Два погляды на чарнічную ліхаманку
Л. ЯГАДЗІНСКІ: “За беднага зборшчыка замоўлю слоўца”
І ў гэтым годзе, насуперак галашэнню некаторых клікуш у перыядычных выданнях (у т.л. і ў “Астравецкай праўдзе”), якія прадказвалі голад і запусценне ў лясах на доўгія гады, калі ягады збіраць механічнымі сродкамі, Бог даў проста небывалы ўраджай чарніц. Зноў шуміць чарнічная ліхаманка, якую па накалу страсцей сапраўды можна параўнаць з залатой, якую апісваў Джэк Лондан.
Чарнічныя байкі
Кожны год, як толькі надыходзіць ягадная пара, распаўсюджваюцца розныя “страшылкі”: то хворыя з нейкай “псіхушкі” вырваліся і хаваюцца у лясах, то арыштанты з турмы ўцяклі, то салдаты з аўтаматамі дэзерціравалі з арміі.
Яшчэ многія памятаюць, напэўна, як у 2008 годзе ў Лідскім раёне нейкую пачвару на агародах бачылі: ні то чалавека, ні то сабаку. Нават тэлебачанне купілася на сенсацыйную чутку, ці лепш сказаць “вутку”. Потым сцвярджалі “вачавідцы”, што бачылі гэтую істоту ў Варнянах каля става, дзе яна рыбу глушыла палкай і г.д.
У гэтым годзе страшылкі сталі больш рэальнымі. Зборшыкі ягад дзеляцца на тых, хто збірае камбайнамі (“машыначнікаў”, або як іх ахрысцілі – “камбайнёраў”) – і іх абсалютная большасць, і тых, хто збірае рукамі (адзінкі). Канешне, астатнім крыўдна, што яны менш набіраюць і яны адыгрываюцца на “камбайнёрах” тым, што пераказваюць розныя выпадкі, калі “ахоўнікі прыроды” лавілі і каралі непамерна вялікімі штрафамі “злачынцаў”, пацвярджаючы гэта дакладным указаннем месца злачынства і імя “зладзея”.
“Камбайнёры” таксама не лыкам шытыя: “А я ў мох схаваю машынку, калі і знойдуць, то і я не я і хата не мая!.” Але і на гэтыя хітрыкі ёсць свой “прыём”. Расказвалі, што ахоўнікі прыроды прыязджаюць, выпускаюць сабак з машыны, а тыя разгарабаюць мох, прыносяць “машынкі” інспектарам, а потым па паху знаходзяць гаспадара.
Бліжэй да Астраўца людзі больш інфармаваны тэхнічна, і байкі іх больш сучасныя. Прыходзяць жанчыны нібы збіраць ягады, збіраюць “камбайнамі” для правакацыі, а самі тым часам здымаюць на мабільны парушальнікаў, затым вязуць у пашпартны стол, дзе па здымку вызначаюць гаспадара.
Цяжка прыйшлося ў тым годзе зборшчыкам чарніц. Акрамя ўсіх астатніх цяжкасцей, трэба было яшчэ пільна сачыць за кожным чужаком, каб своечасова схаваць сваю “прыладу працы”. Як смяяўся муж адной маёй знаёмай: “Напэўна, партызаны ў вайну немцаў так не баяліся, як мы “аховы прыроды”.
Пра механічныя сродкі
Камбайны, збіралкі, грэбалкі, скрэбалкі, машынкі – хто і як толькі не называе прыстасаванні для збору ягад. Розныя яны і па форме: ад далікатных, маленькіх, амаль цацачных “дамскіх” да сапраўдных монстраў – такім, здаецца, калі добра падчапіць, то і дуб можна вывернуць. Але далікатныя жаночыя рукі лоўка ўпраўляюцца і з такімі.
