Дабрыня ў дзеянні: у Гудагайскай школе прайшла акцыя да Дня інвалідаў
У першыя дні снежня ў Гудагайскай школе было па-сапраўднаму цёпла. Тут прайшла акцыя, прысвечаная Дню людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які нагадвае, што чалавечае сэрца здольна на вялікія цуды, калі ў ім жыве любоў.
Арганізатары акцыі – педагогі, члены ПА РГА “Белая Русь” і актывісты вучнёўскага самакіравання – пастараліся зрабіць мерапрыемства сапраўдным святам душы: упрыгожылі залу, падрыхтавалі падарункі, напісалі шчырыя словы. Гэта было не свята гірлянд і яркай мішуры – гэта было святло чалавечых сэрцаў, што адкрыліся насустрач дабрыні.

У нашай школе вучацца 6 дзетак, якім патрэбны асаблівая ўвага, пяшчота і клопат. І ў гэты дзень усе яны адчулі сябе па-асабліваму важнымі і патрэбнымі.
Калі дзеці сабраліся разам, у паветры панавала атмасфера чалавечага цяпла, гучалі словы падтрымкі. А ў вачах нашых дзетак з’яўлялася святло, якое ўзнікае, калі чалавек адчувае сябе любімым.


Настаўнікі гаварылі з вучнямі пра сілу добразычлівасці, пра тое, як важна заўважаць адзін аднаго, падтрымліваць, не пакідаць у бядзе. Бо менавіта добрыя справы робяць свет святлейшым, а людзей -- больш блізкімі.
Гульні, падарункі і цёплыя абдымкі – усё злілося ў адзін дзень, поўны цеплыні. Але найвялікшым падарункам была ўвага – шчырая, чыстая, чалавечная.
– Мы хочам, каб кожнае дзіця адчувала сябе часткай вялікай школьнай сям’і. Клопат, цеплыня і падтрымка – гэта тое, што робіць нас мацнейшымі, – адзначылі педагогі.
Ірына ЖАЛТОК, Гудагайская СШ
