Апавяданне Ніны Рыбік “Тры рублі”
Работа была не тое каб цяжкая, але мутарная: кожную плоскунь трэба выцягнуць, акуратна злажыць у снапкі, затым звязаць іх, каб аднесці на копанку, вымачыць, высушыць. З іх таксама ўвосень, растрапаўшы, памяўшы, начасаўшы кудзелю і спраўшы ніткі, можна палатно саткаць, хоць і не такое тонкае і мяккае, як атрымлівалася з «дзевачак». Але ў гаспадарцы ўсё спатрэбіцца: і мяккае, і грубае.
Доўга ў каноплях працаваць не выпадала: галава пачынала балець і круціцца. Трэба было пайсці ў хату адпачыць ці заняцца якой іншай справай.
Таццяна вырашыла: усё, хопіць на сёння! Разагнулася і ўбачыла Алену, якая шыбавала напрасткі праз агароды да маці. Думка: «Што гэта яна бегае сярод белага дня? Лаўку зачыніла, ці што? А калі хто раптам прыйдзе?» – прыйшла праз імгненне. А перш Таццяна залюбавалася дачкой: прыгажуня… Шырокая ў касці, статная, з крутымі сцёгнамі, высокімі тугімі грудзямі, якім і станік не патрэбен. «Вайстратава парода! – падумала з гонарам і болем. – Каса толькі мая, ніжэй пояса, у кулак не абшчэпіш».
Але твар у дачкі быў такі, што Таццяна ўмомант забылася пра вабнасць яе паставы і твару.
– Што здарылася? – памкнулася насустрач.
– Хадзем у хату, там раскажу. Не для чужых вушэй гаворка, – не спыняючыся, пашыбавала па сцежцы да двара Алена.
Таццяна паспяшалася следам.
У хаце дачка скінула з галавы хустку, зачэрпнула конаўкай вады з вядра, прагна напілася, абмыла расчырванелы твар. І толькі пасля таго павярнулася да Таццяны, якая стаяла ў парозе, не зводзячы з дачкі ўстрывожаных вачэй, і загаварыла:
– Сёння да мяне ў лаўку маладзіца з Баршчоўкі прыходзіла, Варвара Ігнаціха. Памятаеш яе?
– Чаму ж не? Памятаю! Адной бядой мечаныя… Яе Ігната, як і нашага бацьку, на Салаўкі адправілі. Толькі яго трохі раней. Я хадзіла ў Баршчоўку, калі Варцы пісьмо ад Ігната прыйшло, пыталася, ці не ўспамінае Вайстрата, ці не бачыліся дзе.
– Варка клялася-бажылася, што яму самому на базары тую «куклу» падсунулі, ён і не бачыў, што там папера. Ты ж не горш мяне ведаеш, што наш бацька ні ў чым не вінаваты, а таксама на Салаўках. Мо, і Ігната абалгалі.
– Ды бог з ім, з Ігнатам! Якая розніца, з-за чаго ён сядзіць, – махнула рукой Алена. – Галоўнае – ён не паліцічаскі! Таму яму пісьмы дазваляюць пісаць. А цяпер во – верыш ці не? – Варцы спатканне дазволілі! Паперу спецыяльную прыслалі. На машынцы надрукавана, са штэмпселем! Паказвала, бо я не верыла.
– А божачкі! – малітоўна склала рукі Таццяна. – Вось жа шчасце людзям! Каб нам такое…
– А Варка і не ведае, шчасце ці не. Параіцца да мяне прыходзіла. Кажа, што баіцца ехаць. Ніколі далей райцэнтра не выязджала, а тут канец свету – Салаўкі!
– Дык хай бы каторы з дзяцей ехаў. Маладзейшыя разумнейшыя, хутчэй даб’юцца.
– Не, дзецям няможна. На яе дазвол выпісаны. Дый дорага вельмі ўдваіх з адной сям’і ехаць…
Алена глянула на маці запытальна.