Нічога няма дзіўнага ў тым, што людзі імкнуцца аблегчыць працу па збору ягад, як і любую іншую. Тэхнічны прагрэс упэўнена крочыць наперад ва ўсіх накірунках. Ніхто ж не збірае рукамі, не жне сярпамі збажыну, не малоціць яе ўручную – усё даўно механізавана, хаця страты, безумоўна, большыя. Ручка з гусіным пяром прайшла эвалюцыю да сучаснага камп’ютара. Так і ў дадзеным выпадку: той, хто збіраў ягады, ведае, якая гэта цяжкая праца: спіна разламваецца, камары з авадамі заядаюць і яшчэ шмат чаго трэба асцерагацца. Безумоўна, страты ёсць, але яны ёсць і пры ручным зборы ягад. Калі ўжо гаварыць пра страты, то чаму на ягаднік ніхто не звяртае ўвагі, калі ідзе вырубка лесу, нарыхтоўка дроў? Не толькі ягаднік зруйнаваны, але і маладыя дрэўцы. Але ўсё ў прыродзе аднаўляецца. Прыстасаванні ж для збору ягад вядомы са старажытных часоў і называліся яны “грабёнкі для збору ягад”. Як бачым, яны не прывялі да поўнага знішчэння ягад.
“Чарнічны бізнес” пачаў развівацца ў нас з 1994 года. Тады яшчэ была магчымасць здаваць ягады на Літву. Закупшчыкі спаборнічалі адзін з другім. І развіваўся гэты бізнес у трох напрамках: першая ступень – прыёмшчыкі, другая – зборшчыкі і трэцяя – тыя, хто вырабляў так званыя “камбайны”. Тыя, хто кожнае лета карыстаецца дарамі лесу, добра ведае, што за 16 гадоў толькі два гады чарніц не было і то з-за таго, што майскія маразы супалі з часам іх цвіцення. А колькі гадоў не было ў лесе маліны? А яе ж дакладна ніхто не збірае камбайнамі. У 2010-м, акрамя чарніц, ніякіх іншых ягад – маліны, галубікі, брусніц, журавін – не было амаль што зусім. Ну ніхто ж не збірае гэтыя ягады “машынкай”! У садзе яблыкі таксама не кожны год ёсць. Разумнаму чалавеку гэта і так зразумела – аб’ектыўных прычын шмат. А чаму так упёрліся толькі ў чарніцы? Які адказ на гэта пытанне, можна здагадацца..
Хто заступіцца за беднага зборшчыка?
У гэтай іерархіі занятых у чарнічным бізнесе асоб зборшчыкі – самае слабае і безабароннае звяно: і па цяжкасці працы, і па яе аплаце.
Пра цяжкасці ўжо сказана было вышэй, а што датычыцца аплаты, то заканамернасць такая: чым далей ад цэнтра, тым менш магчымасцей для выбару пункту прыёму. Прыёмшчыкі гэта добра ведаюць і, адпаведна, зніжаюць цэны. А што зробіць жанчына, набраўшы два вядры ягад – не наймаць жа ёй машыну і везці туды, дзе прымаюць даражэй? Усё роўна застанешся ў пройгрышы. У кожным раёне свая цана, а ў нашым – самая меншая. А ў межах раёна яшчэ розная на розных прыёмных пунктах – што на чарніцы, што на лісічкі. А чаму яна не можа быць аднолькавай, жывём жа ў адной краіне? І потым – колькі б ты не ўзважваў свой здабыты працай і потам ураджай – вага ніколі не супадае з тым, што налічыць прыёмшчык. І чаму гэта ніякім органам нецікава праверыць? Крайні атрымліваецца толькі зборшчык – ці не таму, што самы бедны і безабаронны?
А тое, што прыёмшчыкі аб’яўляюць збор ягад, калі яны яшчэ напалову зялёныя? Вось тут сапраўднае злачынства: збіраць, а потым выкідваць палову зялёных ягад. І тут чамусьці ніхто не тэлефануе ў “Ахову прыроды” і не просіць прыехаць разабрацца.
Aдзін мой знаёмы ў мінулым годзе пабываў на заробках у Швецыі і расказваў, што механізаваны збор ягад там не забаронены. Ён нават прывёз адтуль машынку для збору чарніц, якая каштуе 18 еўра і прадаецца на прыёмных пунктах. Не верыцца, што ў Швецыі менш дбайна ахоўваюцца прыродныя багацці. Там дзяржава паступае мудра: кожны, хто хоча займацца зборам ягад, павінен купіць білет, заплаціўшы пэўныя грошы. Думаю, што ў нас таксама ніхто не адмовіўся б ад такога метаду. І дзяржаве была б пэўная падтрымка без прыкрых штрафаў і балотных аблаваў.
