Дарога да храма Ніны Блахіной

Для многіх, асабліва тых, чыё дзяцінства і юнацтва прыйшлося на савецкія часы змагання з рэлігіяй, шлях гэты быў доўгі і пакручасты.
Як і ў нашай сённяшняй суразмоўцы Ніны Іванаўны Блахіной.
– Дзяцінства маё прайшло ў Вялікім Падлессі, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Вёска адметная тым, што тут знаходзіцца старадаўняя Свята-Духава царква пабудовы 17-га стагоддзя, якую ўзвялі на месцы з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай Падлескай. Храм ніколі не зачыняўся.
У нашай вёсцы нарадзіўся прападобнамучанік Серафім Жыровіцкі. Ён прыкладна таго ж узросту, што і мая бабуля, напэўна, яны ведалі адно аднаго, але бабуля нічога не расказвала. Ды і я не пыталася – адвечная памылка маладых, пра якую яны вельмі шкадуюць у сталым узросце. Сёння на месцы яго роднай хаты, амаль насупраць нашага дома, пастаўлена невялікая каплічка.
Але хоць і нарадзілася я ў такім напоеным Святым Духам месцы, да ісціннай веры прыйшла не адразу. Мама ў царкву хадзіла кожную нядзелю, тата – на вялікія святы. А мы, дзеці, у лепшым выпадку раз у год выпраўляліся да споведзі і прычасця, ды і то так, каб меней хто бачыў. Перад Ражаством і Вялікаднём пасціліся, але не ад свядомасці, а таму, што есці не было чаго. Хоць, па праўдзе кажучы, тыя качанчыкі капусты, прыпраўленыя льняным алеем, – ах, якія яны былі смачныя! Куды смачнейшыя, чым сённяшнія прысмакі…
Хадзілі да царквы на ўсяночную перад Пасхай. Але не столькі на службу, колькі, як сёння б сказалі, патусавацца. У храм у такія дні было не ўбіцца – адна царква на ўсю акругу. Ды мы, маладыя, не вельмі імкнуліся, бо на ўваходзе стаялі настаўнікі і запісвалі прозвішчы камсамольцаў і піянераў, якія спрабавалі пакаштаваць «опіум для народа».
Аднойчы, ужо студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, у той спіс трапіла і я. Прыехала дахаты на Першамай – у той год ён супадаў з Пасхай. Моладзь сабралася ля царквы, смяяліся, дурэлі.
Мы такія феерверкі ладзілі: з абчэскаў лёну жанчыны пралі ніткі і зматвалі іх у клубкі, якія перад святам мачылі ў салярку і прымацоўвалі да жалезных прутоў. Хлопцы рабілі самапалы з пораху. І калі пачынаўся хрэсны ход вакол храма, запальвалі гэтыя клубкі і стралялі. Сёння разумею, што гэта было вельмі небяспечна, але ж во – кожны год так рабілі, і ніколі не адбылося аніякай бяды!
Дык вось, сабралася моладзь каля царквы, і нехта кажа: «Вашага Валодзьку схапілі за плечы, каленам пад зад – і перакінулі праз царкоўны плот». А Валодзьку, малодшаму браціку, толькі восем гадкоў! Я абурылася. Калі хацелі прагнаць, хай бы вывелі за вароты, што ж дзіця калечыць?
А назаўтра мне паведамілі: на цябе ў інстытут кляўза пайшла. Супрацоўнік раённай газеты і настаўнік працоўнага навучання нашай школы пастараліся…
Сапраўды, вярнулася ў Гродна – выклікаюць у камітэт камсамола.
– Хадзіла на ўсяночную? – пытаюць строга.
– Хадзіла, – адказваю.
Расказала, як і што было.
А мне новае пытанне прама ў лоб:
– У Бога верыш?
Што адказваць? Скажу, што веру – з інстытута выключаць… Грэшная – змаладушнічала:
– Не, не веру…
На тым маю справу закрылі. Мо, яшчэ тое дапамагло, што членам камітэта камсамола быў пяцікурснік, які мне сімпатызаваў.
А стараста нашай групы, актывістка і выдатніца, на такое ж пытанне адказала: «Так, веру!» – і яе адлічылі з інстытута.