– Ты пра што гэта? – не зразумела Таццяна.
– Мама, Варвара просіць мяне з ёй паехаць. Каб дапамагчы ў дарозе. Хоць бы да таго месца, пакуль можна будзе ўдваіх. А за гэта абяцала татку перадачу ўзяць.
– Дык дзе ж яна таго татку пабачыць? – недаверліва глянула Таццяна.
– Сама не пабачыць, дык Ігнат перадасць.
– Калі перадасць…
– Ды каму ўжо верыць, калі не свайму чалавеку, амаль што аднавяскоўцу? Які да таго ж, як ты кажаш, той жа бядой мечаны… Аддасць, куды ён дзенецца!
– З чаго ж тую перадачу сабраць? – перакінуўшыся думкамі з пытання «Трэба ці не?» на іншае – «Што і як?», Таццяна абвяла позіркам голыя сцены, вялікую печ, палаці, закінутыя саматканым радном.
– Знойдзем, мама, знойдзем… Сухароў трэба насушыць…
– З чаго? Самі забыліся, калі хлеб елі, жыта яшчэ толькі каласуе…
– У Самойлы пазычым, у яго заўсёды ёсць, – планавала Алена. – У Вулляны, я ўчора чула, свінчо вішчала ў хляве – пэўна, закалолі, пакуль Міканор у раён ездзіў. Трэба папрасіць сала.
– Не дасць, – з сумневам пакруціла галавой Таццяна. – У яе ў самой сем душ сям’і.
– Дасць! – запярэчыла дачка. – Нашаму бацьку дасць. Мала ён ім дапамагаў?
– А грошы? Дзе возьмем грошай табе на дарогу? – нагадала самую галоўную перашкоду маці.
– Шурка зарплату хутка атрымае. Калі не хопіць, дык пазычыць у каго-небудзь з таварышаў, – у Алены быў гатовы адказ і на гэтае пытанне.
– Ох, прагоніць цябе твой чалавек, – па-добраму паўшчувала дачку Таццяна. – Усё, што ён зарабляе, ты на нас спускаеш.
– Не прагоніць, – усміхнулася Алена. – Любіць ён мяне. Дый віну сваю адчувае, што бацька наш на Салаўках. І я таксама…
– Не вярзі глупства! – абарвала яе маці. – Якая ваша віна? Міканор, гад, усё падстроіў. Глядзі ж, маўчы, што да бацькі ехаць збіраешся, бо як даведаецца гэты вуж печаны, то касцьмі ляжа, а не пусціць.
– Ды ўжо ж, ведаю… Навучаная, – уздыхнула Алена.
Дачка і праўда адчувала сваю віну за тое, што бацьку саслалі. Хоць і не ведала, у чым яна. Калі б сёння ўсё павярнулася, як тады, і яе зноў перастрэў на вузкай сцежцы ў жыце Міканор, заступіў дарогу, абхапіў дужымі рукамі і стаў прагна цалаваць… Нават цяпер, ведаючы, чым усё скончылася, яна гэтак жа дала б яму ў зубы дужым, не дзявочым кулаком – з маленства, як старэйшая, касіла і хадзіла за плугам – навучыў бацька!
Ох і раз’юшыўся Міканор, калі яна, адскочыўшы, схапілася за серп і прыгразіла: «Яшчэ крок ступіш – вочы павыколваю! Ці яйцы адрэжу, не будзеш болей порціць вясковых дзевак!» Заціскаючы тоўсты, як бульбіна, нос, з якога ручаём лілася кроў, Міканор гундосіў, што са свету зжыве і яе, і ўсю яе радню. Алена пераможна засмяялася: «Паспрабуй толькі! У цябе таксама радня ёсць…» І, не выпускаючы серп, паважна, усім выглядам паказваючы сваю перавагу Міканору, які буравіў яе поўнымі нянавісці вачыма, пайшла па сцежцы.
