Антон Раван из Савишек получил несколько наград за взятие Берлина

САВІШКАЎСКІ АРТЫЛЕРЫСТ
Непадалёк Рытані, у вёсцы Савішкі, жыў яшчэ адзін радавы Перамогі – Антон Антонавіч Раван.
– У Савішках тата на свет з’явіўся, туды пасля вайны і вярнуўся, – расказвае Тэрэса Вайцюль. – Да слова, прозвішча ў бацькі спярша Раван-Руройць, а тады другую частку ён “адкінуў” – у вайсковай кніжцы ўжо запісаны як Раван і нас, дзяцей, Раванамі запісаў. Мела спраў пасля яго смерці я з дакументамі. (Усміхаецца.) Ды не ён адзін з мясцовых такі быў, што замест двайнога прозвішча пачаў указваць толькі яго першую частку.
– Нарадзіўся тата ў 1925 годзе 6 студзеня, праўда, у некаторых яго дакументах пазначана і 3-га, і 5 студзеня, і год 1920 указаны, але ён гэтаму не надаваў увагі, – працягвае жанчына. – Бабуля з дзядулем былі сялянамі, у сям’і, акрамя бацькі, яшчэ двое дзетак гадавалася.
Да вайны Антон Раван скончыў 4 класы Літвянскай школы.
– Дзевятнаццаць яму было, як забралі ў войска: восенню 1944 года быў прызваны Свірскім райваенкаматам. А вярнуўся ў кастрычніку 1945-га, бо даслужваў армію, напэўна, – распавядае дачка ветэрана. – Ведаю, што бацька пайшоў на вайну з аднавяскоўцам Зэнонам Рудзінскім – ён загінуў за дзень да Перамогі…


Савішкаўскі хлопец трапіў у 1-шы артылерыйскі полк 1-й дывізіі, быў гарматным нумарам. Прайшоў у яе складзе праз Польшчу і Германію і сустрэў Перамогу ў Берліне.
– Тата расказваў, як жудасна, цяжка было, калі фарсіравалі Одру, як ішлі баі за Берлін. Ён і ўзнагароды за тыя бітвы меў: за вызваленне Варшавы, за фарсіраванне Одры, за акружэнне і ўзяцце Берліна, -- дзеліцца Тэрэса. – А на памяць пра вайну ў яго засталася лыжка з нержавеючай сталі (прынёс з Нямеччыны) – даражыў ёй, толькі з яе і еў. Яна цяпер у майго брата захоўваецца.
Пасля вяртання ў родныя мясціны Антон ажаніўся на аднавяскоўцы Браніславе.
– У 1948-м яны пабраліся шлюбам. Мама сіратой да таго часу засталася, ды яшчэ з маленькай сястрычкай на руках. Гаспадарку вялікую трымала. Таму калі тата пачаў да яе заляцацца, сказала канкрэтна: калі несур’ёзны намер мае, то няма чаго і хадзіць, – прыгадвае матчын расказ жанчына.
Маладыя сталі жыць у жончынай хаце, у іх нарадзілася трое дзяцей.
Антон Антонавіч усё жыццё адпрацаваў у калгасе: спачатку на коннай жатцы шчыраваў, потым паляводам, на ферме ветсанітарам быў, а тады пайшоў у будаўнічую брыгаду.
– Бацька быў у мяне строгім, патрабавальным, і сам працаваў, і нам з братамі па гаспадарцы работы “наразаў”. А пасля таго, як маці злягла ў бальніцу, ды яму давялося за ўсімі справамі хатнімі наглядаць, то казаў, што і да гэтага ёй дапамагаў, але як сам паспытаў, колькі яна работы робіць, яшчэ больш дапамагаць будзе, – гаворыць Тэрэса і працягвае: – Тата і мама былі з набожных сямей і нас да веры прывучалі. Да касцёла ў Кямелішкі хадзіць было далёка – не кожны раз выпадала. Але штораніцу дома мы маліліся, а штонядзелю – гаварылі ружанчык, укленчыўшы на калені.
Дагэтуль у памяці дачкі ветэрана засталося ўшанаванне герояў вайны:
– Да кожнага пад’язджалі да хаты, на гармоніку чалавек з Некрашун ім “Дзень Перамогі” граў – аж сэрца заходзілася. Чакаў тата 9 Мая… І ўдоваў ветэранаў запрашалі на свята, падарункі ім давалі.
– Ён не скардзіўся на здароўе, але раптам на вачах пачаў сохнуць, еў слаба, – узгадвае апошнія дні жыцця бацькі жанчына. – 13 студзеня паехаў у бальніцу ў Каменку, тады адправілі на Гродна, вярнуўся дамоў, а 11 красавіка яго не стала… Печань хворая аказалася… У 57 на той свет пайшоў -- у 1982 годзе.