Такі быў час…
Каляды дзяцінства
– Але і тады самымі светлымі і радаснымі святамі ў кожнай сям’і былі Каляды і Вялікдзень.
Вячэра напярэдадні Ражаства ў нас заўсёды была сціплай, мне здаецца, што гэта сёння прыдумалі традыцыю пра 12 страў. Абавязкова была куцця, якую ставілі ў чырвоны кут на святочны ручнік. Была грыбная поліўка ці квас – ах, якая смачная, я такую так і не навучылася рабіць. Наша вёска хоць і называлася
Падлессе, але лесу паблізу не было, як і садоў, таму грыбы, арэхі, яблыкі, грушы – усё гэта было для нас недаступнымі прысмакамі. За грыбамі хадзілі неведама як далёка і пакідалі іх толькі на куццю.
Затое назаўтра ўжо было сапраўднае свята жывата! Мама даставала з печы поўны чыгун паранага мяса, яго ўсім хапала. А якія смачныя і прыгожыя пірагі пякла яна на Каляды і Вялікдзень!
Але галоўнай забавай, вядома ж, было калядаванне. Калядавалі на Стары Новы год. У нашай вёсцы была адна даўжэзная, на 5 кіламетраў, вуліца, і калядоўшчыкі дзялілі «сферы ўплыву»: вырашалі, хто дзе будзе хадзіць. На бубен нацягвалі празрыстую скуру, рабілі фігуркі анёлаў, авечак, запальвалі свечкі – калі ідзеш, кола гэтае прыгожа свеціцца ў цемры.
Стукалі ў акно: «Добры вечар, шчодры вечар. Ці пець, ці так каляду падасі?» Некаторыя, у каго дзеці малыя спяць ці хто хворы ў хаце, так выносілі пачастунак – хто сала, хто каўбасу, хто кавалак пірага ці хлеба. Цукеркі рэдка падавалі – мала іх было, ды і дорага.
А некаторыя прасілі: «Паспявайце!» І тады спявалі:
У нядзелю рана зара засвяціла.
Новы год, новы, зара засвяціла.
А Божая Маці сына нарадзіла.
Новы год, новы, сына нарадзіла.
Сына нарадзіла, ў пялёнкі спавіла.
Новы год, новы, ў пялёнкі спавіла,
У яслі палажыла, анёлаў прасіла.
Новы год, новы, анёлаў прасіла:
Анёлы святыя, калышыце сына.
Новы год, новы, калышыце сына…
А мама, памятаю, нам, малым, спявала іншую калядку:
Я умом ходила в город Вифлеем
И была в вертепе, и видала в нём,
Как Христос Спаситель, сам Творец и Бог
Родился от Девы и лежит у ног…
Дзеці спявалі адны песні, дарослыя – іншыя.
А затым збіраліся ў адной хаце і трапезнічалі тым, што накалядавалі. Памятаю, недзе ў сёмым класе мы толькі разлажылі свае калядкі, як нехта выгукнуў: «Настаўнікі!» Мы лямпу патушылі і за печ шуганулі! Настаўнік – дарэчы, пляменнік таго самага Серафіма Жыровіцкага – выцягвае нас па адным, свеціць ліхтарыкам: «А, Ніна… Ну, ідзі… Ваня? Ідзі…» Назаўтра ідзём у школу, трасёмся: што будзе? А нічога і не было! І ў тыя часы былі розныя людзі і розныя адносіны да веры і народных традыцый.
Цуд
– Напэўна, у жыцці кожнага чалавека здараюцца цуды, толькі не кожны здольны іх заўважыць і ўспрыняць. Многія лічаць, што гэта выпадковасць, збег абставін. І я не адразу зразумела, што да ісціннай веры мяне прывёў сапраўдны цуд, Божы промысел.
Мае адносіны з рэлігіяй, якія і ў роднай вёсцы з яе старажытным храмам былі не асабліва цеснымі, у Астраўцы, куды мы пераехалі з сям’ёй, практычна перарваліся: царквы тут не было. Калі напачатку 90-х зарэгістравалі праваслаўную абшчыну і вернікі сталі маліцца ў гарадскім скверы, абыходзіла іх бокам. Калі абшчыне аддалі невялікі дамок на Ленінскай, заходзіла туды час ад часу, але мне там было цяжка: ведала, што колішняя гаспадыня гэтай хаціны рабіла жанчынам падпольныя аборты.