Ды, аказваецца, не ўсё можна вырашыць кулаком ці нават сярпом. Подлы Міканор напісаў данос на бацьку. Паведаміў «куды трэба», што Вайстрат Пулянок стоены вораг савецкай улады. Ніхто не стаў разбірацца, што ён адным з першых уступіў у калгас, бо не было яму чаго шкадаваць, па чым слёзы ліць: зямля – пясочак, кароўка – ялаўка, лядашчая кабылка, плуг ды барана. Прыехалі з раёна на машыне і забралі ў чым стаяў.
Алена перш нават не вельмі спалохалася, была ўпэўнена, што бацьку адпусцяць. Калі Вайстрат вораг, то хто ж тады свой? Калі яго, калгаснага каваля, сашлюць, то хто будзе коней падкоўваць, плугі рамантаваць, сярпы бабам тачыць? І Шурка, прыгожы і разумны хлопец, якога прыслалі ў іх школу настаўнікам і да якога яна кінулася за парадай, супакойваў: «Адпусцяць! Савецкая ўлада за працоўны народ».
Не адпусцілі… Шурку па сакрэце пераказалі, што Міканор напісаў, быццам Вайстрат меў конную малацілку і веялку і закапаў усё за гумном, каб не аддаваць у калгас. І казаў пры гэтым: хай лепш згніе, чым краснапузым дастанецца. Словам, сабатажнік. І хоць на самой справе Вайстрат ніколі не тое што не меў – у вочы не бачыў ні малацілкі, ні веялкі, паверылі не яму, а старшыні калгаса Міканору. Далі бацьку пяць гадоў і саслалі на Салаўкі.
Алена плакала, але ўпотайкі, калі ніхто не бачыў. За прылаўкам сельмага стаяла, як заўсёды, усмешлівая, з тоўстай касой, выкладзенай каронай кругом галавы ці перакінутай цераз плячо, прыгожая і недаступная. Міканор калі-нікалі заходзіў. Як нікога ў краме не было, пасміхаўся: «Ну што, ганарліўка, па-ранейшаму нос дзярэш? Дзяры-дзяры, пакуль з твайго бацькі сёмую скуру здзіраюць. Беражы сваё багацце, тулі, мо, якому дурню і спатрэбіцца. А як туліць надакучыць, скажаш, можа, і я ласку зраблю, пакарыстаюся. А за тое напішу хадайніцтва, каб Вайстрата адпусцілі...»
Часам дзяўчына думала: мо, і праўда трэба пераступіць цераз сябе і ўратаваць бацьку? Ды маці і думаць пра тое не дазваляла: «Ці ты Міканора не ведаеш? І бацьку не ўратуеш, і сябе загубіш!»
І Шурка… Ён, такі пяшчотны, трохі сарамлівы, далікатны, зусім не падобны да іх вясковых хлопцаў, такі разумны і памяркоўны, стаў за гэты час для яе радней родных. І хоць маці бурчэла: «Не пара ён табе, дзеўка, ён настаўнік, вучоны, а ты хто? Роўню сабе шукай», ды Алена сэрцу свайму верыла. Яно, нібы матылёк, трапяталася, як толькі ўвечары чуўся далікатны стук у дзверы: «Прабачце, можна ўвайсці? Таццяна Кандрацьеўна, вы не супраць, калі мы з Ленай прагуляемся?» Маці ніякавела ад такога абыходжання, а Алена нібыта на крылах лятала. І неўзабаве Шурка, трымаючы ў сваіх белых неспрацаваных далонях яе натруджаныя рукі, перабіраючы, пагладжваючы кожны зацвярдзелы мазоль, сказаў, чырванеючы, што любіць яе і просіць стаць яго жонкай… Просіць! Яе, Алену, дачку ворага народа! Ён – настаўнік, камсамолец, без пяці хвілін член партыі! Алена разумела, чым ён рызыкуе. І ведала, што ён таксама разумее. І гэтае іх узаемнае разуменне гаварыла больш усялякіх слоў…
Пабраўшыся, сталі жыць у школе, у цесным настаўніцкім пакойчыку. Сталаваліся найчасцей у маткі – не было дзе ў іх катуху не тое што печ, а і керагаз паставіць. Але Шурка адразу ж пачаў будаваць хату побач са школай. Марыў, што дзяцей у іх будзе шмат, сама менш – трое.
