Астраўчане дзеляцца: што варта зрабіць кожнаму на Задушкі
У гэтыя слатлівыя лістападаўскія дні, на пачатак якіх прыпадаюць успамін усіх памерлых вернікаў і Задушкі, здаецца, прытаілася нават прырода. Менавіта гэты перыяд – цудоўная нагода не толькі ў думках і ў малітвах прыгадаць сваякоў, сяброў, суседзяў і калег, якіх больш няма побач з намі, але і задумацца пра спрадвечныя жыццёвыя каштоўнасці, сэнс радавой памяці і пра тое, што кожны з нас пакіне пасля сябе.
Жыхары Астравеччыны паразважалі, што, на іх думку, варта зрабіць напярэдадні і падчас актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада.Прыбраць могілкі
Хоць невялічкія вёскі, дарэчы, як і людзі, пакрысе аджываюць сваё і нават знікаюць з карты Астравеччыны, людская памяць застаецца нягледзячы ні на што. Ведаю не адзін прыклад, калі хтосьці ахвяруецца даглядаць месца спачыну не толькі сваякоў, але і іх аднавяскоўцаў.
Падчас сяброўскага візіту ў рэдакцыю прафсаюзны лідар сферы адукацыі Марына Кутовіч расказала пра традыцыю ў Мацканах, якая сучаснікам засталася ў спадчыну ад іх папярэднікаў.
– Заўсёды ў гэтай мясцовасці была традыцыя за некалькі тыдняў да Задушак прыбіраць усе магілкі, асабліва тыя, пра якія няма каму паклапаціцца. Раней гэта рабілі нашы дзяды і бацькі, а цяпер – мы. Мужчыны абкошваюць тэрыторыю, жанчыны зграбаюць траву, апалае лісце. Спачатку наводзім парадак на месцах пахавання, якія няма каму дагледзець. Па аб’ектыўных прычынах не ва ўсіх ёсць магчымасць гэта зрабіць: хтосьці прыхварэў ці не можа прыехаць. Толькі потым кожны «парадкуе» магілы сваякоў і блізкіх.
Напрыклад, калі аблупілася фарба на агароджы – збіраемся разам і абнаўляем яе.
Заўсёды быў ініцыятар, хто збіраў талаку. Даўней гэта была мая цётачка Генуэфа Грымбоўская, але з-за ўзросту яна крыху адышла ад спраў. Добра, што цяпер побач з могілкамі ёсць спецыяльныя кантэйнеры для смецця, якое пастаянна вывозіцца, а даўней трэба было яшчэ прыдумаць, куды яго падзець. Ведаю, што цётачка падключала старшыняў калгаса, сельсавета.
Цяпер, мне здаецца, нашмат прасцей. Асноўнае – гэта сабраць людзей, але і тут трэба пастарацца. Клопат аб гэтым на сябе ўзяла Тарэса Міхновіч.
Сёлета ўпершыню брала з сабой старэйшага ўнука Кірыла, які гасцяваў у нас. Мне здаецца, што толькі праз уласны прыклад можна захаваць гэтую традыцыю, якая нам засталася ад продкаў, і пераемнасць пакаленняў.
Прыгадаць свой род і памерлых
На Задушкі прынята маліцца за памерлых на могілках і ў храме, падаваць запіску з прозвішчамі і імёнамі памерлых, запальваць лампадку ці свечку на месцы іх апошняга зямнога прытулку.
Настаўніца Гервяцкай школы Вольга Каткоўскіс усё гэта робіць, а яшчэ пераглядвае альбом з фотаздымкамі, з якіх на жанчыну глядзяць родныя і любімыя людзі, якія адышлі ў лепшы свет.
Асабліва цёплыя і шчымлівыя ўспаміны ў жанчыны засталіся ад бабуль і дзядуль, асабліва па матчынай лініі.
