Бульба – як буракі, буракі – як валуны, а кукуруза – да неба...
БУЛЬБА
Яе сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарцы складае 290 цэнтнераў, а гэта паказчык з разраду салідных – яшчэ адносна нядаўна столькі давалі хіба што кармавыя караняплоды.
–І тым не менш сёлетні ўраджай не рэкордны, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гервяты” Аляксандр Вацлававіч Габрукевіч. – Два гады таму на першым участку мы сабралі па 300 цэнтнераў бульбы з гектара. Праўда, так званая рымдзюнская зона нам тады дала ўсяго па 150 цэнтнераў, так што сярэдняя ўраджайнасць атрымалася далёкай ад зоркавай. А ў сёлетні поспех укладзена процьма працы і грошай.
Адным з фактараў, што вызначаюць велічыню ўраджаю, з’яўляецца правільны падбор сартоў. Гервятцы любяць эксперыментаваць – вось і сёлета яны вырашылі размясціць на беларускім бульбянішчы галандскую госцю – бульбу сорта “сантана”. І не памыліліся. Да яе ўборкі ў гаспадарцы пакуль не прыступалі, але выгляд барознаў абяцае прыемныя сюрпрызы.
–Адзін з іх “сантана” ўжо рассакрэціла – гэты сорт валодае высокай канкурэнтназдольнасцю ў супрацьстаянні з пустазеллем, – тлумачыць Аляксандр Вацлававіч. – На адным і тым жа полі побач з “галандкай” былі пасаджаны тры сарты беларускай селекцыі. Догляд за ўсімі – абсалютна аднолькавы, у тым ліку і хімічная праполка, якая была зроблена адным і тым жа гербіцыдам. А вынік атрымаўся розны: на беларускіх сартах пайшла другая хваля пустазелля, барозны зараслі, а “сантана” не дазволіла яму падняцца, заглушыла – і сёння яе радкі бездакорна чыстыя.
Бульба – культура, якая патрабуе асабліва стараннага догляду і ўзмоцненай хімічнай аховы. У СВК “Гервяты” сістэму спецыяльных мерапрыемстваў пачынаюць з пратручвання пасадачнага матэрыялу.
–Клубні мы пратруцілі спецыяльным прэпаратам “Прэстыж”, – расказвае галоўны аграном, – што абараніла бульбу не толькі ад глебавых патагенаў, але і ад каларадскага жука – да фазы цвіцення жук аблятаў наша бульбянішча бокам. І ва ўмовах сёлетняга масавага развіцця гэтага шкодніка мы рабілі інсектыцыдныя апрацоўкі толькі выбарачна.
Падчас бутанізацыі сваю бульбу гервятцы апрацавалі мікраэлементамі, што дало дадатковы штуршок для яе росту і развіцця. Прафілактычныя апрацоўкі супраць фітафтарозу пачалі крыху раней звычайнага – з улікам папярэдняга года, калі праяўленні гэтага грыбковага захворвання былі выяўлены раней сярэднестатыстычных тэрмінаў. Апрацавалі бульбянішча пяць разоў. У выніку бацвінне вырасла магутным, шырокалісным – а значыць, і клубні сфарміраваліся адпаведныя.
На дапамогу ва ўборцы бульбы сельгаскааператыў запрасіў астраўчан – штодня прыязджаюць да іх беспрацоўныя, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і проста тыя, хто хоча забяспечыць свае сем’і на зіму “другім хлебам”. Капаюць хутка. Накапваюць шмат.
Але прайшоў дождж, прыбіў зямлю – і на ўбраных ужо барознах стала бела ад “забытых” клубняў. Аграном пахмурнее:
–Пастаянна прашу не ладзіць “гонак” на бульбянішчы… Не, лятуць! І вось вам вынік. Што ж, пусцім капалку яшчэ раз і папросім тых, хто ўбіраў гэтыя барозны, ліквідаваць агрэхі. Думаю, ураджайнасць павысіцца.
У СВК “Гервяты” няма свайго тыпавога бульбасховішча. У мінулым годзе іх клубні нават “кватаравалі” ў сховішчы СВК “Варняны”. А сёлета будаўнікі гаспадаркі пераабсталявалі адзін са збожжаскладоў пад клубнесховішча: абклалі блокамі, уцеплілі пенапластам – словам, арганізавалі бульбе наваселле.