Здаецца, што ўся справа тут у звычайнай чалавечай “чорнай зайздрасці”. Нават у прэсе гэта пастаянна прасочваецца “…прага нажывы...!” Як брыдка чытаць гэтыя словы. Брыдка і сорамна! Лес і яго багацці створаны Богам для ўсіх. Ідзіце, збірайце – і “нажывайцеся”! Тым, хто шкадуе сябе і каму лепш паляжаць на канапе, чым ламаць спіну па лясных зарасніках, чамусьці здаецца, што на ягадах азалочваюцца. Ды кіньце вы! Хто- небудзь пасля ягаднага сезону з’ездзіў на Мальдзівы ці яшчэ ў якое экзатычнае падарожжа? Ці палац пабудаваў? Самыя адчайныя і нястомныя, не бачачы ні выхадных, ні прахадных, пад дажджом і спякотным сонцам найбольшае, што змаглі зарабіць – гэта 1000 долараў. Ці гэта так шмат за 2 месяцы? Камп’ютар альбо тэлевізар, прычым не самых лепшых марак.
Нездарма ж народ склаў прыказку: “За труды праведные не построишь палаты каменные”.
Вольга БУБЛЕВІЧ, жыхарка Астраўца: “Камбайнеры" губяць лес”
Чарнічная “ліхаманка” дасягнула свайго апагею – усе, хто ў стане дабрацца да лесу, ужо там. Чарніцы збіраюць, так бы мовіць, і стары, і малы. Яно і зразумела: лес дае чалавеку магчымасць нядрэнна зарабіць. Вось толькі падзяку за гэта лес атрымлівае сумніўную. Калі не сказаць мацней…
Прынамсі, у лясным масіве за дачным пасёлкам Слабодка стаіць шум ды трэск. Гэта нарыхтоўшчыкі чорных ягад “запусцілі” свае “камбайны”. Сэрца баліць глядзець на абкрамсаны ягаднік, які застаецца пасля падобнага “жніва” – нібы статак мамантаў прайшоў…
Заклікі да сумлення зборшчыкаў чарніц павісаюць у паветры – у лепшым выпадку людзі адмахваюцца. У горшым – проста “пасылаюць”. Маўляў, ходзяць тут усялякія, бізнес псуюць.
–Бізнес няхай квітнее, – адказваю. – Але дайце шанс і ягадніку расцвісці на будучы год. Не здзірайце разам з ягадамі ўсё жывое са сцяблінак.
“Камбайны” – усялякіх мадыфікацый. Сусед па дачы нядаўна дэманстраваў свой асабліва эфектыўны – па замове прывезлі ажно з Польшчы. “Дзярэ, як чорт, – хваліўся ён. – Ледзь не з каранямі!”
–Але ж што ты будзеш рабіць на наступны год, калі сёлета знішчыш ягаднік? – пытаюся.
–Адрасце, – бяспечна махнуў рукой мужчына. – А калі не, дык знойдзем іншае месца – Астравеччына лясамі багатая…
Наша маленькая радзіма сапраўды багатая прыроднымі дарамі: і рыбы ў нас, і грыбоў, і ягад… Але калі мы так будзем ставіцца да гэтых дароў, то рытарычнае пытанне “Што мы пакінем нашчадкам?” можна і не задаваць.
Як змагацца з падобнай з’явай? Па-рознаму. Да прыкладу, убачыўшы чарговага “камбайнера” я проста бяру мабільны тэлефон і, зрабіўшы выгляд, што тэлефаную, гавару ў трубку: “Так. Тут збіраюць з забароненымі прыладамі. Непадалёк ад Слабодкі. Прыязджайце. Чакаю”. Дзейнічае. Праўда, на абмежаваны час.
Раённых эколагаў падобная нарыхтоўка чарніц таксама сур’ёзна непакоіць, і яны рэгулярна праводзяць адпаведныя рэйды. Але ж прыязджаюць у лес на спецмашыне з надпісам “экалогія”. І апрануты ў адрозненне ад зборшчыкаў ягад эколагі ў белыя кашулі…
Ды яны і пяцідзесяці метраў па лесе не пройдуць, а ўсе (мабільнікі ёсць у кожнага!) у лесе ўжо ведаюць: аблава…
Праз газету я хачу звярнуцца да землякоў: ну давайце ставіцца да лесу гэтак жа, як мы ставімся да сваіх садоў-агародаў, кожную былінку ў якіх песцім і шануем. Лес ён таксама наш – як зямля, паветра, сонца…