Усе ў сяле лічылі, што Алене пашанцавала: такога мужыка адхапіла! Граматны, культурны, яе пальцам не зачэпіць, слова брыдкага не скажа. А яшчэ ж грошы палучае, а не за палачкі ў калгасе душыцца.
Ды што там людзі – дзеўка і сама не магла паверыць, што ёй такое шчасце прываліла. Шурку моцна любіла, ён яе таксама. Усё ў іх добра было. Акрамя той стрэмкі, што смылела ў сэрцы: яна тут з каханым цешыцца, а бацька з-за яе на Салаўках вошай корміць…
І вось цяпер, калі з’явілася хай сабе няпэўная, прывідная магчымасць крышачку аблегчыць яго долю… А калі нават не аблегчыць, то хоць бы даць знаць, што яны помняць яго, чакаюць, спадзяюцца… Алена не магла ёй не скарыстацца! Чаго б гэта ні каштавала! Шурка, ведала, пярэчыць не стане…
Перадачу рыхтавалі ўпотайкі. Пазычылі ў Самойлы вядро жыта, змалолі і напяклі хлеба. Ім самім дастаўся толькі водар, меншаму Валодзьку – вузенькі акрайчык падпаленай скарыначкі. Боханы рэзалі на скібкі і сушылі на печы. У Майсея папрасілі тытуню – той насыпаў харошага, ядронага, нават не спытаўшы, навошта ім, бабам, тытунь – мусіць, здагадаўся. І Вулляна кавалак сала адкроіла. Але, апусціўшы вочы, папрасіла грошай – не цяпер, калі будуць. Алена абяцала аддаць. Цыбулі і часнаку ў гародзе накапалі. Чарніц, палыну і зверабою ў лесе назбірала, насушыла торбачку – лекі ад усіх хвароб…
Кожны дзень нешта дабаўлялася ў торбу, што стаяла ў запечку, прыкіданая лахманамі на выпадак, калі нехта чужы ды вастравокі ўвойдзе ў хату.
Здаецца, усё сабралі. Але аднойчы Алена застала маці за нязвыклай улетку справай: тая вышывала.
– Што гэта, мама? – здзіўлена спытала.
Таццяна, завязаўшы незаўважны вузельчык, спрытна перакусіла чорную нітку і заправіла ў іголку чырвоную. І толькі пасля таго адказала:
– Сарочку бацьку пашыла. З таго палатна, што на чорны дзень пакідала, на соль думала вымяняць. Ды, мусіць, настаў ужо той дзень… Хай ён зносіць, цяплом рук маіх сагрэецца. Яшчэ вышыць хачу. Узор узяла з той кашулі, у якой ён сватацца да мяне прыходзіў. Як сёння бачу… На яго вочы ўзняць баялася, толькі на сарочку і глядзела…
– Чаму баялася? – не зразумела Алена.
