Центру подготовки районного агропромышленного объединения – 25

Ідэя стварыць асобную структуру для падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі ў свой час была прадыктавана вытворчай неабходнасцю – у калгасах і саўгасах раёна існаваў кадравы дэфіцыт многіх сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Асабліва гэта тычылася механізатараў. Сёння цяжка паверыць, але быў перыяд, калі ў якасці адміністрацыйнага пакарання калгасных вадзіцеляў, часова пазбаўленых вадзіцельскіх праў, кіраўнікі гаспадарак пераводзілі ў трактарысты – працаваць на трактары можна было і без адпаведных дакументаў.


І вось 10 чэрвеня 1987 года было прынята рашэнне аб стварэнні вучэбнага камбіната раённага аграпрамысловага аб’яднання (РАПА).






– Дазвольце ўдакладніць, – укліньваецца ў расповед майстар вытворчага навучання камбіната Аляксандр Іванавіч Багдановіч. – Падрыхтоўка механізатарскіх кадраў пачалася ў раёне значна раней – на працягу некалькіх гадоў да гэтага пры сельгастэхніцы плённа працаваў вучэбны пункт, якім кіраваў тагачасны намеснік дырэктара Уладзімір Іосіфавіч Аўлас. Самы вялікі пакой адміністрацыйнага будынка прадпрыемства быў аформлены пад клас, у якім і праходзіла навучанне. У самым пачатку 1986 года пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі я ўладкаваўся майстрам вытворчага навучання ў гэты вучэбны пункт.


Працэс падрыхтоўкі механізатараў у той час доўжыўся тры месяцы (сёння – пяць з паловай). За навучанне плацілі гаспадаркі, якія накіроўвалі курсанта. Акрамя праў трактарыста ў пункце можна было набыць спецыяльнасць машыніста кацельных і электрагазазваршчыка. Але спыняцца на дасягнутым – прэрагатыва песімістаў. Кіраўніцтва раёна ўзважыла ўсе “за” і “супраць”, і было прынята рашэнне аб пашырэнні пераліку спецыяльнасцей, а заадно і аб стварэнні вучэбнага камбіната РАПА.


– Камбінат быў створаны за кошт далявых узносаў гаспадарак раёна, сельгастэхнікі і сельгасхіміі, – расказвае Аляксандр Іванавіч. – Прычым іх канкрэтны памер мяняўся ў залежнасці ад фінансавага стану калгаса: “50 год ВЛКСМ”, да прыкладу, пералічыў тады 800 рублёў, а больш заможны імя Чапаева – 2000 рублёў. Першым дырэктарам стаў Уладзімір Іосіфавіч Аўлас, а наогул у штатным раскладзе камбіната налічвалася (і, дарэчы, налічваецца сёння) сем працоўных месцаў: дырэктара, завуча, бухгалтара, метадыста, двух майстроў і вадзіцеля.


Неўзабаве вучэбны камбінат РАПА было вырашана перайменаваць у цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Астравецкага райсельгасхарчу і перанесці яго ў Варняны – размясціць на базе Варнянскага міжшкольнага вучэбнага камбіната.


– За сродкі, пералічаныя гаспадаркамі ў фонд нашага вучэбнага цэнтра, – працягвае майстар, – набывалася неабходная для навучання тэхніка і прыстасаванні да яе, будаваліся гаражы і майстэрні, сродкамі нагляднай агітацыі абуладкоўваліся класы. Паступова стаў пашырацца спектр спецыяльнасцей. Сёння наш камбінат рыхтуе не толькі трактарыстаў-машыністаў катэгорый А–С і В–D, машыністаў кацельных установак і электрагазазваршчыкаў, але і электраманцёраў, муляраў, стропальшчыкаў, прадаўцоў, вальшчыкаў лесу, машыністаў крана, якім кіруюць з падлогі, шынамантажнікаў і аператараў сушыльнай гаспадаркі.


У 1990 годзе ў сувязі з “перабудовачнай” неплацежаздольнасцю калгасаў і саўгаса раёна на ўзроўні ўрада было вырашана перавесці дзейнасць цэнтра на бюджэтнае фінансаванне. Цяпер стала магчымым паступіць у яго не толькі па накіраванні сельскагаспадарчага прадпрыемства або любой іншай арганізацыі сістэмы, але ў якасці фізічнай асобы – па ўласным жаданні. Дарэчы, кошт навучання тут у 2,5-3 разы ніжэй, чым у сярэднім па рэспубліцы. Для выкладання спецыяльных прадметаў цэнтр запрашае пазаштатных прафесіяналаў, якія не толькі чытаюць курсантам тэарэтычны курс па акрэсленай спецыяльнасці, але і дзеляцца з імі практычнымі навыкамі так неабходнымі ў любой рабоце.


