў зорнае неба паветраныя ліхтарыкі, якія, безумоўна, споўняць усе нашыя жаданні, у тым ліку і самае галоўнае – яшчэ столькі ж год сустракацца з Богам на возеры Нарач. Апошняй раніцай была святая імша, затым крыжовы шлях. Варнянцы змайстравалі дваццаць пяты крыж, які зараз стаіць сярод астатніх.

Вельмі хутка надышоў час развітання з жыхарамі Антанізберга – не хапае добрых слоў падзякі за іх дабрыню і дапамогу. Зборы дадому – гэта самая сумная частка адпачынку. Са слязьмі на вачах і з вялікай радасцю ў сэрцах за выдатна прайшоўшы час мы збіралі свае вялізкі і намёты. Мы верым, што яшчэ не раз сустрэнемся на возеры Нарач і працягнем вакацыі з Богам.

Напрыканцы хочацца сказаць самыя цёплыя, шчырыя і светлыя словы падзякі святару Здзіславу Пікулу, вельмі добраму чалавеку і нашаму сапраўднаму сябру. Няхай Бог дае яму як мага больш здароўя і шчаслівых момантаў у жыцці. Вялікі дзякуй нашым гаспадыням Меланіі Станіславаўне Мятлеўскай і Веры Баляславаўне Рынкевіч, якія заўсёды вельмі смачна і з любоўю гатавалі нам розныя стравы на вогнішчы. Дзякуй вам за вашу складаную і старанную працу!

Таксама нельга абмінуць добрым словам нашага ўрача Таццяну Блашкевіч, якая напрацягу ўсяго адпачынку была нашай падтрымкай і аховай. Дзякуй вам за тое, што збераглі наша здароўе!

Нізкі ўсім паклон!



Аксана Кіндзер, Дзіяна Бумбуль