– Я ж дзіцем горкім была. Калі Вайстрат пасватаўся, яшчэ і на рубашцы не мела. Ды мама памерла, бацька мачыху прывёў. Нас трое, у яе двое, яшчэ і з бацькам аднаго нарадзілі. Дзетвары, што зярнят у гарбузе, і ўсе малыя, адзін аднаго не панясе. Вось мачыха і старалася нас выпхнуць з хаты. Братоў у парабкі аддала, а мяне вырашыла замуж выправіць. От я баялася, што які корч стары сватоў зашле – мачыха б аддала, мяне б не папыталася. Ды прыйшоў Вайстрат… Да гэтага часу зразумець не магу: нашто я, дзеўчанё цыбатае, яму здалася? Ён прыгожы быў, статны. І не бедны. Хоць у багацеях не хадзіў, ды ўсё ж не роўня мне, сіраціне беспасажнай. Усяго толькі і скарбу мела, што касу. Мо, на тую касу і купіўся? Узяў Вайстрат мяне за жонку. А мне страшна аж да дрыжыкаў: ён дзядзька здаровы, а я… Ды ён шкадаваў мяне, не чапаў, пакуль у жаночую сілу не ўвабралася. І пасля аберагаў, цяжэйшую работу на сябе ўзяць стараўся… А як радаваўся, калі ты нарадзілася! А потым Валодзька. Казаў: будзе помач і матцы, і бацьку. А яно во як павярнулася…
Алена слухала маці і нібыта не чула – углядалася ў сарочку. Урэшце рашуча прамовіла:
– Мама, трэба бацьку грошай перадаць! Яму спатрэбяцца…
– Што ты прыдумала? Як мы іх перададзім?
– У каўнер сарочкі зашыем. Во сюды, дзе шво таўшчэйшае. Тры рублі складзем тоненька, каб незаўважна было. Я Варку навучу, каб падказала, дзе шукаць трэба. Ды бацька і сам не дурны, здагадаецца.
– А дзе мы тых рублёў набярэмся, дачка? – уздыхнула маці. – На паездку тваю яшчэ немаведама дзе грошы шукаць…
– Мама, не ўздыхай! Знойдзем грошы! Галоўнае – перадаць іх татку… Можа, яны яму дапамогуць. Ці нават уратуюць…
…Праз тыдзень у сельмагу за прылаўкам стаяў Валодзя, меншы Вайстратаў сын. На пытанні цікаўных, куды падзелася Алена, хлопец завучана адказваў, што сястра паехала да хроснай у суседні раён, бо тая прыхварэла. Хай пакупнікі не турбуюцца: ён, Валодзя, усе цэны ведае і лічыць умее не горш за сястру, па арыфметыцы ў яго адны «пяцёркі».
Праз колькі часу Алена вярнулася. Таіцца ўжо не было сэнсу, дый не ўтоіш шыла ў мяшку. Вестка, што яна з Варкай Ігнаціхай ездзіла на Салаўкі, маланкай абляцела вёску. Адно аднаму перадавалі, што дзеўка агонь, не пабаялася такой дарогі, не пашкадавала грошай. І хай сабе бацьку не бачыла, але ж перадачу яму адвезла. Ігнат пры сустрэчы сказаў жонцы, што бачыў Вайстрата, ён жывы і здаровы, хоць і схуднеў моцна. Але на жывой касці мяса нарасце!
Сям’я стала жыць надзеяй. Таццяна часта хадзіла на грэблю, углядалася, ці не пакажацца знаёмая постаць. Але міналі дні, тыдні, месяцы і гады, а Вайстрат не ішоў. І вестак ад яго больш не было…
…Пасля вайны, калі Валодзя, партызанскі разведчык, ардэнаносец, намерыўся ўступіць у партыю, начальства звярнулася ў адпаведныя органы, каб праверылі паднаготную яго родзічаў і сказалі, ці можна героя вайны і сына ворага народа прымаць у КПСС.
Неўзабаве прыйшла даведка: Вайстрат рэабілітаваны пасмяротна за адсутнасцю віны. Памёр на Салаўках ад запалення лёгкіх задоўга да таго, як Алена вазіла бацьку перадачу.
Праўда то была ці ўсім пісалі такія даведкі? Ці знасіў хто вышытую Таццянай сарочку і ці знайшоў той чалавек тры рублі ў каўнерыку? Алена часта думала пра гэта...
Ёй хацелася, каб знайшоў. І каб тыя грошы яму дапамаглі…