– З маленства я тузала бабулю з роспытамі, як яны жылі даўней. І гэтыя расповеды для мяне былі лепшымі за самую чароўную казку, – узгадвае Вольга Станіславаўна. – Дзед Юзаф Штура цудоўнай душы чалавек і моцны гаспадар. З бабуляй Антанінай па вадзе яны сплаўлялі бярвенні, марылі іх, высушвалі і будавалі хату. Дарэчы, яе і тыя маляўнічыя мясціны Альхоўкі часта бачу ў снах. Дзядуля ў ваколіцах быў паважаным чалавекам. Самае цікавае, што па пашпарце ён быў Осіпам, для блізкіх – Юзафам, а аднавяскоўцы звярталіся да яго выключна па бацьку – Сямёнавіч. Ён быў ветэранам працы. Без работы не мог уседзець і хвіліну, заўжды быў нечым заняты. Толькі ў нядзелю дазваляў сабе пасядзець з вудай на беразе ракі ці схадзіць на ціхае паляванне. Дзядуля быў выдатным самавучкам-гарманістам, без яго не абыходзілася ніводная сямейная ўрачыстасць ці танцы, якія тады ладзіліся па хатах. Знешне ён быў хударлявы і высокі, чарнявы, меў невагодна прамую паставу і насіў вусы. Калісьці дзеду сшылі карычневае паліто, а бабуля купіла яму шапку тыпу папахі. «Выліты Чапаеў!» – казалі, калі Штуры прыязджалі да сватоў у Варняны.
Шыццё, вязанне, ткацтва, саломапляценне – гэта ўсё пра бабулю, у якой без перабольшвання былі не толькі залатыя рукі, але і сэрца.
Па татавай лініі бацькі былі простымі калгаснікамі, але таксама гаспадарлівымі і працавітымі. Бабуля да 1939 года працавала пры панскай сядзібе, а пасля ўсё жыццё цялятніцай. Дзядуля Станіслаў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў брыгадзірам. Яны сапраўдны прыклад вяскоўцаў: працалюбівыя, цягавітыя, моцна знітаваныя з зямлёй усёй сваёй існасцю.
Некаторыя кажуць, што да жадання вывучыць род трэба дарасці. Я лічу, што не варта чакаць моманту, а трэба працаваць над гэтым ужо сёння. Трэба расказваць дзецям і ўнукам пра іх прадзедаў, разам глядзець фотаздымкі і ўспамінаць сямейныя гісторыі і паданні. Часцей браць з сабой на вёску паслухаць старых людзей. Мне здаецца, калі малое з дзяцінства бачыць любоў, узаемапавагу членаў сям’і і іх моцную сувязь, яно абавязкова гэта ўсё возьме з сабой у дарослае жыццё.
Мая чатырохгадовая ўнучка ўжо ведае кожнага з нас па імені і хто кім працуе. (Усміхаецца.) Ёсць надзея, што нітачка сямейнай памяці ў нашым родзе ніколі не перарвецца.
Сваім продкам у першую чаргу я падзякавала б за тое, што ў мяне ёсць магчымасць жыць, любіць, працаваць, дыхаць, марыць…
Памаліцца і ўспомніць усіх святых
Лічыцца, што калі шчыра ў гэтыя памінальныя дні наведваць могілкі і маліцца за памерлых, то можна выратаваць адну душу.
Старшакласнік з Варнян Аляксандр Блашкевіч прывык да малітвы ледзь не з пялюшак, больш таго, пробашчу ў мінулыя гады ён дапамагаў падчас аб’езду могілак, а іх у парафіі больш за 10.
Хлопец распавёў, што на Задушкі моліцца за бабуль, дзядуль, бацьку і іншых сваякоў.
– З аднаго боку, гэтыя памінальныя дні светлыя, таму што мы стараемся ўзгадаць самыя добрыя і станоўчыя моманты з жыцця, калі блізкія яшчэ былі побач. З іншага – яны сумныя, таму што з гэтым чалавекам больш ніколі не сустрэнешся і ніколі не атрымаеш ад яго адказаў на пытанні, якія турбуюць, – працягвае Аляксандр. – На могілкі звычайна хаджу з блізкімі. Запаліш свечку, прамовіш малітву за вечны адпачынак – і адпускае.
У каталіцкім календары ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў папярэднічае ўрачыстасць Усіх Святых. У варнянскай парафіі дзеці з дапамогай дарослых ладзілі адмысловы баль у іх гонар.
– Калі быў меншым, таксама ўдзельнічаў. Правесці баль прапанавала цёця, задумку з радасцю падтрымаў ксёндз і ўсе астатнія, – працягнуў старшакласнік. – Я быў Юзафам, а мой зводны брат Максім – Езусам. Іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі таксама выбралі сабе асобу пэўнага святога і з дапамогай бацькоў рыхтавалі вобраз. У некаторых выпадках падабенства было стопрацэнтнае! Мы папрасілі Наталлю Гендрыкаўну Адулу прыдумаць для кожнага вершыкі. Гэта было сапраўднае свята для нас, пасля якога на памяць засталіся фотаздымкі.

Сваім апекуном і нябесным заступнікам па-ранейшаму лічу святога Юзафа, які быў другім бацькам для маленькага Езуса, прыняў і гадаваў яго, як уласнае дзіця.