Будьте осторожны в лесу!
Убачыўшы яе, многія, не стрымліваючы крык, кідаюцца наўцёкі. Бясшумная і непрыкметная, яна поўзае па зямлі. Таму, блукаючы па лесе, трэба быць асцярожнымі і ўважлівымі, каб не наступіць на яе і не атрымаць порцыю яду. Бо гадзюка – а размова ідзе менавіта пра яе – такім чынам абараняецца.
У Беларусі жывуць некалькі відаў ядавітых змей. Асноўны з іх – гадзюка чорная, ці звычайная. Жыве яна пад валунамі і стваламі дрэў, у ямінах паміж камянямі, у гнілых пнях, стагах сена. Таму трэба быць асцярожным пры аглядзе нор грызуноў, шчылін у глебе, сярод камянёў.
Месцы, дзе жыве гадзюка, часам можна вызначыць па “выпаўзках” – рэштках скурак пасля лінькі (звычайна светлай да празрыстасці, крохкай скуры), па мёртвых птушках каля ручаін, крыніц ці пад дрэвамі, адбітках на пяску і непасрэдна рэштках змяі.
Гадзюка ніколі не нападае на чалавека першай. Укусіць яна можа толькі ў выпадку самаабароны, калі на яе наступілі ці закранулі рукой. Змеі рэдка нападаюць без папярэджання. У пагрозе атакі яна скручваецца “талерачкай”, зігзападобна выгінае пярэднюю частку цела і моцна шыпіць.
Заўважыўшы змяю ці пачуўшы шыпенне, трэба спыніцца і даць ёй магчымасць адпаўзці прэч. Ад гадзюкі, якая ўжо стала ў позу пагрозы, трэба адысці, павольна адступаючы назад і пазбягаючы рэзкіх рухаў. Недапушчальна абараняцца выстаўленымі наперад рукамі. Вельмі важна захоўваць спакой у дзеяннях, рухах. Небяспечна нябачная змяя, а выяўленая гадзюка пагрозы не ўяўляе.
КАЛІ ЗМЯЯ ЎКУСІЛА,
трэба тэрмінова раскрыць ранку націсканнем пальцамі збоку, і пачаць энергічнае адсмоктванне атруты, перыядычна сплёўваючы крывяную вадкасць. Рабіць гэта трэба на працягу 15-20 хвілін бесперапынна – гэта дазволіць выдаліць з арганізма ад 20 да 50 працэнтаў яду.
Для чалавека, які аказвае дапамогу, адсмоктванне яду поўнасцю бяспечна, нават калі на слізістай абалонцы рота ёсць ранкі ці драпіны. Калі пацярпеўшы адзін, ён павінен правесці гэтую працэдуру самастойна. Ранку трэба прадэзынфіцыраваць, налажыць стэрыльную павязку, якую па меры развіцця ацёку неабходна перыядычна паслабляць, каб яна не ўразалася ў мяккія тканкі. Неабходна абмяжоўваць рухомасць пацярпеўшага. Пры ўкусе ў нагу прыбінтаваць яе да здаровай і, падлажыўшы што-небудзь пад калені, злёгку прыўзняць. Пры ўкусе ў руку зафіксуйце яе ў сагнутым становішчы.
Пацярпеўшаму трэба даваць больш вады. Нельга, як гэта рэкамендуецца ў некаторай мастацкай літаратуры і фільмах, выразаць паражоны ўчастак, надразаць месца ўкусу. Бессэнсоўна і небяспечна прыпякаць ранку. Таксама бескарысныя серная і азотная кіслоты, недапушчальна накладваць вышэй месца ўкусу жгут. Нельга даваць алкаголь, ён не з’яўляецца проціяддзем, а наадварот, узмацняе ўздзеянне яду.
Небяспека змяіных укусаў бывае вельмі перабольшанай: толькі невялікая частка ўкушаных гіне, і часцей за ўсё ад няправільнага лячэння ці неаказання дапамогі. Людзі, якія правільна зрэагавалі на небяспеку, могуць разлічваць на выратаванне і хуткае выздараўленне. Галоўнае – як мага хутчэй даставіць пацярпеўшага ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі.
----------------------
Ганна ПАШУК,
галоўны ўрач райЦГЭ.
Фота з сайта photo.newslab.ru