У храм стала хадзіць, калі пабудавалі нашу царкву. Зноў жа – не кожную нядзелю, звычайна ў вялікія святы.
А тут у мяне нага стала балець.
Гэтаму папярэднічаў дзіўны сон маёй калегі. Яна расказала, што сасніла змяю, якая запаўзла ў наш кабінет. Каляжанка перапужалася, падумала: «Толькі б мяне не зачапіла!» А гадзюка прапаўзла міма яе стала, накіравалася да майго – і ўкусіла мяне за нагу.
А праз нейкі час у мяне разбалелася нага, ды так моцна – ад пазваночніка і да ступні. Да каго я толькі ні звярталася, чым ні лячылася – нічога не дапамагала. Начамі спаць не магла. Гэты боль я трывала не адзін год. Вырашыла, што ніхто мне не дапаможа, трэба змірыцца і жыць далей.
Аднойчы на свята – здаецца, гэта быў Вялікдзень – прыйшла ў храм. Стаю і ледзь слёзы стрымліваю – так мне балюча. Якая ўжо тут малітва, калі нічога, акрамя болю, не адчуваю! Думаю сама сабе: «Вось адпусціла б маю нагу – я б кожную нядзелю хадзіла ў царкву і малілася Богу, як і ўсе людзі».
Пасля службы зайшла ў аптэку, купіла нейкую капеечную мазь і без асаблівай надзеі нацерла ёй нагу ад сцягна да самых пальцаў. І мне адразу палягчэла. Хоць да гэтага самыя дарагія і разрэкламаваныя крэмы і гелі прымяняла – ніякага эфекту. Памазала я нагу другі раз, трэці… Два ці тры цюбікі выкарыстала – і боль як рукой зняло!
Я так узрадавалася! Але пра тое, што тая мая просьба ў храме была пачута Госпадам, нават не падумала, на цудадзейную мазь усё спісвала. Усім, хто ў мяне пытаўся, чым вылечылася, раіла. Але нікому не дапамагло, толькі мне адной.
Пазней да мяне дайшло, хто ж на самой справе мне дапамог: Божанька пачуў маю просьбу! І душа паклікала мяне ў храм. З таго часу я стала хадзіць у царкву на кожную літургію, як і абяцала, і шчыра маліцца.
У храме
– Напачатку проста прыходзіла на службу як прыхаджанка: малілася, спавядалася, прычашчалася. Потым айцец Георгій і матушка Таціяна папрасілі мяне ўзяць пад апеку нядзельную школку. Я пабойвалася: не так добра ведала царкоўнае жыццё і закон Божы, каб выкладаць. Спачатку давялося самой вучыцца, а потым дзецям расказваць. Пяць гадоў займалася. Цяпер іншыя выкладчыкі ў нядзельнай школе – маладзейшыя, больш адукаваныя.
А я зараз дзяжуру ў царкве – з іншымі прыхаджанкамі ўзялі на сябе гэтае паслушанне, якое раней выконвала светлай памяці Таіса Сямёнава.
Мне вельмі добра ў храме – тут мая душа адпачывае.
За адно яна баліць: сям’я мая не тут, не разам са мной. Нябожчык муж увогуле быў далёкі ад рэлігіі, хоць мне не пярэчыў, з павагай ставіўся да майго нядзельнага імкнення ў храм. І нават з цягам часу пагадзіўся абвянчацца, калі я растлумачыла, што, магчыма, праблемы нашых дзяцей і ўнукаў з-за таго, што бацькі жывуць без царкоўнага шлюбу.
Дочкі і ўнучкі хрышчаныя, веруючыя, але ў царкву прыходзяць, як і я некалі, толькі на святы ці па патрэбе. І вучняў сваіх з нядзельнай школы – некаторых бачу з бацькамі на службе, як, да прыкладу Ульянку Ляўкевіч. А многія знікаюць, як толькі закончаць вучобу.
Суцяшаю сябе думкамі, што і я не адразу знайшла сваю дарогу да ісціннай веры. Спадзяюся, што і мае дзеці і ўнукі, праўнучка, колішнія вучні нядзельнай школы некалі зразумеюць і адчуюць, дзе сапраўдная радасць душы.