“Чараўніцы” зачаравалі астраўчан
Жаночы вакальна-інструментальны ансамбль “Чараўніцы” (дарэчы, народжаны ў Гродна) быў надзвычай папулярны ў 70-80-я гады: ён шмат гастраляваў па Савецкім Саюзе і за мяжой, перамагаў у прэстыжных конкурсах. Напачатку 90-х калектыў спыніў сваё існаванне. А ў 2011 годзе адрадзіўся. І на свяце, прысвечаным Дню Перамогі, астраўчане змаглі ацаніць яго новы склад, ранейшыя хіты і новыя кампазіцыі.


…Чорныя скураныя “касухі” паверх бліскучых канцэртных касцюмаў – гэта не толькі новы імідж “Чараўніц”, але і ў пэўнай ступені адлюстраванне іх рэпертуару: беларускія народныя песні і папулярныя эстрадныя кампазіцыі ў сучаснай апрацоўцы. Але асноўныя “фішкі” калектыву засталіся нязменнымі: цалкам жаночы склад, моцны вакал салістак і жывое гучанне духавых.

Астраўчане па вартасці адзначылі выступленне “Чараўніц”: падпявалі артыстам падчас выканання любімых шлягераў, падтанцоўвалі і не шкадавалі далоняў, дзякуючы за цудоўны канцэрт.
Ірына Тарасевіч і Святлана Пяцюк:

–Цудоўны канцэрт! Любімыя песні нашай маладосці прагучалі зусім па-іншаму. Дзяўчаты выкладваліся поўнасцю, адразу відаць, што ім самім падабаецца тое, што яны робяць, – і гэта “заводзіць” публіку. Дзякуй вялікі “Чараўніцам” за цудоўны настрой – яны нас насамрэч зачаравалі!


