"Белая Русь" развіваецца
На мінулым тыдні прайшло пашыранае пасяджэнне савета Астравецкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
На пасяджэнне сабраліся кіраўнікі пярвічных арганізацый РГА “Белая Русь” і намеснікі арганізацый па ідэалагічнай рабоце. А на абмеркаванне выносілася некалькі пытанняў: вынікі работы арганізацыі ў 2009-2010 гадах, задачы на наступныя два гады і актуальныя жыццёвыя пытанні.
Са справаздачным дакладам аб рабоце раённай арганізацыі выступіла яе старшыня Валянціна Іванаўна Дземеш. Два гады назад быў зацверджаны план мерапрыемстваў Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” па рэалізацыі рэспубліканскай праграмы. Прайшоўшыя гады былі багатымі на мерапрыемствы і добрыя справы, у якіх заўсёды стараліся паўдзельнічаць члены “Белай Русі”.
У Астравецкім раёне ў гэтую арганізацыю ўваходзіць 544 чалавекі з 40 пярвічных арганізацый. За справаздачны перыяд былі створаны тры новыя “пярвічкі” – у філіяле АCБ “Беларусбанка”, Падольскім НПК і рэдакцыі раённай газеты. А ў райспажыўтаварыстве і сельгаскааператывах, дзе адбыліся рэарганізацыі, пярвічныя арганізацыі зліліся, але колькасць членаў не зменшылася.
Усе члены раённай арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці. Толькі падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы ў склад выбарчых камісій увайшло 97 членаў гэтай грамадскай арганізацыі, 43 члены “Белай Русі” былі назіральнікамі падчас выбараў, 12 – даверанымі асобамі дэпутатаў, 21 удзельнік “Белай Русі” былі абраны дэпутатамі раённага Савета, 36 чалавек – дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў. Вялікая колькасць членаў “Белай Русі” прыняла ўдзел і ў кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
“Белая Русь” існуе за кошт узносаў – і за два мінулыя гады члены аб’яднання пералічылі на рахунак арганізацыі 38 мільёнаў рублёў.
Раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” ужо чатыры гады з’яўляецца спонсарам дабрачыннай ёлкі для дзяцей-інвалідаў. Штогод дзеці, якія ў перыяд навагодніх святаў ляжаць у бальніцы, атрымліваюць ад арганізацыі салодкія падарункі. Падтрымка аказваецца дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і адораным дзецям – для іх арганізацыя набывае пуцёўкі ў летнікі. Штогод праходзяць акцыі, падчас якіх віншуюць маці, якія нарадзілі дзяцей у Дзень Незалежнасці і Дзень маці.
Актыўна ўключыліся члены “Белай Русі” ў інтэлектуальны рух, у патрыятычныя акцыі, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі, Году Казіміра Сваяка.
За справаздачны перыяд арганізацыя павіншавала 28 сваіх членаў з юбілеямі, па выніках года памятныя падарункі атрымалі і пярвічныя арганізацыі.
Пра дзейнасць пярвічных арганізацый, якія ўваходзяць у склад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, расказалі старшыні пярвічных арганізацый гімназіі №1 В.Т. Лябецкая, СВК “Варняны” Ю.А. Адула і А.М. Замара з ВУ “Астравецрайгаз”.
На пасяджэнні быў разгледжаны і зацверджаны план мерапрыемстваў на наступныя два гады.
Выступіў на пасяджэнні і намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Ён падкрэсліў, што з кожным годам “Белая Русь” становіцца ўсё больш вядомай добрымі справамі і вырашэннем складаных жыццёвых праблем. І таму пытанне аб змяненні статусу арганізацыі ўсё часцей падымаецца на пасяджэннях рознага ўзроўню. Віктар Збігневіч прапанаваў старшыням пярвічных арганізацый не спыняцца на месцы, а ўмацоўваць арганізацыю, самаўдасканальвацца і расці.
Намеснік старшыні райвыканкама звярнуў таксама ўвагу на конкурс “Сем цудаў Беларусі”, які “Народная газета” праводзіць сумесна з РГА “Белая Русь”. Цяпер на сайце газеты праходзіць абласны этап. З 15 мая пачнецца рэспубліканскі. Аб’екты тых раёнаў, якія ў яго трапяць, будуць прэтэндаваць на званне цуда Беларусі і стануць вядомымі на ўсю краіну – і менавіта ад нашага патрыятызму залежыць, увойдуць астравецкія дзівосы ў лік цудаў ці не.
Пасля прыняцця пастановы, якую зачытала сакратар арганізацыі М.М. Кутовіч, пачалася святочная частка – узнагароджанне падзячнымі пісьмамі і каштоўнымі падарункамі. Так, па выніках года падзячныя пісьмы і падарункі атрымалі пярвічныя арганізацыі СВК “Варняны”, гімназіі №1 і ПУ “Астравецрайгаз”. За актыўны ўдзел у выбарчай кампанііі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаны Т.З. Субаткевіч, А.С. Грабоўская, С.У. Родзь, Т.М. Драган, Г.А. Кляпец, Г.З. Субач, Ч.Р. Магельніцкі, В.В. Трышына, А.В. Вінча, Т.Я. Гайкевіч, У.Ч. Мажэйка, А.І. Філіпчык, А.І. Войшка, Н.І. Якубцэвіч. Памятныя сувеніры атрымалі ўсе пярвічныя арганізацыі, члены савета і прэзідыума раённай арганізацыі.
Алена ЯРАШЭВІЧ.