– Звычайна за год на няштатных умовах у нас працуюць у сярэднім 15 супрацоўнікаў. Гэта выкладчыкі з іншых навучальных устаноў, спецыялісты экстра-класа і г.д. Запрашаем і прадстаўнікоў заводаў, якія вырабляюць сельскагаспадарчую тэхніку: з МТЗ, Гомсельмаша, Лідаагратэхмаша і іншых. Спецыялісты завода паспяхова выкладаюць тэарэтычную частку, але асабліва каштоўнымі для курсантаў з’яўляюцца практычныя заняткі з іх удзелам, падчас якіх навучэнцы атрымліваюць інфармацыю, так бы мовіць, з першых рук: асноўныя рэгуліроўкі, найбольш частыя няспраўнасці – словам, тыя практычныя падказкі, на самастойны пошук якіх механізатар затрачвае нямала часу і нерваў.






Пры цэнтры існуе і сістэма павышэння кваліфікацыі – тыя ж механізатары могуць павысіць уласную класнасць, асвоіць іншыя віды тэхнікі і атрымаць допуск да ваджэння транспартных сродкаў іншых катэгорый. У год у сценах Варнянскай вучэльні набываюць спецыяльнасць у сярэднім каля 600 чалавек. І хоць патрэбнасць у механізатарскіх кадрах пасля таго, як на палях стала працаваць энергаёмістая тэхніка, пайшла на спад, праблем з недаборам курсантаў тут не існуе. Асабліва з пачаткам будоўлі АЭС – будаўнічыя спецыяльнасці сталі ў нашым раёне асабліва запатрабаванымі. Неацэнную дапамогу ў камплектаванні груп курсантаў аказвае раённы цэнтр занятасці насельніцтва, з якім у Варнянскай установы даўнія і цесныя працоўныя сувязі.


Але працоўны калектыў вучэбнага цэнтра райсельгасхарчу марыць аб далейшым пашырэнні спіса спецыяльнасцей – тынкоўшчыка, маляра, бетоншчыка…


– Не проста марым, а робім канкрэтныя шляхі ў гэтым накірунку, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – І 25-гадовы юбілей камбіната хочам адзначыць найперш працоўнымі поспехамі. За гэтыя гады для яго развіцця было зроблена многа. Столькі ўласнага часу і энергіі ўклаў у арганізацыю ўстановы Уладзімір Іосіфавіч Аўлас – асноўная частка нерухомасці камбіната была набыта і пабудавана пад яго кіраўніцтвам. Шмат зрабіў для ўдасканалення навучальнага працэсу і Іосіф Эдуардавіч Доўнар, які ўзначаліў камбінат у 1990-ым годзе. Хоць, на жаль, былі і такія кіраўнікі, якія, так бы мовіць, толькі адбывалі тэрмін… Зрэшты, пры любым, нават самым не зацікаўленым кіраўніку сярэдняе звяно камбіната старалася працаваць па максімуму. І так прыемна, што многія нашы выпускнікі становяцца потым перадавікамі вытворчасці, класнымі спецыялістамі ў сваёй галіне. Дарэчы, даведваемся пра гэта найчасцей са старонак “раёнкі”, якая не раз расказвала сваім чытачам пра працоўныя поспехі механізатараў Андрэя Бразевіча (з СВК “Варняны”), Паўла Расамацкага (з прадпрыемства меліярацыйных сетак), Валерыя Дэнюша (з СВК “Міхалішкі”), Івана Субаткевіча (з в. Дайлідкі), Валерыя Жэгарыса і Сяргея Вінслы (з саўгаса “Падольскі”, Наталлі Тумінскай (з СВК “Варняны”) і многіх іншых нашых былых курсантаў…


– У сувязі з “сярэбраным” юбілеем вучэбнага камбіната хацелася б ад імя нашага калектыву павіншаваць усіх нашых курсантаў – былых і сённяшніх, – сказаў у заключэнне майстар вытворчага навучання. – А таксама ўсіх тых людзей, якія прыклалі нямала намаганняў для таго, каб наша ўстанова развівалася ў ногу з часам. Найперш хочацца сказаць вялікае дзякуй Анатолю Георгіевічу Болагаву – і сёння ў нашых класах вісяць стэнды і плакаты, якія ён прывозіў з семінараў і выставаў самых розных узроўняў. Асобная падзяка Сяргею Васільевічу Палешчуку – гэта яго намаганнямі на мехдвары камбіната з’явіўся камбайн “Кейс”, бульдозер і некаторая іншая тэхніка, якой няма не толькі ў цэнтрах іншых раёнаў, але нават і ў абласным вучэбным цэнтры … А пажадаць усім – і курсантам, і калектыву нашай установы, і ўсім, хто прыклаў руку для яе развіцця – хочацца найперш здароўя. А яшчэ працоўных поспехаў, дабрабыту і мірнага неба над галавой.


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.