Дапамогу ад дзяржавы атрымалі былыя вязні канцлагераў
Матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі атрымалі былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць на Астравеччыне.
Такіх у нашым раёне пяцёра: Еўдакія Рыгораўна Сігалёва, Ніна Іларыёнаўна Мілідовіч, Ніна Адамаўна Маргуж, Таццяна Нікіфараўна Волкава, Соф’я Цярэнцьеўна Палуян.
Матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і яе ахвярам па рашэнні Прэзідэнта выдаецца кожны год.
Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко і старшыня раённай арганізацыі БРСМ Вольга Максімава выкарысталі магчымасць, каб разам з паштовым работнікам Вольгай Пярко і дырэктарам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святланай Куцько ў чарговы раз ад жыхароў нашага раёна выказаць былым вязням словы падзякі за прыклад стойкасці і мужнасці, які яны дэманструюць маладому пакаленню.
– Час дыктуе нам свае ўмовы: на жаль, нядаўна з жыцця пайшла апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны, якая жыла на Астравеччыне, – адзначыў Генадзь Бычко. – Акрамя вязняў, у нас яшчэ жывуць дзеці вайны – у іх таксама ёсць што ўспомніць і пра што расказаць моладзі. Страшна, што давялося перажыць гэтым людзям…
– Хочацца аднаго: каб добра і мірна жылі ўнукі, – расказала Ніна Іларыёнаўна Мілідовіч. – Для мяне важна, што ў гэтым годзе ўнучка плануе пабываць у Германіі і наведаць тыя мясціны, дзе нарадзілася яе бабуля, дзе на немцаў працавалі прабабуля і прадзядуля – таксама былыя вязні… Настрой у мяне радасны, баявы: амаль 80 гадоў маю – і яшчэ на сваіх нагах.