Астравецкія актывісты распачалі акцыю “Аднаўленне святынь” і заклікаюць далучыцца іншых


На Астравеччыне распачалася акцыя “Аднаўленне святынь”. Першымі да яе далучыліся актывісты ГА БРСМ з СШ №2.

Праз некалькі дзён праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Вялікдзень. Ля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы даўно кіпіць работа – трэба падрыхтаваць святыню да ўрачыстасці. Таму і вырашылі ўдзельнікі акцыі дапамагчы ў гэтым настаяцелю царквы. Прыбраць смецце, вынесці старыя дошкі, абрэзаць кусты, падмесці тэрыторыю – справа знайшлася для кожнага.

– Нам ніколі не пашкодзяць лішнія рукі, – адзначыў айцец Георгій. – Тым больш што любая праца на карысць святыні – богаўгодная. І патрэбная не толькі храму, а ў першую чаргу самім людзям, бо іх чакае найвышэйшая ўзнагарода – духоўная благадаць. Прывяду прыклад: калі я быў у Жыровіцкім манастыры, пры ім пасялілася жанчына. І была яна вельмі маркотная – ніхто і нішто не радавала. Пакуль хтосьці не параіў ёй заняцца якой-небудь справай пры святыні. Жанчына пайшла збіраць парэчкі – і літаральна праз дзень яе было не пазнаць, настолькі змянілася. Таму запрашаю ўсіх прыходзіць да нас – для гэтага неабавязкова чакаць акцыі, дастаткова поклічу душы.


Падлеткі працавалі старанна і на пытанне, ці прыйдуць сюды яшчэ, дружна адказалі: “Канешне!”

– Пастаянная ўдзельніца розных акцый, але да гэтай далучылася ўпершыню, – расказала Юлія Лебядзевіч. – Спадабалася – атмасфера тут незвычайная. Здаецца, працуеш, але не стамляешся. Наогул, лічу, такія справы карысныя для ўсіх.


Дарэчы, як паведаміла першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава, сёлета плануецца правесці акцыю ў пашыраным фармаце.

– Мы толькі далі ёй старт, многае яшчэ наперадзе, – падзялілася маладзёжны лідар. – Напрыклад, плануем мінімум раз у месяц наведваць з актывістамі розных школ святыні раёна і аказваць там неабходную дапамогу. Звяртаю ўвагу, што ў акцыі могуць удзельнічаць усе, таму заклікаю да добрай справы жадаючых. Разам мы можам зрабіць яшчэ больш.



Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Мацкевич