–Без сховішча сёння не варта займацца бульбай, – лічыць Аляксандр Вацлававіч. – Хаця б таму, што існуюць праблемы з яе рэалізацыяй. Сёння гаспадаркам даведзены цэны – рэалізоўваць бульбу мы можам толькі па 1600 рублёў плюс падатак на дабаўленую вартасць. А хто яе будзе набываць за такія грошы? Няма жадаючых. Расіяне сёлета падвоілі памер бульбянішча сваёй краіны – яны гатовы купляць у нас бульбу не вышэй як па 900-1000 рублёў за кілаграм… План продажу дзяржаве мы, вядома, выканаем, а ўсю астатнюю бульбу пакладзём у сховішча – можа, зімой сітуацыя для яе рэалізацыі стане больш спрыяльнай…
ЦУКРОВЫЯ БУРАКІ
Яны сапраўды атрымаліся сёлета – як валуны. З першых шасці гектараў земляробы гаспадаркі сабралі па 600 цэнтнераў караняплодаў. Ды якіх! Цукравітасць перавышае базавую на 1,5-2 працэнты. І павялічваецца літаральна з кожным днём.
–Пакуль да масавай уборкі мы не прыступалі, – каменціруе сітуацыю Габрукевіч. – Хутчэй проста апрабавалі пасля рамонту свой буракаўборачны камбайн. Але вынікі не могуць не радаваць. Хаця яны з’явіліся не на пустым месцы – цукровыя буракі таксама патрабавальныя да ўмоў росту, гэта вельмі працаёмкая культура. Шчасце, што з’явіліся высокаэфектыўныя ахоўныя пестыцыды і ўборачныя камбайны, якія адмянілі ручную працу ў вырошчванні буракоў. Інакш праблемы з рабочай сілай стаялі б немалыя.
Уборка буракоў у апошнія гады распачынаецца з першых дзён каляндарнай восені, хаця верасень і нават кастрычнік – час актыўнага нарастання іх караняплодаў. Атрымліваецца, гаспадарка траціць на празмерна ранніх тэрмінах уборкі дадатковыя тоны – а значыць, і грошы?
–Раннія тэрміны ўборкі – вымушаная мера, – адказвае на маё пытанне Аляксандр Вацлававіч. – 30 тысяч тон караняплодаў, якія збіраецца паставіць сёлета наш раён, за тыдзень і нават за месяц не адгрузіш перапрацоўшчыку. Таму і распачынаем так рана. А наконт страт… У цане закладзена, здаецца, 20-працэнтная дабаўка за страты ва ўраджайнасці з-за ранніх тэрмінаў уборкі.
КУКУРУЗА
Кукуруза вырасла, як кажуць, на лес гледзячы – пад тры метры. І пачаткі паспела сфарміраваць ды падспеліць – корм з такой “каралевы” атрымліваецца спажыўны ды багаты бялком.
–Кукурузным аказаўся сёлетні год, – радуецца аграном. – Памог, так бы мовіць, Бог. Ну і мы не прамаргалі – тэхналогію вырошчвання кукурузы вытрымалі ў поўным аб’ёме. А вынік – вось ён, на полі. Маса вялікая, цяжкая. Дарэчы, таксама не без праблем – столькі тэхнікі патрэбна задзейнічаць штодня на яе адвозку! Ну, дык, як кажуць, было б што вазіць…
Плошча вырошчвання кукурузы ў СВК “Гервяты” вялікая – 1000 гектараў. З вясны 40 гектараў планавалі абмалаціць на зерне. А восенню паглядзелі, якімі цудоўнымі атрымаліся кукурузныя пачаткі – і задумаліся: а можа, павялічыць плошчу абмалоту?..
НА ЗДЫМКАХ:
Бульба сорту “адысей”
Усё жыццё механізатар Віталь Сцефановіч лічыў сябе высокім чалавекам – яго рост 186 сантыметраў. А прымераўся сёлета да “каралевы” – і засумняваўся. Ды што там ён сам, калі корманарыхтоўчы камбайн “Ягуар-870”, на якім працуе Віталь, і то не бачны з-за кукурузнай зялёнай сцяны.
Ганна ЧАКУР.