Антоні Рунец, які спявае ў гудагайскім касцёле: “Вера без учынкаў мёртвая”
Невыпадкова святы Аўгусцін казаў: хто спявае, той моліцца двойчы.
Вернікі розных парафій Астравеччыны, якія ў храме сваім голасам праслаўляюць Бога, расказалі пра касцёл і веру, Каляды і пра тое, як і калі распачалася іх дарога да духоўных спеваў.
«Вера без учынкаў мёртвая»
Антоні РУНЕЦ (70 гадоў), парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай:
Пра веру і касцёл
– Мая родная парафія ў Жалудку Шчучынскага раёна, адкуль я родам. Касцёл, ад нашай вёскі пешшу да яго было 6 кіламетраў, быў адчынены ва ўсе часы, хоць у храм у маім маленстве хадзілі рэдка (тады было забаронена), але простыя людцы былі веруючымі.
Мама да замужжа была праваслаўнай, але ў сям’і прытрымліваліся каталіцкай веры. У нядзелю бацькі хадзілі да касцёла, але нас, малых, з сабой не бралі. Дзядоў я ўжо не заспеў. Бабуля па маці мела кніжкі і ружанец, праўда, усе пацеры адгаворвала на старарускай мове. З маленства запомнілася фраза «іжы есі»…
Практыкуючым католікам стаў ужо, калі быў жанаты. У 90-я гады ў мястэчка ў касцёл ездзілі на кані. Збіраў усіх ахвочых з нашай вёскі і па дарозе падбіраў іншых людзей.
Пакуль жонка не злягла, стараўся не прапускаць ніводную нядзелю – мая палавінка значна старэйшая, таму са швагеркай у апошнія гады фізічна не маглі паехаць у храм, але мяне заўжды адпускалі.
Хоць наша парафія па колькасці вернікаў невялікая, але жывая. Відаць, дзякуючы Матачцы Божай Шкаплернай. Сюды не толькі падчас фэсту, але і на працягу года прыязджае шмат наведвальнікаў і пілігрымаў.
На днях збіралі касцёльны камітэт, каб абмеркаваць пытанне па аднаўленні аргана. Пры даўнейшым ксяндзы Алёйзе, у 90-х гадах, ён яшчэ дзейнічаў, нават арганіст прыязджомы быў. Але ўсё патрабуе клопату. Нядаўна быў чалавек, які займаецца рамонтам такіх унікальных інструментаў, і сказаў, што трэба новы матор і іншыя запчасткі. Панапісваў на ладныя грошы неабходныя дэталі… Хочацца верыць, што з Божай і людской дапамогай у нас усё атрымаецца. Тым больш нядаўна, дзякуючы ахвяраванням шмалікіх нераўнадушных вернікаў і арганізацый, зрабілі капітальны рамонт у касцёле: паслалі новы паркет, правялі электрычнае ацяпленне. Як кажуць, увесь свет дапамагаў – і ўсё задуманае атрымалася.
Пра спевы
– Даўней чуў, як на імшы спяваюць гадзінкі жанчыны, але не далучаўся. Былі і тры мужчыны, але вельмі старэнькія – пад 80 гадоў, ледзь уздымаліся на хоры.
Аднаго разу да мяне падышла Марыя Марозік і кажа: «Антоні, можа пойдзеш спяваць да нас?» Падумаў, але не адважыўся прыняць яе прапанову.
Потым у парафіі з’явілася сястра Вераніка Казлоўская, відаць, у яе была музычная адукацыя. Яна арганізавала людзей (25 чалавек!) у адмысловы хор. Напачатку я адмаўляўся ў ім удзельнічаць. Ні музычнай адукацыі, ні разумення, як гэта павінна быць, у мяне не было.
Потым Марыя і сястра Вераніка паклікалі на праслухванне. Разам саспявалі дзве касцёльныя песні. Думаў, што скажуць: «Ідзі, чалавеча, дадому», але памыліўся. Убачыў, што між сабой задаволена перамаўляюцца, і ад душы адлягло. Мне, дарэчы, патрэбна толькі двойчы праслухаць песню, каб улавіць мелодыю, затым сам магу заводзіць без усякіх нот.
Мы аднойчы нават у першы дзень шкаплерных урачыстасцей спявалі ўвечары на суботняй імшы. Гонар перапаўняў, таму што на фэст у мястэчка з розных касцёлаў Беларусі прыязджаюць ксяндзы, біскупы.
