Бібліятэкары расказалі школьнікам пра Халакост
Халакост – сумная старонка гісторыі. Аднак памяць аб ім павінна жыць ва ўспамінах людзей і перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі правялі для сямікласнікаў СШ №3 гадзіну памяці “Свет не павінен такое забыць”.
Высветлілася, што многія школьнікі мала ведаюць пра масавае знішчэнне яўрэяў. На шчасце, мы жывём у час, калі шануецца жыццё кожнага чалавека і цяжка ўявіць, што людзей растрэльвалі за тое, што яны былі іншай нацыянальнасці і веравызнання.
Падчас мерапрыемства бібліятэкары растлумачылі дзецям значэнне слоў “халакост” і “гета”, расказалі пра жорсткія эксперыменты фашыстаў над людзьмі. Аповед суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй. Пачутае і ўбачанае ўзрушыла школьнікаў і прымусіла задумацца над каштоўнасцю кожнага жыцця. Вядомы афарызм сцвярджае: “Пакуль чалавек адчувае боль – ён жывы, пакуль чалавек адчувае чужы боль – ён чалавек”.
Такія трагедыі не павінны паўтарацца, а падрастаючае пакаленне трэба выхоўваць на аснове гуманістычных каштоўнасцей.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
Астравецкая раённая бібліятэка.