Законніц у нашай парафіі мяняюць. З’ехала сястра Вераніка, і хор распаўся. Цяпер я адзіны мужчына ў гудагайскім касцёле, які спявае. На хорах ужо нікога няма, таму зазвычай я пачынаю.
Акапэльна спяваць у касцёле стаў выпадкова ці, можа, дзякуючы Божаму накаванню – не ведаю… У нас тры арганісткі: Таня Васюкевіч, але зазвычай яна прыязджае на польскую імшу, Жана Грамбоўская і Ганна Ярмак – у апошняй дзіцятка зусім маленькае.
А пачалося з таго, што неяк айцец Казімір папрасіў правесці гадзінкі. Думаю, як святару адмовіць, тым больш няма арганісткі. Ну і пачаў… Адразу людзі ставіліся з непаразуменнем, а потым з кожнай нядзеляй сталі дапамагаць. У нас імша з большага спяваная. Цяпер нават жанчыны, якія па нябожчыках ходзяць, самі распачынаюць, калі мне трэба адлучыцца ў захрыстыю. Нават калі светлай памяці жонка хварэла і ляжала ў астравецкай бальніцы і я не мог трапіць на імшу, яны спраўляліся самі.
Даўней усе песні спявалі па-польску. Ёсць розныя іх пераклады на беларускую мову, але самыя ўдалыя, на мой погляд, у спеўніку, які падчас велікодных рэкалекцый спрэзентаваў мне варнянскі ксёндз Віктар Захарэўскі. Зборнічак, відаць, самаробны (хоць і надрукаваны), бо не пазначана ні выдавецтва, ні колькасць асобнікаў, але вельмі каштоўны – ён заўжды са мной. У мяне ёсць шмат розных спеўнікаў, але там няма такіх файных перакладаў. Напрыклад, песню «Зорка ты цудоўная» адшукаў толькі ў падараванай пробашчам з Варнян кніжачцы.
Цяпер у касцёле спяваю без усялякай сарамлівасці. Перад імшой і падчас службы, калі няма арганістак. Многае залежыць ад літургічнага перыяду. З Адвэнту пачынаецца касцёльны год. Ёсць звычайныя перыяды, зялёныя, тады пераважаюць эўхарыстычныя песні.
Падчас Вялікага посту ёсць свае абмежаванні. У гэты час выконваюць «Песні жальбы», а «Анёл панскі» ўвогуле не спяваецца. Для кожнай касцёльнай урачыстасці ёсць адпаведныя песні, напрыклад, да сэрца Езуса ці Небаўшэсця Панны Марыі. Гэта ўсё трэба ведаць.
На Божае Нараджэнне ёсць шмат прыгожых песень. Меладычная і павольная – «Ціхая ноч», больш дынамічныя «Нарадзіўся і нам з’явіўся», «Люляй, мой Езусе», «Зямля і неба», «Езус наш маленькі», «Зорка Бэтлеемская».
Пра Каляды
– У маімі маленстве сена дробненька рассцілалі на голы стол, паверх якога клалі белы абрус. Калі з жонкай пабраліся шлюбам і пераехалі ў Ступкоўшчыну, традыцыі сталі інакшымі. Ставілі на стол абавязкова 12 страў (у бацькоўскім доме іх колькасць не лічылі, галоўнае, каб былі поснымі). Збіраліся я, жонка, швагерка, клікалі суседку разам памаліцца ў святочны вечар. Тут, у нашай хаце, і дарогі крыжовыя, і маёвыя набажэнствы, і вігілійную малітву перад Божым Нараджэннем адпраўлялі.
Цяпер застаўся адзін. Памалюся ў вігілійны вечар і падзякую Богу, што дзеля нашага збаўлення пашле ў гэты свет свайго Сына. Люблю і Божае Нараджэнне, але найбольш – Вялікдзень. З даўніх дат лічыцца, што гэта – свята свят. У гэты дзень увесь свет абнаўляецца. Раз Езус з мёртвых паўстаў, значыць і нас чакае суд Божы. А нараджэнне Дзіцяткі сведчыць пра тое, што ў кожнага – веруючага і таго, хто далёка ад Бога, – яшчэ ёсць шанс выправіцца і змяніцца да лепшага.
Пра пажаданні, падзякі і чаканні
–Вера без учынкаў мёртвая. Па меры магчымасцей стараюся дапамагаць у касцёле. Радуе, што па многіх пытаннях са мной раяцца айцы-кармеліты. На Божае нараджэнне ўсім жадаю спакою, раўнавагі і цярпення. Хочацца, каб усе мы жылі ў міры і згодзе, дапамагалі і шанавалі адзін аднаго.